Самы высокі надой? У маладзёжным калектыве

У ААТ «Даватарскі» Шаркоўшчынскага раёна надаілі ў мінулым годзе 4988 кілаграмаў малака ад каровы. Гэта больш чым на тысячу кілаграмаў перавышае папярэдні, 2011-ты. Знамянальна, што самы большы надой, 5180 кілаграмаў, атрыманы на новай ферме «Пялікі», дзе працуе маладзёжны калектыў і дзе пры нарыхтоўцы кармоў прымяняецца… танк!

Нармальныя ўмовы працы і жылля ў ААТ «Даватарскі» Шаркоўшчынскага раёна — на гэтых «цаглінках» добра расце вытворчасць малака

У ААТ «Даватарскі» Шаркоўшчынскага раёна надаілі ў мінулым годзе 4988 кілаграмаў малака ад каровы. Гэта больш чым на тысячу кілаграмаў перавышае папярэдні, 2011-ты. Знамянальна, што самы большы надой, 5180 кілаграмаў, атрыманы на новай ферме «Пялікі», дзе працуе маладзёжны калектыў і дзе пры нарыхтоўцы кармоў прымяняецца… танк!

— 4988 кілаграмаў. Напэўна, крыўдна? Не хапіла ўсяго нейкіх 12 кілаграмаў да пяці тысяч. Няўжо не было спакусы што-небудзь «прыдумаць», каб выйсці на круглую запаветную лічбу? — з такога пытання пачаў размову з галоўным заатэхнікам гаспадаркі Аляксандрам Шпецам.

— «Хімічыць» мы не ўмеем, — прызнаўся малады спецыяліст. — І без гэтага летась далі плюс 1046 кілаграмаў да папярэдняга года. Рост — 127 працэнтаў.

— І як удалося зрабіць такі рывок?

— Складаючых некалькі. Па-першае, мы ўсур’ёз заняліся прадукцыўнасцю статка. Летась абнавілі яго на трэць. Выбракавалі кароў, якія давалі менш за 10 кілаграмаў малака ў суткі, а таксама тых, што не пакрываліся. На 100 кароў атрымана 98,5 цяляці. Гэта вынік бяспрывязнага ўтрымання цялушак і, вядома, заслуга нашага асемянатара Алены Ілюковіч. На ўзроўні фельчарская служба ў складзе Мікалая Пяцёркі і Алены Цітарэнка. Па-другое, вялікая ўвага ўдзелена раздою першацёлак. Такая справа даручана самым вопытным аператарам Маі Парпуціс і Таццяне Рудак. Апошняя, дарэчы, надаіла за год 6 тысяч кілаграмаў малака ад каровы. Рэгулярна праводзім вучобу ўсіх даярак. Для гэтага запрашаем спецыялістаў з раёна. Ну і, канечне, кармленне жывёлы. Статак разбіты на навацельных кароў, дойных і сухастойных. Кожнай групе — свой рацыён. Напрыклад, дойныя каровы сёння атрымліваюць 20 кілаграмаў сенажу, 20 — сіласу, 2 кілаграмы камбікорму на галаву і плюс яшчэ 300 грамаў на кілаграм малака. А на выпасах выкарыстоўваем так званы франтальны метад: скормліванне травы палоскамі — выгароджваем 100 метраў у шырыню і 20 метраў у даўжыню. За дзень гурт у 150—200 галоў «праходзіць» 6 такіх клетак-палосак. Такім чынам выпасы скормліваюцца рацыянальна. Застаюцца нават яшчэ плошчы ў дадатак і для нарыхтоўкі якаснага сенажу.

— А праўда, што пры нарыхтоўцы сенажу ў вас на сянажнай яме можна ўбачыць... баявы танк?

— Ну, нельга сказаць, што баявы, бо ён — без вежы. А ў астатнім — сапраўдны танк. Ён цудоўна ўтрамбоўвае зялёную масу. Раней у нас было ажно тры такія машыны. Але цяжка дастаць запчасткі. Застаўся вось адзін!..

У ААТ «Даватарскі» — 3 фермы: «Пялікі», «Валожанкі», «Сасноўцы». Кожная даярка аблугоўвае па 50 кароў. Зарплата — ад колькасці малака. Яна ўзрастае за перавыкананне месячнага задання, а таксама — за якасць. Сортам «экстра» і вышэйшым прадаецца каля 90 працэнтаў прадукцыі.

Фенаменальна, што самы высокі надой ад каровы за год, 5180 кілаграмаў, дасягнуты менавіта на новай ферме «Пялікі», дзе працуе маладзёжны калектыў аператараў машыннага даення: з 12 даярак — 8 маладых.

Я сустрэўся з Надзеяй Кухта, Надзеяй Бяловай, Ірынай Шамшур, Хрысцінай Лапкоўскай якраз у абед, пасля дойкі, ужо ў аграгарадку. Такія мініяцюрныя, прывабныя, артыстычныя, яны спагадна і з гонарам расказвалі пра сваю прафесію і жыццё.

На ферме — малакаправод. У пакоі адпачынку ёсць электрачайнік і мікрахвалевая печка для разагрэву страў. Ёсць і машына-аўтамат, каб памыць рабочую форму. Кожны чацвёрты дзень — выхадны.

Ад аграгарадка да фермы — 2 кіламетры, але аператараў прывозяць і адвозяць на «уазіку». Яно, здаецца, і недалёка. Аднак, калі ўлічыць, што дойка трохразовая, то за дзень набягае ажно 12 кіламетраў.

Дзяўчаты вельмі задаволены сваім жыллём. Усе жывуць у дабротных катэджах. І асабліва іх радуе, што ёсць прыродны газ.

— Ніякіх клопатаў з дрывамі, брыкітам, — дзеліцца ўражаннем Ірына Шамшур. — І заўсёды — гарачая вада!

Цікава і тое, што ў Пяліках амаль усе, і асабліва моладзь, маюць падсобную гаспадарку.

— Я трымаю карову, свіней, курэй, — пералічвае сваю жыўнасць Хрысціна Лапкоўская.— І ў Надзі Кухта карова ёсць. У іншых, калі не карова, то свінні і куры — абавязкова.

Нармальныя ўмовы працы і жылля аператараў машыннага даення, паўсядзённая ўвага кіраўніка гаспадаркі Сяргея Струя — гэта тыя «цаглінкі», на якіх вытворчасць малака ў ААТ «Даватарскі» не дае збою.

Уладзімір САУЛІЧ, «БН»

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter