Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

У Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры прайшоў эстрадны канцэрт лаўрэатаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі

Сапраўдным талентам адкрытая дарога

Хоць і называюць часам таленты дарам Нябёсаў, аднак вядома: каб тыя дзівосныя “зярняты” прараслі, закаласілі ў поўную сілу, патрэбна й “спрыяльная глеба”. Прычым не абавязкова цяплічныя ўмовы — хутчэй наадварот: варта вучыць тых, хто мае талент, развіваць яго, змагацца за месца пад сонцам. 22 гады дзейнічае ў Беларусі спецыяльны фонд, і назапашаны ўжо вялікі досвед комплекснай падтрымкі таленавітай моладзі — ад маленства да ўступлення ў дарослае жыццё.

Спявае Дарэна Ігнаценка

Творчыя справаздачы лаўрэатаў спецфонду ладзіліся і раней — эстрадны ж канцэрт прайшоў у Мінску ўпершыню. Нагадаем: ужо 2624 таленавітыя музыканты, мастакі, танцоры, артысты цыркавога жанру ды іншых напрамкаў мастацтва і 195 творчых калектываў фонд не проста заўважыў, але й заахвоціў, адзначыў рознымі ўзнагародамі. А вышэйшая — Гранд-прэмія — прысуджалася 434 разы. І ўсе яе ўладальнікі — пераможцы буйных міжнародных мастацка-творчых спаборніцтваў. Гэта, напрыклад, Моладзевыя дэльфійскія гульні (Дарэна Ігнаценка, Алёна Клімовіч), Французкі музычны конкурс (Анастасія і Дар’я Лукашэнкі), Міжнародны конкурс “Дзіцячая новая хваля” (Руслан Асланаў), Міжнародны конкурс артыстаў балета ў Астане (Канстанцін Геронік) ды іншыя конкурсы.

Вітаючы артыстаў, Міністр культуры Беларусі Юры Бондар выказаў надзею, што гадоў праз 15-20 гэта ўжо будуць майстры сцэны, якія самі ўвойдуць у журы конкурсаў, каб перадаць творчую эстафету наступнікам.

Канцэрт атрымаўся — на славу: хоць сёння вязі яго па Беларусі ды ў замежжа. Будуць аншлагі!

Голас Радзімы № 18 (3570), чацвер, 17 мая, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter