Дзесяць гадзін раніцы, а паміж высокімі соснамі ўжо прабіваюцца гарачыя сонечныя промні. На пляцоўцы каля лагера «Зубраня» чакаюць аўтобусы і машыны суправаджэння ДАІ — юныя сірыйцы адправяцца сёння ў агратурыстычны комплекс «Наносы-Наваселле», дзе нам абяцалі вельмі цікавыя забавы.

— За лета наш лагер прыме трыста сірыйскіх дзяцей узростам ад дзесяці да чатырнаццаці гадоў: 150 чалавек прыехалі 28 мая і прабудуць у нас да 11 чэрвеня. Адразу пасля іх заедзе яшчэ адна група, — у чаканні дзяцей расказвае Валерый Шчамель, загадчык аддзела арганізацыі метадычнай работы. — У асноўным гэта дзеці, якія пацярпелі ад вайны. Сярод іх ёсць мусульмане, ёсць хрысціяне. Стараемся прымаць у разлік рэлігійныя асаблівасці, напрыклад, пры распрацоўцы меню.
У суправаджэнні выхавальнікаў, перакладчыкаў і медработніка да аўтобусаў высыпае гурт дзяцей. Майкі, джынсы, бейсболкі, вясёлыя вочы з цікавасцю разглядаюць новых людзей… Некаторыя прыветліва выклікаюць: «Добры дзень!»
Праграма міжнароднай беларуска-сірыйскай змены «Ад сэрца да сэрца» вельмі насычаная. Нашы юныя госці пабываюць у Мірскім і Нясвіжскім замках, у Мінску, дзе іх чакае аглядная экскурсія па горадзе з наведваннем Нацыянальнай бібліятэкі, аквапарка «Лябяжы» і дэльфінарыя «Нэма». І гэта не лічачы спартыўных гульняў і медыцынскіх аздараўленчых працэдур, канцэртаў і майстар-класаў, дыскатэк і квестаў… А сёння мы кіруемся на выспу, што выдаецца ў возеры Нарач, дзе і размясцілася вёска Наносы.
Старажытныя млын, канюшня, мяшчанскія дамы, брукаваныя вуліцы і гандлёвая плошча агратурыстычнага комплексу быццам пераносяць нас гадоў на трыста назад, і некаторых гэта вельмі ўражвае.
— Вы, як і мы, любіце старажытныя прыгожыя будынкі, і гэта нас яднае, — робіць выснову дзяўчынка па імені Лін. — Тут увогуле адчуваеш сябе як дома: і надвор’е ў Дамаску зараз такое ж, і зеляніны таксама шмат. Але ў нас усё роўна прыгажэй! — усміхаецца гарэза.

Яны ўсе вельмі прыветлівыя, смяюцца, з гатоўнасцю пазіруюць для фота. Але не-не ды і засумуюць раптам дзіцячыя вочы, быццам заўважыўшы нешта, нябачнае нам.
— Многія з іх сіроты, — тлумачыць Хані Мараўі, кіраўнік дэлегацыі. — Гэта дзеці герояў, якія загінулі падчас ваенных дзеянняў у Сірыі. Родам яны з розных гарадоў, рознай веры, але зараз жывуць і вучацца ў адной школе ў Дамаску. Паездка ў Беларусь стала падарункам для самых лепшых і таленавітых — тых, хто мае найвышэйшыя балы, танцуе, спявае, малюе. Кожны вечар мы абмяркоўваем убачанае, усім тут вельмі падабаецца. З нецярпеннем чакаюць знаёмства з беларускімі дзецьмі, якое адбудзецца падчас агульнага канцэрта.
Читайте также
Музей самавараў, у якім налічваецца 561 экспанат, выстава беларускіх грошай, дзе сабраны іх узоры, што дзейнічалі ў нас з I стагоддзя да 2017 года, коннае шоу, выстава рэтрааўтамабіляў — усё гэта так нова, так незвычайна. Усюды трэба паспець зрабіць сэлфі.
— Дзе вы бралі самавары? Так знаходзілі або куплялі? — цікавіцца праз перакладчыка практычны хлопчык Ібрагім. За тлумачэнне дзякуе самастойна: — Спасыба!
Увагу амаль усіх дзяцей прыцягнула тыбецкая чаша, што спявае. Па чарзе экскурсанты змочвалі рукі ў вадзе, гладзілі бакі чашы, каб вібрацыяй выклікаць яе «спевы» — нізкі басавіты гул.
Некаторую збянтэжанасць у радах перакладчыкаў вызвала ступа Бабы-ягі з нумарным знакам — давялося прыпомніць адпаведную гераіню сірыйскага фальклору. Праўда, у той была толькі мятла.
Крыху стомленых ад уражанняў гасцей запрасілі на чай з прысмакамі. Пасля чаявання на Гандлёвай плошчы для іх наладзілі канцэрт, а таксама кірмаш майстроў. Толькі тут сувеніры не прадаваліся — іх можна было змайстраваць самастойна. Папяровыя каласкі, якраз такія, што ўпрыгожваюць беларускі герб, саламяная «каза», сімвал дабрабыту, вязаныя кручком сурвэтачкі і многае іншае рабілі юныя сірыйцы з дапамогай майстроў.
nevmer@sb.by