Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Сардзінія купалася ў музыцы

Прыгожы падарунак да праваслаўнага Раства Хрыстова для шматлікай дыяспары постсавецкай прасторы на востраве Сардзінія зрабіў квартэт “Music Kvatro” з Бабруйска

Для жыхароў горада Кальяры, сталіцы італьянскага вострава Сардзінія, канцэрты ад беларускіх артыстаў на праваслаўнае Раство — гэта ўжо традыцыя. Летась у нас выступала салістка Брэсцкай абласной філармоніі Жанна Версо ў суправаджэнні ансамбля “Рапсодыя”. А раней сардзінцы сустракалі танцораў заслужанага калектыву Беларусі “Харошкі”. Першы ж такі канцэрт на праваслаўнае Раство, з удзелам беларускіх творчых гуртоў, адбыўся ў 2010-м.

Квартэт “Music Kvatro” з Бабруйска

Сёлета ж у кальярскім тэатры “Auditorium Comunale” з праграмай “Феерыя гукаў на Раство” выступіў квартэт “Music Kvatro” з Бабруйска. Удзельнікаў і гасцей свята віталі прадстаўнікі Прэзідыума Аўтаномнага рэгіёна Сардзінія і Мэрыі горада Кальяры, а таксама Праваслаўнай царквы Маскоўскага Патрыярхата і Каталіцкай царквы. Пад  час канцэрта гучалі творы ў розных стылях і жанрах: славянская народная музыка, класіка ў сучаснай апрацоўцы, эстрадна-джазавыя кампазіцыі.

У складзе квартэту — салістка Вольга Аўсейка, вакаліст і скрыпач Сяргей Мітчанкаў, кантрабасіст Валеры Наркевіч, піяніст і ўдарнік Яўген Гіршын. Творчы шлях гурта пачаўся ў 2010 годзе: тады музыкі аб’ядналіся ў калектыў “Каниффоль-джаз”, які не раз удзельнічаў у Міжнародным джазавым фестывалі-конкурсе “JAZZfontanas” у літоўскім Панявежысе. З прыходам у квартэт таленавітай вакалісткі Вольгі Аўсейкі рэпертуар пашырыўся. Да джазавай музыкі дадаліся сучасныя папулярныя кампазіцыі, апрацоўкі народных мелодый розных краін: беларускія, рускія, яўрэйскія.

Беларускія артысты прадставілі сваю канцэртную праграму і ў Кальяры, і ў Сасары, другім па колькасці насельніцтва горадзе на востраве, а таксама ў Іглезіясе: ён стаў летась у кастрычніку горадам-пабрацімам Бабруйска. Святочныя імпрэзы праходзілі пад апекай Ганаровага консульства Беларусі ў Кальяры, пры падтрымцы Фонду Сардзініі, гарвыканкама Бабруйска.

Джузэпэ Карбоні, Ганаровы консул Беларусі ў г. Кальяры — рэгіён Сардзінія, Італія

Голас Радзімы № 3 (3555), чацвер, 18 студзеня, 2018 у PDF

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Загрузка...