Дырэктар выдавецтва «Мастацкая лiтаратура» паэт Алесь Бадак распавёў, як маладому літаратару пачаць шлях да папулярнасці

Сапраўдная лiтаратура ўмее чакаць

Шмат хто з беларускiх пiсьменнiкаў дэбютаваў у выдавецтве «Мастацкая лiтаратура». Яго сённяшнi дырэктар, вядомы паэт Алесь Бадак, спазнаў на сабе, як гэта — спрабаваць сцвердзiцца ў вялiкай лiтаратуры, якiя цяжкасцi сустракаюцца на шляху. Дапамагаць маладым iх пераадольваць — задача выдаўцоў, як прагучала падчас сустрэчы Прэзiдэнта з творчай моладдзю, якой, у сваю чаргу, Аляксандр Лукашэнка параiў не шукаць славы, а нястомна працаваць, развiваць свае здольнасцi. Таму першае пытанне: якiм быў шлях самога Алеся Мiкалаевiча да першай кнiгi?

— Не самы доўгi: мой першы зборнiк выйшаў, калi мне было 23 гады. Але я i пiсаць, i друкавацца пачаў рана. Выхад першай кнiгi — о, гэта было такое свята! Ды што там кнiгi, памятаю, як за год да гэтай падзеi ў кнiгарнях з’явiўся традыцыйны для таго часу «Тэматычны план выдавецтва «Мастацкая лiтаратура» 1989 года». Я павёў у Цэнтральную кнiгарню Мiнска сваю аднакурснiцу, каб паказаць ёй гэты тэматычны план, быццам павёў яе, каб паказаць «Джаконду» Леанарда да Вiнчы!

— Калi б ты быў сённяшнiм маладым лiтаратарам, з чаго пачаў бы шлях да папулярнасцi?

— Я баюся слова «папулярны» ў дачыненнi да пiсьменнiкаў. Так, папулярнымi былi Караткевiч, Шамякiн. Але такiмi iх зрабiў чытач. Я памятаю вечарыну Вазнясенскага ў нашым Рускiм драматычным тэатры ў сярэдзiне васьмiдзясятых. На пытанне пра папулярнасць ён адказаў, што адчуў яе па–сапраўднаму, калi пачаў пiсаць песнi, i менавiта тады зразумеў, што такое сапраўднае багацце. Аўтарскiя адлiчэннi тады i праўда былi прыстойныя. Я пачаў актыўна пiсаць песнi ўжо ў пачатку дзевяностых, калi сiтуацыя была зусiм iншая. Неяк падчас заключнага канцэрта тэлевiзiйнага песеннага фестывалю я выходзiў на сцэну, мне ўручалi кветкi, а пасля за кулiсамi я павiнен быў гэтыя кветкi вярнуць, каб iх уручылi наступнаму аўтару. Аднойчы заходжу ў бухгалтэрыю i разумею, што iм самiм сорамна называць налiчаную мне суму. А ў адказ на маё пытанне «гэтак жа, напэўна, было не заўсёды» прывялi прыклад: калi сабраць усе адлiчэннi Нiлу Гiлевiчу толькi за «Вы шумiце, бярозы», можна было купiць новую машыну. Безумоўна, папулярнасць Гiлевiчу найперш прынеслi песнi. Але сёння гэта марны шлях да славы, паколькi ў цяперашнiх песень, на жаль, вельмi кароткае жыццё. Самае важнае для маладога аўтара не стаць папулярным, а стаць асобай. Пiсаць, не падладжваючыся пад сярэднестатыстычнага чытача альбо пад модныя лiтаратурныя кiрункi, а выпрацоўваць свой стыль.

— Якiя ўмовы табе патрэбныя для творчасцi? Калi лепей пiшацца?

— Мне патрэбная прастора, няхай сабе мiнiмальная, але каб можна было рухацца — туды–сюды. I чым ярчэй у свядомасцi праступаюць нейкiя вобразы, дыялогi, тым больш гэта адбiваецца на хадзе. Пры гэтым я нiкога не бачу i не чую, таму мне асаблiва нiхто не замiнае, калi толькi не спрабуе са мной загаварыць. Многiя вершы нараджаюцца на вулiцы: хада настройвае на пэўны рытм, музыку, на якую кладуцца словы.

— Чым можна матываваць тых, хто iдзе ў беларускую лiтаратуру?

— Адным не трэба нiякай матывацыi, яны проста атрымлiваюць кайф ад пiсання, нават калi не ўпэўненыя, што ўсё гэта пасля будзе выдадзена кнiгай. Такiм паэтам быў Мiкола Купрэеў. Iншым важна ведаць, што ў iх ёсць чытачы, што iх любяць. Такiм быў Уладзiмiр Караткевiч. Сёння сапраўды на кнiгах не заробiш. Але ж такая сiтуацыя ва ўсiм лiтаратурным свеце. Найбольшы прыбытак са сваёй працы маюць тыя, хто пiша лёгкае чытво, з’яўляецца неад’емнай часткай кнiжнага бiзнесу. Ды i тут багатымi становяцца адзiнкi, паколькi кнiжны рынак адкрыты, канкурэнцыя вялiкая, кнiгi выдаюцца, што булачкi пякуцца, пастаянны канвеер, таму i мода на такiх аўтараў, як на новыя мадэлi мабiльнiкаў, кароткачасовая. Але нават у таго, хто пiша сур’ёзную лiтаратуру i марыць выдавацца не толькi ў Беларусi, ёсць шанс для самарэалiзацыi. Нядаўна на адным з iнтэрнэт–форумаў чытаў дыскусiю пра тое, цi можна беларускамоўнаму аўтару стаць запатрабаваным у Еўропе. Некаторыя катэгарычна заяўлялi, што не, бо, маўляў, толькi ў вялiкiх дзяржавах нараджаюцца вялiкiя пiсьменнiкi i толькi на вялiкiх мовах ствараюцца генiяльныя творы. Мне такая думка падаецца глупствам: нельга вымяраць талент па плошчы краiны яго нараджэння. Ёсць шмат сусветна вядомых пiсьменнiкаў з невялiкiх краiн, i з Беларусi таксама.

— Чаго больш нясуць у выдавецтва — паэзii цi прозы?

— Проза заўсёды была больш запатрабаваная, чым паэзiя, паколькi яна размаўляе з чытачом на больш унiверсальнай мове. Памятаеш, як пачынаецца славутае «Дзiкае паляванне караля Стаха»: «Я стары, я нават вельмi стары чалавек. I нiякая кнiга не дасць вам таго, што на ўласныя вочы бачыў я, Андрэй Беларэцкi, чалавек дзевяноста шасцi год». Усё, ужо не важна, хто ты, чытач, i колькi табе гадоў: ты ўжо прыадчынiў дзверы ў загадкавы свет, прыдуманы Караткевiчам, табе цiкава, што ж такое на ўласныя вочы бачыў Андрэй Беларэцкi. I вось цудоўны верш таго ж Караткевiча «Снягiр», якi пачынаецца радкамi:

О радзiма, мой светач цудоўны, адзiны,
Явар мой, мой агнiсты снягiр на сасне...

Радзiма — явар, снягiр. Такое параўнанне яшчэ трэба ўявiць. Аматар паэзii ў працэсе чытання як бы па–новаму перастварае яе для сябе, накладвае на яе свае эмоцыi, свае асацыяцыi. А гэта далёка не кожнаму дадзена. Але ў выдавецтвы часцей прыносяць вершы, чым прозу. У тым лiку i тыя, каму пiсаць катэгарычна забаронена. Такому чалавеку працэс стварэння паэзii ўяўляецца вельмi простым i даступным заняткам. Ён запомнiў са школы, што верш Канстанцыi Буйло «Люблю наш край, старонку гэту, дзе я радзiлася, расла» стаў класiкай, i падумаў: дык i я так магу. I плывуць няспынным патокам у рэдакцыi i выдавецтвы з усiх куткоў Беларусi вершы з прызнаннямi ў любовi да свайго краю а-ля Канстанцыя Буйло. Рэдактары адмовяць у публiкацыi такога твора — ну нiчога. Аўтар за вечар новы напiша. А раман цi аповесць напiсаць — тут трэба не дзень i нават не тыдзень патрацiць.

— Што ты сёння раiш пачаткоўцам?

— Не баяцца цяжкасцей i не даваць сабе самiм слабiны: маўляў, ат, будзе добра i так, у iншых жа вось i рыфма прыблiзная, i радкi каструбаватыя, i сюжэт банальны, а друкуюцца, кнiгi выдаюць. Не трэба спакушацца сённяшнiмi магчымасцямi тут жа паказаць свой новаспечаны твор усяму свету. Свет пачакае дзень–другi, але нiколi не даруе вам спешкi.

rubleuskaja@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter