Вышла в свет новая книга Зинаиды Дудюк «На пороге рая»

Сапраўднае шчасце

Ёсць такія рэчы, якія ніколі не згубяць сваю каштоўнасць, нават праз шмат гадоў. Асобныя моманты мы і працягваем фіксаваць, каб абвясціць: глядзіце, нарадзілася новая вечнасць, якая не праходзіць пешшу ды знікае за даляглядам і не пралятае знічкай і таксама знікае, як і не было яе.

Фото pixabay.com

Вось набыў выдадзеную нядаўна ў серыі «Бібліятэка Саюза пісьменнікаў Беларусі» (выдавецтва «Чатыры чвэрці», 2018 год) новую кнігу Зінаіды Дудзюк «На парозе раю». Прачытаў — не пашкадаваў. І вам, шаноўныя чытачы, прачытаць раю. Гэта якраз тое, што не праходзіць пехатой праз нас ды знікае за даляглядам альбо пралятае няўлоўна ды губляецца ў бясконцасці Сусвету. Гэта застаецца ў нас і застанецца для пакаленняў. Тут усё сучаснае жыццё-быццё. Канечне ж, як і належыць літаратуры — у мастацкім абагульненні. 

У анатацыі да кнігі як нельга лепей трапна сказана: «Персанажы аповесцей і апавяданняў новай кнігі Зінаіды Дудзюк перажываюць падзеі, якія цалкам мяняюць іх жыццё: Аляўціна («На парозе раю») паехала ў Германію на заробкі, каб дапамагчы сыну разлічыцца з пазыкаю, а ў выніку апынулася ў лагеры для бежанцаў; Клаўдзія («Рэванш») марыла пра сям’ю, а была вымушана бараніць жаночую годнасць ад дамаганняў уплывовых залётнікаў; Зоя («Вольны палёт») страціла ўсё, апынулася на сметніку, але здолела стаць патрэбнай людзям... Трапляючы ў трагічныя сітуацыі, гераіні кнігі ўсведамляюць: усё тое, што з імі адбываецца, яны ствараюць уласнымі ўчынкамі».

Суб’ектыўна ацэньваючы творы, на прозу Дудзюк гляджу як на гібрыд побытавага, гэта значыць імгненнага (па-руску гучыць дакладней — «сиюминутного») і непрамінушчага. Гарачыня пачуццяў ахоплівае, эмоцыі аўтара перадаюцца праз прыгожае слова. У суме гэтыя якасці твораў гарантуюць ім даўгавечнасць. 

А вось кніга, якая ўбачыла свет амаль дваццаць год таму. Толькі не спяшайцеся вінаваціць аўтара, маўляў, вы ж аглядаеце новавыдадзеныя кнігі, а гэта старызна. Дык вось: па-першае, кніга не можа быць старызнай, а па-другое, яна перавыдаецца якраз у гэтыя дні з істотнымі дапаўненнямі, але з той жа назвай: «След на вечным гасцінцы». Аўтар — Галіна Сутула, журналістка з Глыбокага. Чаму пішу менавіта пра яе? Бо захоўваю папярэднік, і творы ў ім сугучныя з маім успрыманнем свету і, не сумняваюся, з успрыманнем тых, хто таксама жыве ў глыбінцы. 

Для пераканаўчасці прыводжу прыклад — урывак з мініяцюры «Лепш позна, чым ніколі»: «…Ведала адну сям’ю. У іх хата — поўная чаша. Настойлівыя былі абое: і ён, і яна ўсе чэргі выстаялі, усяго дакупіліся. Як той чалавек казаў: «Усё застаўлена, засцелена, закладзена, нават плюнуць няма куды». Кругом дабра, дабра, дабра…

Амаль да старасці дажылі адзін на адзін з дабрабытам. Цешыліся-цешыліся, але не сагрэліся. Аказалася, не хапіла дробязі для сапраўднага чалавечага шчасця — не было ў іх дзетак. Мусіць, часу не хапіла. А нядаўна ўбачыла іх — шчаслівыя мама і тата. Дзяўчынку гадоў двух водзяць. Цешацца, хваляцца. Самі на дзяцей падобныя. 

Яшчэ адной сіратой менш стала. Яшчэ адной шчаслівейшай сям’ёй больш будзе: прынялі чужое дзіця, як роднае».

Сапраўды: лепш позна, чым ніколі.

Вось такія літаратурныя навіны. Наспяваюць новыя. Дык да новых сустрэч. 
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter