У Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы разгарнулася фотавыстава Уладзіміра Сцяпана “Паштоўкі з вёскі”

Самы лепшы дзэн

Наш час пры ўсіх яго відавочных мінусах — мітусні, інфармацыйнай агрэсіі, павярхоўнасці меркаванняў — прываблівае тым, што ў любы момант кожны можа паспрабаваць сябе ў іншым жыццёвым і прафесійным амплуа. Такое “хамелеонства” сёння ў трэндзе. Для творчай асобы ўсе спакусы па змене выяў удвая актуальныя. У Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы на гэтым тыдні разгарнулася нечаканая фотавыстава вядомага пісьменніка і мастака, папулярнага аўтара і калумніста “СБ. Беларусь сегодня” і “Народнай газеты” Уладзіміра Сцяпана “Паштоўкі з вёскі”.

Фота Аляксандра Кулеўскага

Гэты захапляльны праект сабраў у адзін зімовы вечар у памяшканні музея амаль увесь наш мастацкі бамонд. Многім захацелася паглядзець на вобраз сучаснай беларускай вёскі вачыма Сцяпана. Усе фотаздымкі, а іх каля двух дзясяткаў, ён зрабіў звычайнай камерай мабільнага тэлефона і раней размяшчаў выключна на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, вельмі папулярнай сярод блогераў-інтэлектуалаў. Гэта нетаропкі погляд гарадскога чалавека на вясковы побыт, яго дробязі, прыроду. Чалавека, які разгадаў свой знак бясконцасці. Зафіксаваў у працэсе сузірання свой момант “дзэн”.

На паштоўках — выявы і вобразы вёскі Старынкі і яе наваколля, што на Ушаччыне. Трапіўшы ў музейную залу, “мабільныя” фотаздымкі загучалі неяк па-новаму, атрымалі канцэптуальнае гучанне. Безумоўна, увасобіць такі праект можа толькі ўзрушаная і вытанчаная натура, змястоўная асоба, якая ў кроплі калодзежнай вады бачыць увесь сусвет. У здымкаў з простымі назвамі свая прыгажосць, свая прастора, сваё разуменне непахісных законаў жыцця: нас не будзе, а зямля гэтая застанецца. Гэта дыялог з часам і наваколлем. Для яго Старынкі, як Ясная Паляна для Льва Талстога. Але гэта і патаемная драма, бо як тут не думаць пра стасункі чалавека і часу? Простым рэчам тут нададзены касмічны маштаб, паэтычны подых.

— Чалавек, які ўпершыню сустрэўся з творчасцю Уладзіміра Сцяпана, абавязкова трапіць пад яго абаянне, — заўважыла падчас адкрыцця выставы мастачка Зоя Літвінава. — Я люблю ўсё, што ён робіць: яго жывапіс, прозу, фотаздымкі. У яго свой прынцыповы погляд на мастацтва, які не заўсёды трапляе ва ўнісон з модай. Мы бачым мастака, які знаходзіцца ў творчым працэсе, дзе б ён ні апынуўся, — на аўтобусным прыпынку, рыбалцы... Гэтая выстава — дзённік яго жыцця, кавалачак часу, які ён з задавальненнем бавіць на прыродзе. Ён прадэманстраваў нам вобраз мудрай краіны, аблічча роднай зямлі.

— Сапраўды, гэта погляд не фатографа, а жывапісца, якім Валодзя, па сутнасці, і з’яўляецца, — лічыць старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца. — Творчасць заўсёды прадугледжвае наяўнасць асобы. І ў якім фармаце яна сябе рэалізуе — іншая справа, гэта неістотна. У кожным здымку я бачу погляд мастака, высокую пластычную культуру.

Мастак Мікалай Ісаёнак кажа, што калі сёння чытае эсэ Сцяпана, становіцца на 40 гадоў маладзейшы:

— Гэта для мяне заўсёды спатканне з дзяцінствам і юнацтвам. Я думаю: як хутка ўсё мінае! Вось калісьці Валодзя напісаў пра мяне эсэ “Бярозавы сок Ісаёнка” — і ніхто пра мяне не напісаў лепш. Таму з нагоды гэтай выставы я вырашыў падарыць яму сапраўдны бярозавы сок, — Ісаёнак пад апладысменты выцягнуў з сумкі трохлітровік.

А паэт Леанід Дранько-Майсюк паабяцаў падарыць сябру сваю новую кнігу:

— Уладзімір Сцяпан — таленавіты фотамастак. Ён вельмі добра валодае прасторай. І сёння мяжы паміж жанрамі мастацтва, на маю думку, увогуле не існуе.

Сам аўтар паводзіў сябе сціпла і, здаецца, крыху хваляваўся:

— Дзякую ўсім, хто прыйшоў! Дзякую музею, што гэтая выстава адбылася. Я проста хацеў падзяліцца сваёй радасцю з усімі. Будзе добра, калі глядач убачыць вясковыя краявіды маімі вачамі.

Дарэчы, не так даўно Уладзімір Сцяпан зноў усіх здзівіў — пачаў складаць зборнік хоку. Будзем чакаць?

Запрашаем

Выставу Уладзіміра Сцяпана “Паштоўкі з вёскі” можна ўбачыць у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы да 24 студзеня.


pepel@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter