«Сама Маці-Беларусь запатрабавала ўвекавечыць абаронцу сялян»

КАРАНІ лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі і прэміі Саюзнай дзяржавы, уладальніка сярэбранага медаля імя Грэкава і медаля Францыска Скарыны Льва ГУМІЛЕЎСКАГА— у затухаючай браслаўскай вёсачцы Жарнэлішкі, дзе яго дзяды і прадзеды поле аралі. І цяпер у крайняй хаціне з кустамі бэзу пад вокнамі цепліцца жыццё адзінай на ўсю акругу сям’і некалі вялікага роду Паўлюкевічаў, дзе век таму нарадзілася маці вядомага беларускага мастака.

У народнага скульптара Беларусі Льва Гумілеўскага ніколі не было пытання, што рабіць? Ён заўжды думаў, як зрабіць...

КАРАНІ лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі і прэміі Саюзнай дзяржавы, уладальніка сярэбранага медаля імя Грэкава і медаля Францыска Скарыны Льва ГУМІЛЕЎСКАГА— у затухаючай браслаўскай вёсачцы Жарнэлішкі, дзе яго дзяды і прадзеды поле аралі. І цяпер у крайняй хаціне з кустамі бэзу пад вокнамі цепліцца жыццё адзінай на ўсю акругу сям’і некалі вялікага роду Паўлюкевічаў, дзе век таму нарадзілася маці вядомага беларускага мастака.

У СУСЕДНІМ відзаўскім касцёле, якому сёлета сто гадоў,  Франчэска Вікенцьеўна Паўлюкевіч  выдзялялася ў духоўным хоры. Амаль за дзесяць кіламетраў хадзіла з сяброўкамі да касцёла. А калі яе сасваталі за нялюбага, набожная Франчэска ўцякла з бацькоўскага дому. Дабралася да Масквы, дзе прыгожую дзяўчыну ўпадабаў сталічны кавалер Мікалай Гумілеўскі з арыстакратычнага роду. Пажаніліся. Нарадзіўся першынец, а потым і другі хлопчык. Сям’я жыла ў дастатку, здавалася б, толькі і радавацца. Але Франчэсцы ўсё часцей сніліся абсаджаная старымі вербамі грэбля і родныя Жарнэлішкі, да якіх даносіліся званы відзаўскага касцёла. Нябачная сіла цягнула да вытокаў, і ў трыццатых гадах мінулага стагоддзя яна бяжыць з Белакаменнай з двума маленькімі сынамі ў родныя Жарнэлішкі. Але лёс распарадзіўся так, што вымушаны былі застацца ў Барысаве. На вакзале іх абакралі, і не было за што ехаць далей. Ды і куды ехаць, калі Жарнэлішкі, як і ўся Браслаўшчына, адыйшлі пад Польшчу!

Маладой маці чуллівыя людзі прапанавалі працу і жыллё ў Старабарысаўскім санаторыі. Так яны і засталіся тут. А ў Вялікую Айчынную вайну разам з сынамі Колям і Лёвам Франчэска Вікенцьеўна падалася ў партызанскую зону на Бягомльшчыну.

— Мы ўцяклі да партызан, таму што брата Колю нямецкія акупанты хацелі вывезці ў Германію, — вяртаецца да мінулага Леў Мікалаевіч Гумілеўскі. — Ноччу падаліся ў лес, дабраліся да спаленай вёскі Карацевічы, што ў лясным гушчары на мяжы з возерам Палік. Там сустрэліся з партызанамі, і нас накіравалі ў бягомльскую вёску Вавілава, якая выцягнулася ўздоўж Бярэзіны. У гэты партызанскі куток за ўсю вайну ні разу не ступаў фашысцкі бот. А калі ў канцы вясны — пачатку лета 1944 года акупанты адступалі і ўсю зону акружылі, нас уратавалі балоты.  Я з сябрамі даглядаў кароў на партызанскім востраве Вясёлым сярод непраходнай багны. А на суседнім, крыху большым востраве Хвойным, тулілася мясцовае насельніцтва. Астравы раздзяляў балотны масіў. У мяне парваліся лапці, і я вырашыў схадзіць на Хвойны да маці за новымі.

Але заўважыў, што па сасонніку ланцугом сцягваюцца немцы. Хуценька паведаміў хлопцам, і мы кінуліся ў другі бок вострава, але і там набліжалася фашысцкае акружэнне. Мясцовыя хлапчукі добра ведалі ўсе балотныя сцежкі, і мы кінуліся праз багну. Па шыю ўскоквалі ў дрыгву, але чапляліся за хмызы, за вольхі і выбіраліся. Так мы ўратаваліся ад аблавы. Такіх момантаў у партызанскай зоне было нямала. Але неяк перажылі цяжкі час і пасля паспяховага наступлення Чырвонай Арміі вярнуліся ў Старабарысаў.

— Фронт адыходзіў на захад і адкрывалася мажлівасць вярнуцца на Браслаўшчыну...

— Пра якую мажлівасць адзінокай жанчыны з двума сынамі на руках можна гаварыць? Навокал усё разбурана, спалена. Ні капейкі за душой. Хоць бы як выжыць! Маці трымалася даваеннай працы і пакойчыка ў санаторыі. Потым дырэктара перавялі кіраўніком толькі што створанага санаторыя на базе Радзівілаўскага палаца ў Нясвіжы. Ён прапанаваў маці і некаторым іншым працаўнікам паехаць з ім. Так мы апынуліся ў невядомым нам гарадку, уладкаваліся ў палацавым флігельку, дзе некалі жыла прыслуга.

Маці працавала прачкай, а мы з братам-пераросткам пайшлі ў школу. У класе я быў амаль удвая старэйшы за іншых вучняў, і настаўнік малявання Міхаіл Канстанцінавіч Сеўрук, які стаў потым вядомым мастаком, даручаў мне падтрымліваць дысцыпліну. Маляванне мяне захапляла, але цягнула і ў кампанію падлеткаў, з якою мы бадзяліся па разбураным вайной радзівілаўскім маёнтку. Часам дома маляваў карцінкі з пачак папярос «Беламор», «Казбек», «Прыбой». Маці заўважыла гэтую схільнасць і аднойчы сказала, што прачытала абвестку пра набор у дзіцячы гурток малявання. Ствараў яго наш школьны настаўнік Міхаіл Канстанцінавіч Сеўрук.

Заняткі праводзіліся ў будынку гарадской ратушы. Мы прыходзілі на цэнтральную плошчу пасля школы і гучна клікалі свайго настаўніка. Ён выглядаў у акно на трэцім паверсе ратушы, спускаўся і адчыняў нам дзверы. Займаліся мы на другім паверсе, а на трэцім была яго мастацкая майстэрня, куды часам дазваляў заходзіць паглядзець на яго палотны.

— Так што з нясвіжскай ратушы пачаўся ваш шлях у мастацтва?

— Раслі мы без бацькі, і хто ведае, як склалася далей жыццё, калі б маці не адчула глыбока захаваную ў маёй юнай душы прагу да мастацтва. Я сябе бачыў толькі шафёрам. Гэта было тады рамантычна і модна.

І яшчэ вельмі важна, што Міхаіл Канстанцінавіч Сеў- рук знайшоў ключык да маёй душы. Мякка, неназойліва ён адкрываў таямнічы свет мастацтва. Гэта высокакультурны чалавек, я такіх і сёння рэдка бачу. На занятках у ратушы ён даваў заданні маляваць нацюрморты, маску. Выстаўляў гіпсавыя скульптуры, і мы кожны па-свойму адлюстроўвалі іх на паперы. Аднойчы паставіў гіпсавую копію скульптуры эпохі Адраджэння. Гэта была вялікая рэдкасць. У перапынку мы лёталі па памяшканні, і раптам нехта з хлапчукоў зачапіў гіпсавую скульптуру. Яна грукнулася на падлогу і ўшчэнт разбілася. І тут зайшоў у пакой Міхаіл Канстанцінавіч. Мы здранцвелі ад разгубленасці, а ён убачыў разбіты на падлозе гіпс і ні слова не прамовіў, нават не павысіў голасу. Такая вытрымка высокакультурнага чалавека. Мы яго ўвогуле ніколі не бачылі злым.

Разбітую гіпсавую скульптуру потым усё ж сабралі і склеілі. Нам было сорамна перад гэтым сціплым, інтэлігентным чалавекам. Кожнаму з вучняў ён даваў слушныя парады. Мае малюнкі адкладваў, а потым тактоўна выказваў заўвагі, раскрываў мне сакрэты майстэрства, якія на ўсё жыццё запомніліся. Я багата чаму навучыўся ў гэтага таленавітага чалавека. Мы пасябравалі, і я яшчэ доўга хадзіў да яго на эцюды. Шмат чым у сваім творчым жыцці я яму абавязаны. Міхаіл Канстанцінавіч не меў сям’і і нас, пасляваенных падшыванцаў, любіў, як родных.

— А як вы ад малюнка да скульптуры прыйшлі?

— Гэта пасля арміі ўжо я захапіўся скульптурай. Пасля васьмігодкі паступіў у Мінскае мастацкае вучылішча, адкуль пасля першага курса мяне прызвалі ў армію. З ваенкамата нас прывезлі на чыгуначны вакзал для адпраўкі. Выстраілі ў шарэнгі, і раптам мяне выклікаюць і паведамляюць, што я застаюся служыць у Мінску. Патрэбен быў мастак у войсках супрацьпаветранай абароны.

За тры гады службы мы штолета выязджалі на будаўніцтва Волга-Данскога канала, дзе пілавалі дрэвы ўздоўж Дона, ляды карчавалі. Кожны салдат павінен быў за адзін заход выкапаць каля пянька 20 лунак для зарада, каб закласці туды ўзрыўчатку. Капітан запускаў зялёную ракету, мы хуценька падпальвалі бікфордавыя шнуры, і бывала нават не паспявалі, а ў неба ўжо ўзлятала чырвоная ракета. Карчы ляцелі праз нас ва ўсе бакі. Узвальвалі на сябе мех узрыўчаткі паўцэнтнера вагой і закладвалі пад наступныя пянькі. Калі вярнуліся ў Мінск, то адны косці тырчалі.

Я хацеў застацца на звыштэрміновую службу, бо ў мяне ніякай спецыяльнасці не было, нават сярэдняй адукацыі. Але так сталася, што ў Мінску адкрыўся тэатральна-мастацкі інстытут. І я вырашыў заканчваць вучобу ў вучылішчы і атрымліваць сярэднюю адукацыю ў вячэрняй школе, каб паступіць у яго. Так два гады і вучыўся ў вучылішчы зранку, а ўвечары ў школе рабочай моладзі. А перайшоў на скульптуру, таму што на аддзяленні мастакоў быў самы старэйшы, а на скульптуры вучыліся больш сталыя студэнты. Я і перавёўся да равеснікаў.

— Свой дэбют у скульптуры памятаеце?

— Я вылепіў бюст аднакурсніка Валодзі. Тады ў Мінску ліцейкі яшчэ не было, і я паехаў на практыку ў Ленінград выліваць бюст з бронзы. Гэта і быў мой скульптурны дэбют.

— Вашы скульптуры ў асноўным прысвечаны вядомым беларускім творцам, грамадскім дзеячам, гістарычным асобам. А не задумваліся вы, чаму, і не толькі ў Беларусі, няма абагульняючага помніка прадстаўніку самай мірнай у свеце прафесіі — хлебаробу?

— Я дадаў бы, што і самай паважанай. Спачатку хлеб, а потым відовішча. Выдатны рускі скульптар Іван Шадр цудоўна ўвасобіў селяніна ў класічнай бронзавай скульптуры «Сейбіт». Тэма хлебароба вельмі адказная. У Беларусі ўвекавечаны двойчы Героі Сацыялістычнай Працы — хлебаробы Уладзімір Ралько, Васіль Старавойтаў, Уладзі- мір Бядуля. Задача скульптара ўвасобіць тэму ў вобраз. У цэнтры Магілёва ўсталяваны пяць маіх рэльефаў, звязаных з гісторыяй вобласці. Адзін з іх прысвечаны беларускім хлебаробам. У цэнтры кампазіцыі легендарны Кірыла Пракопавіч Арлоўскі ў акружэнні калгаснікаў. Некалькі гадоў таму ў Дзень пісьменства ў Смаргоні адкрыўся помнік Францішку Багушэвічу, які шчыра дапамагаў простаму люду. Да яго з усёй акругі звярталіся сяляне. Амаль дваццаць гадоў гэтая скульптура чакала свайго часу. Я лічу, што сама Маці-Беларусь запатрабавала ўвекавечыць абаронцу сялян на яго малой радзіме.

— І скульптурная кампазіцыя Янкі Купалы паўстала не проста так у Маскве?

— Купалаўская тэма для мяне вельмі шаноўная. Разам з сынам Сяргеем мы распрацавалі помнік Купалу ў Маскве, дзе скончыўся яго жыццёвы шлях. Ля ног паэта б’е крынічка і ўздымаецца парастак папараці. А ў Мінску паўстаў помнік Пушкіну. За гэтыя дзве скульптуры групу творцаў адзначылі прэміяй Саюзнай дзяржавы, якая падкрэсліла, што Купала і Пушкін стаяць на адной прыступцы. Два вялікіх геніі славянскіх народаў.

— Леў Мікалаевіч, два гады таму, калі культурнай сталіцай Беларусі быў Нясвіж, вы разам з сынам Сяргеем там ладзілі творчую выставу.

— Мы назвалі яе «Шлях да Нясвіжа». Я вельмі хваляваўся, як прымуць нясвіжане яе. У раённым краязнаўчым музеі нам адвялі прасторныя залы для экспазіцыі, наладзілі ўрачыстае адкрыццё, якое, дарэчы, супала з юбілеем маёй жонкі Валянціны Мікалаеўны. Разам з ёй, дачкой, зяцем, нявесткай, сынам і ўнукамі сямейныя святы апошнім часам адзначаем вандроўкай у гэты дарагі майму сэрцу горад.

— Нясвіжскі парк упрыгожылі бюсты Радзівілаў, Сыракомлі, Юрыя Нясвіжскага, чароўнай русалачкі, створаныя вашымі рукамі. А ці не было думкі адкрыць тут свой музей скульптуры?

— Пэўна, усяму свой час.

— Ваша творчая майстэрня, дзе вы з сынам Сяргеем шчыруеце, багата на цудоўныя скульптуры, там сабраны ўвесь гонар Беларусі: Кірыла Тураўскі, Еўфрасіння Полацкая, князь Міндоўг, Францыск Скарына, Тадэвуш Касцюшка, Кастусь Каліноўскі, Він- цэнт Дунін-Марцін- кевіч, Станіслаў Манюшка, Францішак Багушэвіч, Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Уладзімір Караткевіч, Яўгенія Янішчыц, Міхаіл Савіц- кі, Уладзімір Мулявін...

— Кожны мой твор нараджаецца ў сэрцы. Выношваю яго ў думках, шмат чытаю літаратуры і толькі потым бяруся за ўвасабленне ідэі. Зараз вярнуўся да коласаўскай тэмы. Альбуцкі луг, малады Колас прыехаў на лета, наталяе смагу з крыніцы. У думках пастаянна вітае новы вобраз. Мой зяць ніяк не можа зразумець, чаму я ў свае 83 гады не спыняюся ў творчасці. Калі я перастану хадзіць у майстэрню, то, пэўна, проста не змагу жыць. Як жонка мая жартуе, у майстэрні мяне чакаюць сябры. І гэта так. Я прыходжу і вітаюся са сваімі героямі, размаўляю з імі, бо душы іх жывыя.

Мастак павінен у жыцці нешта любіць. Калі не любіць — пусты мастак. Я люблю нашу родную мову, гісторыю, літаратуру. Гэта дае мне працу. У мяне ніколі не было пытання, а што рабіць? Я заўжды думаю, як зрабіць. Я гэтым жыву. Гэта маё поле, дзе я — араты.

Уладзiр СУБАТ, «СГ»

Фото аўтара

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter