Самыя- самыя 53 юнакі

НАГАДАЕМ, заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь па грэка-рымскай барацьбе Яўген ЖУРАЎ вядомы далёка за межамі раёна. Надоўга ўславілі яго трэнерскі талент і любоў да аднаго з відаў барацьбы гадаванцы Бярэзінскай раённай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, сярод якіх 20 кандыдатаў у майстры спорту, 8 майстроў спорту.

Рэспубліканскі турнір па грэка-рымскай барацьбе на прызы заслужанага трэнера Рэспублікі Беларусь Я. М. Журава прайшоў у Бярэзінскім раёне ў сёмы раз і сабраў у сценах фізкультурна-аздараўленчага комплексу «Лазурный» 158 спартсменаў з 14 каманд

НАГАДАЕМ, заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь па грэка-рымскай барацьбе Яўген ЖУРАЎ вядомы далёка за межамі раёна. Надоўга ўславілі яго трэнерскі талент і любоў да аднаго з відаў барацьбы гадаванцы Бярэзінскай раённай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, сярод якіх 20 кандыдатаў у майстры спорту, 8 майстроў спорту.

Удзельнічалі ў турніры прадстаўнікі некалькіх школ алімпійскага рэзерву і спартсмены з Магілёва, Маладзечна, Барысава, Віцебска, Круглага, Пухавічаў, Бабруйска і Брэста. Аднак па традыцыі самая прадстаўнічая і амбіцыёзная каманда — барцы з Бярэзіншчыны. Яны заяўлены практычна ва ўсіх вагавых катэгорыях. Трапіць у лік удзельнікаў турніру для кожнага з 53-х юнакоў, якія займаюцца сёння ў спартыўнай школе, вельмі прэстыжна і адказна. Сюды бяруць толькі самых-самых, якія ўжо маюць за плячыма перамогі ў іншых спаборніцтвах. Ды і сярод астатніх барцоў пануюць асаблівыя адносіны да мерапрыемства. Чым жа так вабіць бярэзінскі турнір аматараў грэка-рымскай барацьбы?

Звыкла на турніры пануе асаблівая атмасфера, жывуць здаровая канкурэнцыя і вялікае жаданне перамагчы. Узмацняе іх арганізацыя паядынкаў і падтрымка мноства балельшчыкаў. А пасля спаборніцтваў у кожнай вызначанай вагавой катэгорыі на цырымоніі ўзнагароджвання спартсмены атрымалі спецыяльныя прызы.

Па выніках рэспубліканскага турніру ўладальнікам першага месца ў вагавой катэгорыі да 85 кілаграмаў стаў Арсеній Сычоў. Не першы год юнак займаецца грэка-рымскай барацьбой у спартыўнай школе і ў бліжэйшай перспектыве мяркуе ўдасканальваць набытае майстэрства ў школе алімпійскага рэзерву. У мінулым турніры яму не пашанцавала. Увесь год Арсеній настойліва трэніраваўся і рыхтаваўся да свайго «хатняга» спаборніцтва. На гэты раз удача не здрадзіла. Арсеній здолеў сабрацца і перамог. Пераканана ў гэтым і верыць у сілы свайго сына матуля Арсенія, якая каторы год пільна сочыць за яго спартыўнымі поспехамі.

На першую прыступку п’едэстала ўзняўся на турніры і прызёр мінулага года Арцём Барысевіч. Ён упэўнена абышоў сваіх сапернікаў у вагавой катэгорыі да 63 кілаграмаў. Другі раз запар стаў лепшым у вагавой катэгорыі да 58 кілаграмаў Сяргей Рашотка. Безумоўным лідарам у вагавой катэгорыі да 42 кілаграмаў названы Дзмітрый Шукан.

— Барцы не разгубіліся і паказалі высокі ўзровень падрыхтоўкі, — гаворыць галоўны суддзя турніру Міхаіл Іванавіч Фясун. — Мяркую, што кожны з іх узбагаціў свой спартыўны вопыт, узяў на заметку нешта новае і патрэбнае для сябе, набыў новых сяброў і таварышаў. А для кагосьці турнір стаў апошняй кропкай у вызначэнні сваёй будучыні: штогод нашы гадаванцы папаўняюць рады вучняў школ алімпійскага рэзерву, дзе для іх адкрываюцца новыя перспектывы.

Мілана ТРАПЯНОК

Фота Алены ГРОМАВАЙ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter