Сан-Рэма па-беларуску

Лепшыя айчынныя хіты XX стагоддзя прагучаць на гэтым тыдні ў Маладзечне

Лепшыя айчынныя хіты XX стагоддзя прагучаць на гэтым тыдні ў Маладзечне

Па традыцыі ў пачатку чэрвеня напаўняецца мілагучнымі мелодыямі і каларытнымі словамі горад Маладзечна. Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі, які праходзіць тут ужо дваццаць год запар, збірае лепшых выканаўцаў краіны і адкрывае новыя зорныя імёны. Пераможцамі конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні ў Маладзечне ўжо станавіліся добра вядомыя сёння Ірына Дарафеева, Вікторыя Алешка, Дзмітрый Качароўскі, Наталля Тамела. Чыя зорка запаліцца на беларускім эстрадным небасхіле сёлета, можна будзе даведацца, прыехаўшы на фестываль у Маладзечна 7—8 чэрвеня або ўключыўшы тэлеканал “Беларусь 3” 8 і 9 чэрвеня ў 21.30 і 22.00 адпаведна.

Сёлетні фестываль юбілейны, таму арганізатары свята пастараліся зрабіць яго, хоць і мінімальнымі выдаткамі, сапраўды яркім. Усяго да свята музыкі Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі, галоўны арганізатар фестывалю, падрыхтаваў пяць праграм на розных пляцоўках Маладзечна, а таксама ў Чысці Маладзечанскага раёна. Адным з самых яркіх павінен стаць канцэрт “Лепшыя беларускія хіты XX стагоддзя”.

— Усе гады мы рабілі галоўную справу — спрыялi папулярызацыi беларускага музычнага мастацтва, — расказвае кіраўнік аркестра, народны артыст Беларусі Міхаіл Фінберг. —  На сёлетнім фестывалі ўпершыню маю магчымасць прадставіць тое, што людзі чакаюць на адкрытай пляцоўцы, — музыку, ад якой на сэрцы робіцца крыху лягчэй. “Топ-прытоп” раней рабілі з музыкай маскоўскай, а гэтая музыка наша, тых кампазітараў, аўтараў слоў і выканаўцаў, якія нарадзіліся ў Беларусі. Успомнім Лучанка, Мулявіна, Караткевіча, Куляшова, Панчанку, класікаў Якуба Коласа і Янку Купалу. Тым не менш усе песні гучаць сучасна — сучасным рытмам, пад сучасны акампанемент. І ўсё гэта адбываецца ў цэнтральным рэгіёне, у гора-дзе Маладзечне, які можна параўнаць хіба з італьянскім Сан-Рэма, дзе праводзіцца папулярны музычны фестываль італьянскай песні.

Удзел у фестывалі прымуць таксама Дзяржаўны ансамбль танца Рэспублікі Беларусь, прадстаўнік Беларусі на міжнародным конкурсе выканаўцаў падчас ХХII міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” Аляксандр Салаўёў і сімфанічны аркестр з Маладзечна. У час фестывалю выступяць і маладыя канкурсанты, усяго дваццаць адзін чалавек — па тры прадстаўнікі ад кожнай вобласці. Яны выканаюць адну кампазіцыю пад фана-граму мінус адзін, адну — у суправаджэнні аркестра. Упершыню яны выступяць на сцэне маладзечанскага амфітэатра, раней за выступленнямі канкурсантаў можна было сачыць толькі  ў мясцовым Доме культуры. Зменіцца і парадак жараб’ёўкі. Сёлета яна пройдзе па правілах конкурсу “Еўрабачанне”. Будзе толькі вядома, у якой частцы канцэрта праспяваюць артысты, а арганізатары форуму ўжо самастойна вызначаць чарговасць выступленняў канкурсантаў.

— Мы хочам правесці не проста конкурс, а зрабіць канцэрт добрага ўзроўню. Без жараб’ёўкі паслядоўнасці выступленняў атрымаецца пазбегнуць нумароў з падобнымі танальнасцю і мелодыкай, — растлумачыў маэстра Фінберг. — Наша задача — сабраць поўныя залы. Адпаведна, падыход да мерапрыемства павінен быць іншым, новым.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter