Каким видит возрождение ОАО «Уречский» самый молодой на Любанщине руководитель

Сатварыў сабе куміра

Мікалай Чэркас: «Бацька з маці прывучылі мяне да сялянскай працы. Цяпер з жонкай імкнемся так выхоўваць сына»

Трыццацідвухгадовы Мікалай ЧЭРКАС — самы малады сярод паўтара дзясятка кіраўнікоў любанскіх сельгаспрадпрыемстваў. У арсенале дырэктара ААТ «Урэцкі» тры адукацыйныя дакументы: пасведчанне з адзнакаю аб заканчэнні Любанскага прафтэхвучылішча сельскай гаспадаркі № 201, дыплом тэхніка-агранома, атрыманы ў Мар’інагорскім дзяржаўным ордэна «Знак Пашаны» агратэхкаледжы імя Уладзіміра Лабанка, і дыплом выпускніка аграфака Белдзяржсельгасакадэміі.

Старшыню Любанскага райвыканкама Валерыя Мельніка радуе: гаспадарка, якую сёлета ўзначаліў малады спецыяліст, актывізуе вытворчую дзейнасць. Аднымі з першых у раёне ўрэцкія хлебаробы завяршылі веснавыя палявыя работы і актыўна нарыхтоўваюць кармы. 

Статны шыракаплечы Мікалай Чэркас шчыра прызнаецца, што зараз кожны працоўны дзень пачынае з аб’езду лугоў і хлебных ніў. ААТ «Урэцкі» — адно з найбольш буйных сельгаспрадпрыемстваў Любаншчыны, спецыялізуецца на вытворчасці малака, ялавічыны і зерневых культур. Амаль 3000 гектараў збожжавых, палову ад гэтага складае кармавая кукуруза. Значныя масівы акультураных лугоў і сенажацяў. У апошнія дні чэрвеня завяршаюць першы ўкос траў. Пры плане нарыхтоўкі 10 000 тон сенажу закладзена звыш 8000 тон. Ва ўмацаванні кармавой базы малады кіраўнік бачыць перспектыву жывёлагадоўчай галіны. Акрамя дзвюх малочна-таварных і адкормачнай ферм, з фінансавай падтрымкай ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат» завершана будаўніцтва малочна-таварнага комплексу «Дарасіно» на 700 дойных кароў. Мікалай Уладзіміравіч упэўнены, што да канца года атрымаецца запоўніць комплекс маладняком. 


– Племянных цялушачак адбіраем на сваіх фермах, а таксама закуп­ляем у насельніцтва і ў іншых гас­падарках. Фарміруем статак чорна-пярэстай пароды. Для засвойвання новых тэхналогій наведваю жывёлагадоўчыя фермы лепшых гаспадарак Міншчыны, раюся з вопытнымі спецыялістамі. Штодзённа бываю на нашых фермах, гутару з жывёлаводамі. Адчуваю, што працаўнікі адклікаюцца на ўвагу да іх. Я ж сам з сялянскай сям’і. Бацька Уладзімір Іванавіч пасля заканчэння Пінскага індустрыяльна-педагагічнага тэхнікума выкладаў у Любанскім прафтэхвучылішчы № 201. А потым быў інжынерам у райаграсэрвісе. 

Праца на зямлі мяне вабіла з дзяцінства. У нас на падворку быў трактар ЮМЗ. Кіраваць ім, як і чытаць буквар, навучыўся адначасова. У полі мелі ўчастак, і бацька браў мяне з сабою. Два гады таму бацькі не стала. ЮМЗ не стаіць без справы. Кіраваць ім навучыўся мой сямігадовы сын Іванька. Праца на зямлі і яго цікавіць. 

— Фёдар Дастаеўскі пісаў, што «нараджацца і ўзыходзіць нацыя, у агромністай пераважнасці сваёй, павінна на зямлі, на глебе, на якой хлеб і дрэвы растуць». У сялянскай сям’і звычайна аснова ўсяго — традыцыі, адшліфаваныя вякамі. Што паўплывала на ваш выбар прафесіі?

— Выхаванне. Пасля базавай школы сельскагаспадарчую прафесію атрымаў у Любанскім прафтэхвучылішчы № 201. На выдатна закончыў вучобу і засвоіў кіраванне сямю відамі тэхнікі. На працу размеркавалі ў любанскую гаспадарку «Юрковічы». Два гады летам на МТЗ-80 падкошваў пашу, падвозіў ваду да статка на луг, зімою абслугоўваў жывёлагадоўчыя фермы. Кіраўнік гаспадаркі Мікалай Бойка параіў паступаць вучыцца далей. Так з яго лёгкай рукі і стаў аграномам.

Пасля заканчэння Мар’інагорскага дзяржаўнага ордэна «Знак Пашаны» агратэхкаледжа імя Уладзіміра Лабанка працаваў брыгадзірам. Тады адчуў, што ведаць толькі аграномію — мала. Пачаў унікаць у тэхналогію жывёлагадоўлі. Брыгадзір — міні-кіраўнік, які павінен ведаць усе вытворчыя працэсы. 

Вышэйшую адукацыю атрымліваў завочна, калі працаваў галоўным аграномам любанскай гаспадаркі «Атраднае-Агра». Кіраваў ёю вопытны хлебароб Віктар Іванавіч Біёнчык. Шмат карыснага пераняў у яго.

Прафесія агранома спалучае веды інжынера, эканаміста, бухгалтара, заатэхніка. У сельгасакадэміі комплексная падрыхтоўка спецыялістаў, што вельмі важна ў вытворчай дзейнасці. У акадэміі вывучалі і асновы меліярацыі. Запомніліся практычныя заняткі па батаніцы, ахове раслін. Гэта даволі дакладныя навукі. Пры нязначнай хібнасці можна страціць вынік карпатлівай працы, асабліва пры апрацоўцы пасеваў хімікатамі. На фоне гэтых прыкладных дысцыплін вышэйшая матэматыка непараўнальна давалася лягчэй.

Дыплом вучонага-агранома атрымаў на паса­дзе кіраўніка ААТ «Атраднае-Агра». Паўгода кіраваў гаспадаркай, а потым яе аб’ядналі з суседняй «Рачэнь», дзе стаў намеснікам дырэктара па вытворчасці. Узначальваў калектыў мой равеснік Максім Мацяс. Менавіта там прайшоў багатую школу кіравання. Калектыў эфектыўна працаваў. Ад кожнай каровы атрымлівалі звыш 6000 кілаграмаў малака. Ураджайнасць збожжа перавышала 40 цэнтнераў з гектара, і гэта пры натуральнай урадлівасці зямлі ў 27 балаў!.. 

У 25 гадоў узначаліў размешчаную на тарфяніках гаспадарку «БВА». У сельгасакадэміі вывучаў асаблівасці земляробства на такіх землях. Веды надта спатрэбіліся. Пераглядаў канспекты, знаёміўся са спецыяльнай навуковай літаратурай. Засвойваў і асновы жывёлагадоўлі, пашыраў знаёмства з інжынернай справай. Часта наведваўся ў гаспадарку тагачасны старшыня райвыканкама Алег Галоўчыц. Цікавіўся справамі калектыву, калі было неабходна, падказваў, якое прыняць рашэнне. Падтрымка надавала ўпэўненасці, з’яўлялася жаданне крочыць далей.

— А ці знаходзіўся час на асабістае жыццё?

— Канешне, хаця на першым плане — справа. Усё належным чынам склалася ў мяне. На заручынах у сваякоў пазнаёміўся з Вікторыяй. Яе маці прыехала на Любаншчыну з багатай на ганчароў палескай вёскі Лука. У Любані Вікторыя вырасла. З вяселлем не марудзілі. У вёсцы Атраднае атрымалі ад гаспадаркі тыпавы домік. Там пакуль і жывём. Вікторыя — медработнік у раённай бальніцы. 

— З мінулай восені працуеце ў ААТ «Урэцкі». У былыя гады гаспадарка лідзіравала на Любан­шчыне. Якой вы яе прынялі?

— Калі ўзяўся за гуж, не кажы, што не дужы. Прыняў з вялікімі запазычанасцямі. Але адчуваю, што патэнцыял адраджэння ёсць. Важна людзей настроіць на працу. Дзеля гэтага з галоўнымі спецыялістамі аналізуем і задзейнічаем нявыкарыстаныя рэзервы. Адчуваю падтрымку старшыні райвыканкама Валерыя Мельніка, яго першага намесніка Аляксандра Цярэшкіна, раённых спецыялістаў. 

Распрацавалі мерапрыемствы па эканамічным развіцці гаспадаркі і рэалізуем іх. Перамены да лепшага відавочны. Пачалі рамонт жывёлагадоўчага памяшкання на ферме «Урэчча». Павялічым пагалоўе кормнікаў. Рэалізацыя малака і ялавічыны дасць дадатковыя фінансавыя паступленні. 

Наладжваем справы па выкарыстанні арганічных угнаенняў. Раней іх складзіравалі на палях, гадамі яны злежвалася. Пад культуры мала ўносілі. Вясною кожны гектар атрымаў па 60—70 тон арганікі. Па структуры ўрадлівасці нашы землі неаднолькавыя. Фінансаў на набыццё мінеральных угнаенняў няма, таму запраўляць палі будзем арганікай.

— На якія культуры зрабілі стаўку?

— На яравую пшаніцу. Прагледзелі структуру па- сяўных плошчаў і паспелі іх памяняць. Сярод найбольш важных праблем гаспадаркі — катастрафічны недахоп жывёлаводаў, механізатараў, спецыялістаў. Калектыў у бліжэйшы час папоўняць выпускнікі Мар’інагорскага дзяржаўнага агратэхнічнага кале­джа імя Уладзіміра Лабанка і Белдзяржсельгасакадэміі. Чакаем і выхаванцаў Любанскага дзяржагратэхліцэя.

— А з чаго пачыналі дырэктарства?

— Са знаёмства з калектывам. Гутарыў з меха-нізатарамі, жывёлаводамі, спецыялістамі. Многія страцілі веру ў поспех. Паабяцаў больш высокія заробкі. Скептыкі не паверылі. І дарма. Аптымісты на месяц раней атрымалі большыя грашовыя выплаты. Цяпер увесь калектыў на іх раўняецца. 

— Адкуль сродкі бераце?

— Аптымізавалі адміністрацыю і іншыя вытворчыя структуры. Лішнія пасады скарацілі. Атрымалася эканомія фонду заработнай платы. Спецыялісты атрымліваюць штомесячна да паўтары тысячы рублёў, а ў механізатараў і жывёлаводаў заробкі яшчэ большыя. З тымі, хто абы-як працаваў, развіталіся. 

— Чым зараз заклапочаны малады кіраўнік?

— Нарыхтоўкай кармоў. Каб хуткімі тэмпамі весці работу, узялі ў арэнду тэхніку ў Мінскім райаграсэрвісе. На сенажацях працуюць прыезджыя механізатары. Размясцілі іх у інтэрнаце. Забяспечваем трохразовым гарачым харчаваннем. Абеды заказваем у сталоўцы.

— А сваю сталоўку не плануеце адкрыць?

— Распрацавалі праект рэканструкцыі былога адміністрацыйнага памяшкання ва Урэччы. Там завяршаюцца работы, і да жніва сталоўка пачне дзейнічаць.

— Якой бачыце перспектыву гаспадаркі?

— Намераны развіваць жывёлагадоўлю. Будзем павялічваць дойны статак. У нас ёсць усе магчымасці забяспечваць пагалоўе сваімі кармамі. Павялічыцца вытворчасць малака і мяса — вырастуць і заробкі. 

— Кажуць: не ствары сабе куміра. А ў вас ён ёсць?

— Мой кумір — бацька. Ён быў працавітым чалавекам, і разам з маці нас з сястрою Святланай да працы прывучалі. Цяпер з жонкай Вікторыяй імкнемся так выхоўваць сына — каб было каму працягваць дынастыю хлебаробаў. 

subbat50@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter