На телеканале «Беларусь 3» – новые выпуски проекта «Жывая спадчына» о традициях белорусов

Сапраўдная Беларусь

Самая культурная кнопка айчыннай тэлепрасторы працягвае знаёмiць гледачоў з традыцыямi i iх носьбiтамi, для якiх спадчына продкаў — не толькi памяць, але i жыццё

У наступным месяцы праекту «Жывая спадчына», якi выходзiць на тэлеканале «Беларусь 3», споўнiцца чатыры гады. За гэты час аўтар сцэнарыя i рэжысёр праграмы Надзея Габец падрыхтавала каля 85 выпускаў пра ўнiкальныя звычаi, што трапiлi ў Спiс нематэрыяльных гiсторыка‑культурных каштоўнасцей нашай краiны. Але працы, сцвярджае Надзея, яшчэ шмат: кожны год спiс дзякуючы намаганням гiсторыкаў, этнографаў i энтузiястаў толькi пашыраецца. Калi пачыналiся здымкi, iнвентар налiчваў 66 элементаў нашай нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Сёння ў iм значыцца ўжо 105 найменняў. Iх можна знайсцi на спецыялiзаваным рэсурсе Мiнiстэрства культуры livingheritage.by.


Спачатку праект, калi хто памятае, называўся «Жывая культура». Але з новай назвай, лiчаць яго стваральнiкi, толькi выйграў. Бо спадчына — гэта звычаi, традыцыi, веды, тэхналогii ды мова, якiя перададзены нам продкамi з рук у рукi, з вуснаў у вусны, ад сэрца да сэрца як каштоўныя знакi памяцi.
Яны могуць знiкнуць назаўсёды, калi мы не захаваем iх, каб перадаць сваiм дзецям i ўнукам, ад пакалення да пакалення, праз час i прастору.
Дарэчы, i з часам, i з прасторай ёсць свае цяжкасцi, не ўтойвае Надзея Габец:

— На вялiкi жаль, застаецца ўсё меней тых, хто памятае i захоўвае традыцыi нашых продкаў. Бабулi ды дзядулi сыходзяць, моладзь з’язджае ў горад, няма каму працягваць справу… Напрыклад, калi мы рыхтавалi праграму пра культуру бандарнiцтва ў Iванаўскiм раёне Брэсцкай вобласцi, сутыкнулiся з праблемай: у жывых ужо не засталося тых майстроў, якiя рабiлi бочкi спакон веку. У горадзе працуе дзiцячая школа, якая захоўвае i папулярызуе гэтае народнае рамяство, але гэта зусiм не тое… Таму нам давялося шукаць бондара не тое што ў Iванаўскiм раёне — па ўсёй Брэсцкай вобласцi! Каб толькi пабачыць тыя сапраўдныя драўляныя нарыхтоўкi…

У пошуках гэтай «сыхо­дзячай натуры» здымачнай групе дапамагаюць не толькi супрацоўнiкi сельсаветаў, але i мясцовыя жыхары. Часта шукаць носьбiтаў i захавальнiкаў традыцый прыходзiцца амаль што у рэальных палявых умовах, распавядае Надзея:

— Напрыклад, iдзе адна суседка да iншай i пытае, гатуе яна яшчэ тую аўтэнтычную страву цi не. Такiм чынам, мы збiраем гэтыя гiсторыi ўсёй грамадой. Ёсць яшчэ цiкавыя прыклады, калi па розных жыццёвых абставiнах людзi пераязджаюць у iншы рэгiён краiны (як варыянт — з поўначы на поўдзень), там знаёмяцца з нейкiмi мясцовымi традыцыямi, працягваюць iх i праз час самi становяцца носьбiтамi гэтых традыцый.

 Праект «Жывая спадчына» выходзiць на «Беларусь 3» з аўторка па пятнiцу ў 17:25.
Падрыхтоўка аднаго выпуску праекта, якi iдзе ў эфiры 26 хвiлiн, — праца карпатлiвая i марудная. Звычайна адна камандзiроўка доўжыцца тры днi, яшчэ дзён пяць‑шэсць адводзiцца на напiсанне сцэнарыя i мантаж праграмы. Планы камандзiровак Надзея рыхтуе нашмат загадзя, бо частка абрадаў праходзiць у строга адведзены перыяд i толькi раз на год.


З калегамi Анатолем i Аксанай Вечар, у якiх на «Беларусь 3» выходзiць падобны па тэматыцы праект «Наперад у мiнулае», Надзея Габец канкурыруе, але па‑добраму:

— Не ведаю, як яны, але я гляджу кожную iх перадачу. Мне цiкава, як яны падаюць той цi iншы песенны элемент, як здымаюць. Безумоўна, дзесьцi мы перасякаемся, але падыход i падача тэмы ўсё роўна адрознiваюцца.

Тэматыка «Жывой спадчыны» самая розная. Напрыклад, у апошнiм выпуску гледачы даведалiся пра калядны абрад «Шчадрэц» у вёсках Рог i Восава Салiгорскага раёна Мiнскай вобласцi. Крыху раней — пра культуру ляснога бортнiцтва на прыкладзе Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласцi i абрад пераносу Мiхайлаўскай свячы ў аграгарадку Вяляцiчы Барысаўскага раёна Мiнскай вобласцi. А сёння ў эфiры «Жывой спадчыны», якi пачнецца ў 17:25, Надзея Габец распавядзе пра вясновы абрадавы карагод «Стрылка», якi праводзiцца ў вёсцы Бездзеж Драгiчынскага раёна Брэсцкай вобласцi.

leonovich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter