Перешагнут ли белорусские санатории через прошлогодний антирекорд?

Санаторыям прапісалі рэлакс

У мінулым годзе ўнутраны турызм прайшоў своеасаблівы стрэс-тэст: упершыню за апошнія 10 гадоў да нас прыехала на здзіўленне мала замежных гасцей. У санаторыях, напрыклад, недабралі да ўзроўню 2014-га 45 тысяч чалавек. У асноўным адмовіліся ад аздараўлення расiяне, якіх пачалі раптам палохаць цэны. Іх не адразу, але ж панізілі, папрацавалі над сэрвісам — і справа няхай і са скрыпам, але ўсё ж пайшла на лад. У студзені — верасні ў санаторна-курортных установах краіны пабывала 167 тысяч замежнікаў, а экспарт паслуг вырас больш чым на трэць і дасягнуў 123,6 мільёна рублёў. Калі так пойдзе і далей, то леташні антырэкорд у 195 тысяч прыезджых будзе-такі пройдзены.


Нагадаю пару лiчбаў. Усяго ў краіне працуюць 114 санаторна-курортных устаноў на 28,9 тысячы месцаў і 212 аздараўленчых на 37,3 тысячы месцаў. Сярэдняя запаўняльнасць санаторыяў пакуль зафіксавана на ўзроўні 81,5 працэнта. Спецыялісты прагназуюць, што сітуацыя з запаўняльнасцю выправіцца да канца года: цікавасць з боку ўсходніх суседзяў на зацяжныя навагоднія туры зноў вяртаецца. А вось цэны, якія раней у святочныя дні маглі падымацца на 30—40 працэнтаў, цяпер вядуць сябе больш сціпла і дадаюць максімум 7—12 працэнтаў. Ва ўсякім разе, так запэўніваюць у мясцовых санаторыях і здраўніцах. 

Гасцей гэта, безумоўна, радуе. А таксама той факт, што нашы санаторыі, па сутнасці, аналагі некаторых вядомых замежных устаноў. Напрыклад, адпачынак з радонавым ухілам у нас нічым не горшы, чым у Грузіі ці Пяцігорску, вада ў «Парэччы» з аднаго пласта, што і ў Друскінінкаі. Каб пабываць у бурштынавым пакоі, не абавязкова ехаць у Калінінград. Басейны з салігорскай соллю, аказваецца, не саступаюць па эфекце солям Мёртвага мора. Нядаўнія даследаванні паказалі, што солі ідэнтычныя, а брому ў нашай нават больш. За ўколамі СО2 можна не ехаць у Чэхію — з дапамогай іх навучыліся здымаць боль і ў нас, праўда, у касметалогіі яшчэ не выкарыстоўваюць. Ёсць свая азона- і кіслародатэрапія, як у Германіі; развіваецца фітатэрапія. На слыху ў нас — ванны з нафталанавай нафты, якімі славіцца Азербайджан. 

Намеснік генеральнага дырэктара ААТ «Белагра­здраўніца» Віктар Панамароў прыемна здзівiў: за апошнія паўтара года колькасць базавых працэдур пашырылі да такой ступені, што не ўсе адпачывальнікі паспяваюць на іх хадзіць. А намеснік дырэктара Дэпартамента па турызме Мінспорту і турызму Віталь Грыцэвіч, дарэчы, прымеціў новую тэндэнцыю: замест расiян, якія актыўна развіваюць свой унутраны аздараўленчы турызм, адпачываць і падлечвацца да нас прыязджаюць усё больш кітайцы ды арабы. На такіх кліентаў, на думку Грыцэвіча, i трэба рабіць стаўку. Грамадзяне гэтых краін усё часцей наведваюць нас па сваёй працы, спрабуюць і паслугі. А таму не перашкодзіла б персаналу пачаць вучыць хаця б англійскую мову ўжо цяпер — і не толькі на рэсэпшэне ці ў сталовай, але і адказным за працэдуры.

Другі праблемны момант, кажа Грыцэвіч, — стан нумароў. Цана для гасцей з далёкага замежжа, як правіла, не важная, яны ў першую чаргу глядзяць на стан апартаментаў і сэрвіс. Прычым прывыклі раўняцца на варыянты гатэляў міжнародных сетак. Альтэрнатыву ім, па ідэі, маглі б скласці люкс-нумары санаторыяў. Але далёка не ўсе змогуць цягацца па камфорце з «зорнымі братамі», а тых, што ёсць, можа аказацца недастаткова: амаль у кожным санаторыі сёння ёсць усяго па 2—3 люксы з розным начыннем. «Нам хацелася б зацікавіць кітайцаў і арабаў, да іх, думаю, падключацца багатыя Сінгапур і Ганконг. Але яны ведаюць толк у адпачынку, і іх трэба не расчараваць», — пазначае Грыцэвiч.

Віктар Панамароў падтрымлівае калегу і просіць звярнуць увагу: расiяне, латышы, літоўцы, эстонцы ў першую чаргу едуць да нас, каб вылечыць свае балячкі. Але ў арабаў і кітайцаў на першым месцы адпачынак і спа-паслугі. Адначасова яны могуць успомніць, што ў іх нешта шчыміць, коле, турбуе, і ўзяць дадаткова дапамогу доктара. Гэта трэба ўлічваць і пачынаць перабудоўвацца для працы на некалькі рынкаў.

Праўда, у саміх санаторыях не хаваюць хвалявання: кваліфікаванага персаналу для аказання спа-паслуг ім не хапае. Напрыклад, патрэбны спецыялісты з мед­адукацыяй не ніжэй за першую катэгорыю, але дзе іх узяць у часы кадравага дэфіцыту? І яшчэ адзін момант: не заўсёды персанал з належным піетэтам ставіцца да кліентаў. А людзі ж адпачываць прыехалі, расслабіцца. Ды і складана медыку зрабіць заўвагу, калі ў цябе на твары высыхае касметычная маска. Але ж канчатковы ўспамін пра адпачынак заўсёды грунтуецца на ўражаннях, якія складаюцца з дробязей.

druk@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter