Сапраўдная акадэмія жыцця

У 1947-м гэта была аднагадовая школа плодаагароднінаводаў. Дзякуючы намаганням дырэктара Пятра Кашпура праз год установа была рэарганізавана ў Бабруйскую трохгадовую агранамічную школу, дзе прапаноўвалася набыць сярэднеспецыяльную адукацыю — стаць аграномамі шырокага профілю. Першымі ў лік навучэнцаў былі залічаны выдатнікі-аднагодкі — Сцяпан Какончык, Рыгор Сарока, Васіль Балыка і Мікалай Шчаглоў. Кіраўніцтву ўстановы трэба было адшукаць яшчэ 86 чалавек, каб сфарміраваць тры групы навучэнцаў па 30 чалавек. Так, не прыняць на навучанне, а менавіта адшукаць, бо крытэрыямі адбору будучых спецыялістаў сельскагаспадарчай галіны былі не толькі здольнасць да вучобы, жаданне атрымаць адукацыю, а яшчэ — погляды на жыццё, добры фізічны стан, імкненне прыносіць карысць і адказна працаваць.

У сёлетнім верасні спаўняецца 60 год з моманту першага пасляваеннага выпуску маладых аграномаў з Жыліцкага дзяржаўнага сельскагаспадарчага каледжа, што ў Кіраўскім раёне.

У 1947-м гэта была аднагадовая школа плодаагароднінаводаў. Дзякуючы намаганням дырэктара Пятра Кашпура праз год установа была рэарганізавана ў Бабруйскую трохгадовую агранамічную школу, дзе прапаноўвалася набыць сярэднеспецыяльную адукацыю — стаць аграномамі шырокага профілю. Першымі ў лік навучэнцаў былі залічаны выдатнікі-аднагодкі — Сцяпан Какончык, Рыгор Сарока, Васіль Балыка і Мікалай Шчаглоў. Кіраўніцтву ўстановы трэба было адшукаць яшчэ 86 чалавек, каб сфарміраваць тры групы навучэнцаў па 30 чалавек. Так, не прыняць на навучанне, а менавіта адшукаць, бо крытэрыямі адбору будучых спецыялістаў сельскагаспадарчай галіны былі не толькі здольнасць да вучобы, жаданне атрымаць адукацыю, а яшчэ — погляды на жыццё, добры фізічны стан, імкненне прыносіць карысць і адказна працаваць.

Пасляваенныя гады — час аднаўлення разбуранага жыцця. Установе патрабаваліся не толькі светлыя галовы, але і дужыя ўмелыя рукі.

Агранамічная школа размяшчалася ў жыліцкім маёнтку былога буйнага землеўладальніка пана Булгака — помніку архітэктуры XVIII—XIX стагоддзяў. Падчас Вялікай Айчыннай вайны маёнтак, які сучаснікі называлі беларускім Версалем, быў заняты фашыстамі, якія размясцілі ў яго цудоўных пакоях турму, стайню… Вось першым навучэнцам «трохгодкі» і трэба было ачысціць пакоі, зрабіць іх зручнымі для навучання і жыцця. Тут жа знаходзіўся і інтэрнат.

З успамінаў выпускніка 1951 года кіраўчаніна Рыгора Кагана: «…На залічэнне ў агранамічную школу прыбыло 300 юнакоў і дзяўчат. Калі кіраўніцтва ўстановы агітавала моладзь на вучобу, абяцалі, што прыём будзе весціся на аснове конкурсу атэстатаў, без уступных іспытаў. Аднак, здзіўленыя такой вялізнай колькасцю жадаючых стаць аграномамі, у сціслыя тэрміны перавырашылі і наладзілі іспыты. Конкурс склаў 3,5 чалавекі на месца. Большую частку навучэнцаў першага курса складалі хлопцы, дзяўчат былі адзінкі. Адначасова з вучобай пачаліся і нашы працоўныя будні. У першую чаргу прывялі ў парадак аўдыторыі і інтэрнат для дзяўчат, а вось інтэрнат для юнакоў павінен быў размясціцца ў былой канюшні. Пакуль мы — навучэнцы — сваімі сіламі прыводзілі памяшканне ў належны стан, спалі тут жа, на саломе…»

Навучэнцам пасляваеннага часу было непараўнальна складаней, чым цяперашнім. Многія з іх — сіроты, вайна пазбавіла родных і блізкіх, таму разлічваць на якую-небудзь дапамогу, падтрымку і чакаць перадачак з дому падстаў не было. Стыпендыя складала 120 рублёў, а ў выдатнікаў вучобы — 145. На гэтыя грошы трэба было і паесці, і апрануцца. А дзяўчатам і таго складаней — яшчэ здолець выкруціцца, каб набыць пацеркі і завушніцы, пудры і памады, панчохі і туфлікі, каб падабацца юнакам.

Жыліцкім тагачасным навучэнцам падтрымку аказвала кіраўніцтва агранамічнай школы. Якім чынам? Пры ўстанове вялася падсобная гаспадарка. Пасля заняткаў будучыя аграномы працавалі ў садах, вырошчвалі бульбу, памідоры, гуркі (заўважу: усе прысядзібныя работы вяліся на грамадскіх пачатках, без усякай аплаты). Падчас працы на ўчастках дазвалялася есці што хочаш і колькі хочаш. З сабранага ўраджаю складвалася меню мясцовай сталовай. Дарэчы, і там працавалі самі навучэнцы, яны заступалі ў «спецнарады», з іх жа ліку прызначаліся і дырэктары пункта харчавання, якія адказвалі ў тым ліку і за закуп у мясцовага насельніцтва мяса-малочнай прадукцыі. Найбольш складана было з хлебам. Так, менавіта са звычайным прадуктам харчавання. Яго тагачасныя навучэнцы заўсёды набывалі толькі за асабістыя сродкі. Абед у сталоўцы — першае, другое і кампот — каштаваў 27 капеек.

Аднак не ўсё было так журботна і складана. Маладосць ёсць маладосць! Кожную суботу пасля заняткаў і сельскагаспадарчых работ наладжваліся вечарыны адпачынку ў клубе, якія арганізоўвалі самі навучэнцы, безумоўна, з запальнымі танцамі. Дзякуючы намаганням тагачасных выкладчыкаў Ягора Львова і Леаніда Бабейкі з ліку навучэнцаў і работнікаў установы арганізавалі ансамбль музычных інструментаў і калектыў мастацкай самадзейнасці.

З успамінаў выпускніка 1951 года, жыхара горада Масты, Сяргея Сураўца: «Звычайна на канцэрты мастацкай самадзейнасці збіралася поўная глядзельная зала, а затым пачыналася вечарына. Асабліва любілі танцаваць «польку-бабачку», як тады гаварылася «праз нагу». Наогул, наша жыццё ў Жылічах было шматгранным і імклівым. Гэты час назаўсёды застанецца ў памяці як найшчаслівейшы перыяд. Жылічы засталіся ў сэрцы назаўсёды! Вучоба ў тутэйшай агранамічнай школе стала для нас сапраўднай акадэміяй жыцця. Многія з маіх аднакурснікаў зведалі тут пачуццё першага кахання, а некаторыя знайшлі сабе жонак…»

У памяці былых выпускнікоў засталіся найцікавейшыя лекцыі, якія чыталі прафесіяналы выкладчыцкай справы — Сяргей Мялешка, Мікалай Баянкоў, Мікалай Львоў, Леанід Бабейка... Карысны жыццёвы вопыт перадаваў студэнтам сакратар партыйнай арганізацыі дэмабілізаваны афіцэр Савецкай Арміі Дзмітрый Гурэвіч.

Старанне навучэнцаў засвойваць навуку праявілася і ў далейшым, пасля заканчэння «трохгодкі». Пяць выпускнікоў 1951-га скончылі агранамічную школу на выдатна. Многія павысілі сваю адукацыю і працягвалі вучобу ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, Гродзенскім сельгасінстытуце, Вышэйшай рэспубліканскай партыйнай школе.

З ліку тагачасных выпускнікоў атрымаліся выдатныя прафесіяналы ў сельскагаспадарчай галіне, якія пазней кіравалі калгасамі, — Яўген Фралоў, Рыгор Каган, Павел Дубінчык, Аляксандр Бабкоў, Дзмітрый Маслаў; працавалі сакратарамі райкамаў партыі — Леанід Здункевіч, Сяргей Суравец; абаранілі кандыдацкія дысертацыі — Леанід Макацерскі, Аляксандр Фёдараў. Павел Драгуноў і Уладзімір Зракаў служылі афіцэрамі ў Савецкай Арміі.

СЛАЎНЫЯ традыцыі, заснаваныя ў навучальнай установе больш за 60 год таму, перадаюцца з пакалення ў пакаленне. І сёння ёсць чым ганарыцца Жыліцкаму дзяржаўнаму сельскагаспадарчаму каледжу. Зараз тут па-ранейшаму рыхтуюць аграномаў, а таксама тэхнікаў-тэхнолагаў, плодаагароднінаводаў, арганізатараў вытворчасці. Штогод прыкладна трэцяя частка выпускнікоў паступае ў вышэйшыя навучальныя ўстановы.

Каледж актыўна наладжвае супрацоўніцтва з калегамі замежжа: групы навучэнцаў выязджаюць на стажыроўку ў Польшчу. Партнёр установы і агратэхнічны інстытут Фларэнцыі (Італія). Дзелавыя і сяброўскія сувязі наладжаны з Бранскай сельскагаспадарчай акадэміяй Расійскай Федэрацыі.

Яўгенія КАРАНКЕВІЧ

НА ЗДЫМКАХ: навучэнцы і выкладчыкі Жыліцкага сельскагаспадарчага каледжа тады — у 1951 годзе і зараз — у 2011-м.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter