Расцвет бывшего райцентра Самохваловичи

Самахвалавічы: сталіца аграрнай навукі

НАЗВА прысталічных Самахвалавіч у перакладзе з фіна-ўгорскай мовы азначае, што размешчана паселішча на рачным беразе. У архіўных дакументах 1582 года пазначана: вёска і аднайменны маёнтак месціліся паабапал ракі Пціч.

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе Самахвалавічы сталі цэнтрам воласці Мінскай губерні Расійскай імперыі. Дзейнічалі ўніяцкая царква, школа, два вадзяныя млыны, чатыры кузні, два малітоўныя дамы, карчма. Пастаянна ладзіліся кірмашы.

У 1863 годзе пабудаваны праваслаўны Свята-Духаўскі храм. Адкрылася народнае вучылішча.


У 1924-м пасля ўсталявання савецкай улады Самахвалавічы атрымалі статус раённага цэнтра і былі ім да 1931 года. Адкрылася сярэдняя школа, арганізавана калектыўная гаспадарка, рэфармаваная ў наш час у вытворчае падраздзяленне рэспубліканскага ўнітарнага эксперыментальна-доследнага сельгаспрадпрыемства «Усход».

З першых дзён нямецка-фашысцкай акупацыі ў Самахвалавічах пачало дзейнічаць падполле. Звання Героя Савецкага Саюза ўдастоены выпускнік сярэдняй школы Уладзімір Амельянюк. Яму ўсталяваны бюст перад будынкам школы. Мемарыяльным помнікам увекавечылі памяць ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. У брацкай магіле пахаваны франтавік Герой Савецкага Саюза Сцяпан Маркавіч Кавалёў.

У пасляваенны час вёска становіцца сельскагаспадарчым навуковым цэнтрам. Тут размясціліся тры рэспубліканскія ўнітарныя прадпрыемствы: НПЦ НАН Беларусі па бульбаводстве і плодаагародніцтве, Інстытут пладаводства і Інстытут агародніцтва. Дзейнічае аграметэаралагічная станцыя.

З 2008 года Самахвалавічы — аграгарадок Мінскага раёна.


БЛАКІТНАЙ стужкай апяразвае самахвалавіцкія сады і агароды рака Пціч. Крынічныя воды Мінскага ўзвышша нясе яна праз больш як чатырыста кіламетраў да шырокай Прыпяці. Гэта самы працяглы левы прыток паўнаводнай палескай ракі. Ніцыя вербы ўглядаюцца ў крыштальную плынь. Па дарозе, што вядзе ўздоўж ракі, пад’ехаў трактар з прычэпам, напоўненым бульбай. Каля высокай павеці спыніўся. З кабіны выйшаў каржакаваты трактарыст. Са знаёмства з ім пачалася вандроўка па Самахвалавічах.

Механізатар вытворчага аддзела РУП «НПЦ НАН Беларусі па бульбаводстве і плодаагародніцтве» Уладзімір ЖУРАЎКЕВІЧ.
 
Уладзімір Жураўкевіч прывёз сабраныя клубні з доследнага поля РУП «Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па бульбаводстве і плодаагародніцтве». Уборачная тэхніка пакінула ўчастак, да якога амаль паўсотні кіламетраў. Два месяцы ўбіралі бульбу і перавозілі ў сховішча. Уладзімір Іванавіч у навуковым цэнтры працуе трактарыстам пятнаццаты год. Прафесію механізатара пасля сярэдняй школы атрымаў у прафтэхвучылішчы. З сям’ёю жыве ў недалёкай ад Самахвалавіч уздзенскай вёсцы Азярцо.

Ветэран працы Валерый ПАЎЛОЎСКІ.

Перад выгрузкай клубняў прычэп узважылі. Улік вядзе Любоў Паўлоўская. Да выхаду на пенсію яна працавала навуковым супрацоўнікам у НПЦ. У савецкія часы пасля заканчэння сельскагаспадарчага інстытута з мужам Валерыем Сцяпанавічам прыехала ў Беларусь з Сумской вобласці Украіны. Атрымалі кватэру ў Самахвалавічах. Выхавалі сына Аляксея. Пасля жаніцьбы дапамаглі яму пабудаваць свой дом. Двое ўнукаў падрастаюць. Роднымі сталі Самахвалавічы для ўкраінцаў Паўлоўскіх.

Ірына ДЖЫНЧАРАДЗЭ з маці Наталляй ШУЛЯКОЎСКАЙ і гадавалай дачкой Кірай.

Як і для грузіна Нугзара Джынчарадзэ. Яго маці Марына Георгіеўна з мясцовых. У маладосці выйшла замуж за каўказскага юнака Гію. Зямля продкаў-беларусаў паклікала Нугзара. Працуе вадзіцелем. Займеў сям’ю. Жыве маладая сям’я ў сваім доме. Падрастае гадавалая дачушка Кіра. Нугзар і яго жонка Ірына чакаюць папаўнення.

Межы аграгарадка пашыраюцца. Сельвыканкам на аўкцыёнах, якія праводзяцца па некалькі разоў у год, выстаўляе на продаж участкі для забудовы. Нягледзячы на высокі кошт (а ён вагаецца ад 10 да 80 тысяч рублёў), штогод рэалізуецца ў сярэднім па паўтара дзясятка зямельных надзелаў. Атрыманыя сродкі выкарыстоўваюцца на развіццё сацыяльна-бытавой сферы аграгарадка. За апошнія пяць гадоў у Самахвалавічах, вёсках Цімошкі, Слабада індывідуальнымі забудоўшчыкамі ўзведзена 233 жылыя дамы. За гэты перыяд у населеных пунктах сельсавета прыбавілася тысяча жыхароў.

Старшыня сельвыканкама Уладзімір ЛОКУН.

Старшыня сельвыканкама Уладзімір Локун адзначыў, што асноўная частка насельніцтва занята на вытворчасці ў рэспубліканскім унітарным эксперыментальна-доследным сельгаспрадпрыемстве «Усход» і ў трох навукова-практычных установах.

НА самахвалавіцкіх доследных палях, у цяпліцах і фітатронах атрымліваюць жыццё перспектыўныя сарты бульбы, гародніны, ягадных і пладовых культур. Яны распаўсюджваюцца не толькі па рэгіёнах рэспублікі, але і за яе межамі.

Загадчык аддзела РУП «Інстытут агародніцтва» кандыдат сельгаснавук Мікалай КУПРЭЕНКА.

На працягу сарака гадоў зай­маецца селекцыяй агароднінных культур кандыдат сельгаснавук Мікалай Купрэенка. Ён аўтар больш як двух дзясяткаў сартоў і гібрыдаў агародніны. Неаднойчы даводзілася бываць на яго доследных дзялянках, дзе вырошчваліся цыбуля, часнок, гарох, перац. Мікалай Пятровіч у РУП «Інстытут агародніцтва» ўзначальвае аддзел холадаўстойлівай гародніны. Завіталі з ім у доследную цяпліцу. Роўнымі радкамі выстаўлены пад шкляным дахам гаршкі з лапушыстымі парасткамі. Вучоны патлумачыў: пасадзілі яе летам і ў наступным годзе атрымаюць ураджай насення гібрыднай белакачаннай капусты. Да кожнага каліва падведзены тоненькі шланг, па якім праз камп’ютар вядзецца капельны паліў. Навуковымі доследамі гэтай культуры кіруе доктар сельгаснавук Юрый Забара. Дзякуючы руплівасці доктара сельгаснавук Мечыслава Сцяпуры ў рэспубліцы прапісаўся салодкі беларускі кавун.

Загадчык аддзела селекцыі РУП «Інстытут пладаводства», прафесар, доктар сельгаснавук Зоя КАЗЛОЎСКАЯ і вядучы навуковы супрацоўнік інстытута, кандыдат сельгаснавук Вольга Якімовіч.

Дзесяцігоддзі прысвяціла вывядзенню новых сартоў яблыка, слівы, арэха доктар сельгаснавук прафесар Зоя Казлоўская. З вучонай сустрэліся ў РУП «Інстытут пладаводства». Адзін з выведзеных сартоў яблыкаў Зоя Аркадзьеўна назвала «крапач» — у гонар баранавіцкай вёскі Крапачы, адкуль яе сялянскія карані.

На стале ў талерачках ляжалі буйныя плады лясных арэхаў. Перахапіўшы мой позірк, гаспадыня кабінета адзначыла, што гэта навуковы матэрыял дачкі Надзеі Лугаўцовай. Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта яна выйшла замуж. Паступіла ў аспірантуру і займаецца селекцыяй ляшчыны. Гэтай культурай зацікавіўся Прэзідэнт. На будучы год запланавана яго сустрэча з вучонымі-селекцыянерамі інстытута. Распрацавана тэхналогія прамысловага вырошчвання ляшчыны ў гаспадарках рэспублікі. На паўсотні гектараў пасаджана яна ў прыватнай маладзечанскай гаспадарцы «Вязавецкі сад».

Вучоныя вызначылі перспектыўныя сарты арэха для прамысловага вырошчвання. Са­джанцы чырваналісцевага арэха «лал», што ў перакладзе са старабеларускага значыць «рубін», і зеленалісцевага «яшма» пасля зацвярджэння на вучоным савеце будуць перададзены для закладкі плантацый у спецыялізаваных гаспадарках.

Асеннія канікулы ў самахвалавіцкіх школьнікаў Міхаіла АСТРОЎСКАГА, Мацвея ЯНКОЎСКАГА і Ягора ТРЫПУСА.

Суседнічае з навуковымі інстытутамі сярэдняя школа, у якой больш як паўтысячы навучэнцаў. Трыццаць гадоў нязменна кіруе педагагічным калектывам Валянціна Смаленская. Дырэктар узгадала, як летась адзначылі 150-годдзе школы. Сярод яе выпускнікоў — Герой Савецкага Саюза Уладзімір Амельянюк. Атэстат сталасці ён атрымаў у даваенныя гады. Вучыўся ў Камуністычным інстытуце журналістыкі імя Кірава ў Мінску. З першых месяцаў нямецка-фашысцкай акупацыі ўвайшоў у склад Камароўскай партыйнай падпольнай групы. Малады журналіст адрэдагаваў першы нумар падпольнай газеты Мінскага гаркама партыі «Звязда». Удзельнічаў у стварэнні падпольнай друкарні, вызваленні з лагераў смерці ваеннапалонных. Уладзімір Амельянюк загінуў пры выкананні баявога задання. Праз дваццаць гадоў пасля вайны яму пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

На сцяне перад парадным уваходам у новы будынак школы ўсталявана мемарыяльная дошка ў гонар выпускніка Сяргея Атрашкевіча. Дваццацігадовым ён загінуў, выконваючы інтэрнацыянальны доўг у Афганістане. Пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

Дырэктара Валянціну Смаленскую радуе, што палова педагагічнага калектыву — выпускнікі розных гадоў. Склаліся школьныя дынастыі Цыбаковых, Баркуноў, Буцавіцкіх, Касцючэнкаў, Шобаў. Выхаванцы школы паспяхова ўпісаліся і ў калектывы навукоўцаў. Кандыдацкую дысертацыю па селекцыі пладовых культур абараніла Вольга Якімовіч. Яе муж Анатоль Уладзіміравіч займаецца селекцыяй капусты.

Ад школы вуліца вядзе да цэнтральнай плошчы аграгарадка. У былыя часы на ёй ладзіліся людныя кірмашы. Узгорак упрыгожваў праваслаўны храм, які ў гады масавага атэізму разбурылі. Паўтара дзесяцігоддзі таму на гэтым месцы паўстала мураваная царква Святога Духа. Праз расчыненыя вароты прайшоў на царкоўны падворак. У аддаленым кутку яго курэла вогнішча. Двое мужчын, якія завіхаліся ля яго, паведамілі, што праз падагрэў вады ў баках выплаўляюць воск з сотаў. Цікава было назіраць, як струменьчыкам з разагрэтай ёмістасці, у якую закладваліся сотавыя рамкі, сцякаў воск. З яго атрымаюцца царкоўныя свечкі.

Педагогі Аляксандр і Кацярына ПОЛЯКІ.

На вуліцы каля храма сустрэў сямейную пару. Пазнаёміліся. Аляксандр і Кацярына Полякі маладымі прыехалі ў Самахвалавічы настаўнічаць. Гаспадар выкладаў музыку ў сярэдняй школе, а Кацярына Яўменаўна да выхаду на пенсію выхоўвала дзяцей у садзіку. Пазнаёміліся яны і пажаніліся ў студэнцкія гады. Нявеста заканчвала вучобу ў педвучылішчы. Аляксандр Поляк вучыўся ў Маладзечанскім музвучылішчы на адным курсе з будучай зоркай савецкай эстрады Юрыем Антонавым.

Мой субяседнік раптам спытаў: ці ведаю Марыю Жарко? Як жа не ведаць беларускую Пашу Ангеліну! Неаднойчы даводзілася браць у яе інтэрв’ю для Беларускага радыё. Аляксандр Поляк узгадаў, як у далёкім 1978 годзе «Сельская газета», якую ён з маладых гадоў выпісвае, пра ваўкавыскую трактарыстку надрукавала верш і аб’явіла конкурс на напісанне музыкі да слоў. Сеў за піяніна і хутка напісаў ноты. Адправіў у рэдакцыю і стаў пераможцам конкурсу. У падарунак атрымаў дзве цудоўныя кнігі па мастацтве. Дагэтуль Аляксандр Аляксандравіч ганарыцца той перамогай. Яго прынялі ў Саюз самадзейных кампазітараў. Больш як паўвека сямейная пара Кацярыны і Аляксандра Полякаў жыве ў Самахвалавічах, якія сталі для іх роднымі. Выхавалі двух сыноў. Маюць пяцёра ўнукаў.

Загадчыца прадуктовага магазіна Галіна РЫЛЬКОВА, прадаўцы Марыя САЗОНЕНКА і Наталля САСНОВІЧ.
 
Штодня са сталіцы ездзіць на працу ў Самахвалавічы загадчыца харчовага магазіна філіяла аблспажыўсаюза Галіна Рылькова. Калектыў прадаўцоў невялікі: Наталля Сасновіч і Марыя Сазоненка. Асартымент тавараў не ўступае сталічным супермаркетам. Пастаўляюць сюды прадукцыю і мясцовыя фермеры. На тэрыторыі сельсавета восем фермерскіх гаспадарак. Яны спецыялізуюцца на вырошчванні гародніны, садавіны, саджанцаў фруктовых парод, ягаднікаў, дэкаратыўных культур.

Нібыта бурлівая плынь Пцічы віруе жыццё ў прысталічным аграгарадку.

Мінскі раён.

Фота аўтара.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter