Колер настрою рыжы

Лісяня было зусім маленечкае, памерам з далонь. З часам яно пасябравала з гаспадарскімi катом і сабакам і пачало выходзіць на вуліцу на ланцужку. Нават прывучылася да латка. Паўтара года лiсяня жыло ў доме з астатнімі гадаванцамі, а потым для жывёлы пабудавалі асобны вальер. Там усё ўладкавана па апошнім слове лісінай тэхнікі: і прасторная будка, і нара, якую Ліза выкапала сабе сама.
— Мы яе рэгулярна паказваем ветэрынару і прышчапляем, — Вольга Вярцінская разумее, што яе ўлюбёнка не выжыве ў дзікай прыродзе, бо заўсёды была сярод людзей і іншага жыцця проста не ведае. — Есць практычна ўсё з хатняга стала. Любіць кашы, асабліва рысавую. І, вядома, кураціну! Мяса даём адварное, каб жывёльныя інстынкты не выяўляліся. Ды яна і не любіць сырое, адмаўляецца…
Добрая справа
Пясец, ліса, два яноты, пяць соў і ястраб. Вось спіс тых, хто атрымаў пастаянную прапіску ў цэнтры дапамогі дзікім жывёлам «Сірын» у Дзяржынскім раёне. З-за траўмаў і іншых прычын яны ўжо не змогуць вярнуцца ў дзікую прыроду.
У сакавіку 2016 года Ірына прачытала, што ў Брэсцкай вобласці паміж азёрамі Белае і Чорнае машына ўрэзалася ў слуп, пашкодзіўшы гняздо буслоў. Адно птушаня загінула адразу, дваіх забрала мясцовая жыхарка. Яна прасіла дапамогі ў дасведчаных людзей. Спецыялісты цэнтра забралі птушак, прааперыравалі ў Мінску і пачалі выходжваць. Аднаго ўдалося выратаваць. Менавіта гэты бусел паклаў пачатак існавання ўжо не проста заапарка, а сучаснага цэнтра дапамогі дзікім птушкам і жывёлам.
Хвастатых і крылатых пацыентаў пасля аказання ім дапамогі імкнуцца вяртаць у звыклае асяроддзе. У гэтым годзе назад у прыроду выпусцяць чатырох соў, пару лебедзяў і буслоў. Дарэчы, менавіта тут знайшоў дапамогу той самы лебедзь-шыпун, якога выратавалі супрацоўнікі ДАІ ў Мінску. 1 студзеня птушка зачапіла кантактную трамвайную сетку і ўпала на праезную частку на праспекце Машэрава.
— Часцей за ўсё гэта збітыя машынамі жывёлы і птушкі, якія не зляцелі на зіму, — Ірына Траяноўская расказвае, як да яе трапляюць гадаванцы. — Нярэдка паступаюць тыя, каго падабралі, нагуляліся, а потым раптам зразумелі, што трымаць дзікую жывёлу ў доме не па сілах. Часцей адмаўляюцца ад янотаў і ліс. Адзін янот з’явіўся ў нас узімку, другога хутка прывязуць. Некаторых проста падкідваюць...

За год праз цэнтр праходзіць ад 50 да 100 жывёл. З іх выжываюць працэнтаў 70. Дзякуючы намаганням спецыялістаў палова вяртаецца назад у дзікую прыроду.
— Зімой дзяўчына прывезла нам канюка, — успамінае Ірына Траяноўская. — Яна ўбачыла, як птушка пікіруе на абочыну дарогі, падабрала яе, паказала ветэрынару і прывезла нам. У канюка была чэрапна-мазгавая траўма, мабыць, пасля ДТЗ. Тры месяцы лячэння — і ён вярнуўся ў прыроду.
Больш за ўсё зваротаў у цэнтр паступае вясной. Па-першае, у жывёл з’яўляюцца дзіцяняты, якія па розных прычынах аказваюцца ў бядотным становішчы. Па-другое, птушаняты, якія не навучыліся лятаць, нярэдка трапляюць у непрыемныя сітуацыі. Ды і людзі вясной-летам масава едуць на дачы і ідуць у лес у грыбы, а значыць, верагоднасць сустрэчы з дзікай жывёлай узрастае. Так за летні сезон у цэнтры аказалася некалькі зайчанят. Семярых выпусцілі ў прыроду, адзін пакуль застаецца ў цэнтры.
Такія правілы
Савет Міністраў у 2014 годзе змяніў парадак канфіскацыі дзікіх звяроў і птушак з прыроды. Гэта зроблена для таго, каб людзі менш шкодзілі ім няправільным лячэннем і ўтрыманнем у няволі. Яшчэ адна прычына — пазбавіць браканьераў магчымасці пазбегнуць пакарання. Гэтага дамагалася Дзяржаўная інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету. Цяпер, калі браканьер застрэліць жывёлу ў лесе, апраўданне накшталт «я падабраў раненага звера і вязу дахаты лячыць» не пройдзе.Як быць, калі вы насамрэч знайшлі параненага звера? Пытанне адрасую кансультанту ўпраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды Таццяне Жалязновай:

Тэлефануйце ў міліцыю ці МНС. Яны звяжуцца са спецыяльнай камісіяй. Акрамя спецыялістаў Мінпрыроды ў камісію ўваходзяць прадстаўнікі лясгасаў, Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў, ветэрынары. Камісія выязджае па кожным канкрэтным выпадку. Звера, які патрапіў у бяду, могуць пакінуць у дзікай прыро-дзе ці адправіць на лячэнне. Яго могуць аддаць і заяўніку. Аднак для гэтага мала быць проста неабыякавым чалавекам. Трэба забяспечыць жывёле, якая ўжо не зможа самастойна паклапаціцца пра сябе, належныя ўмовы ўтрымання. Гэтыя ж правілы распаўсюджваюцца і на птушак. Тым, хто пойдзе па іншым шляху і стане некваліфікаваным Айбалітам, пагражае штраф да 20 базавых велічынь.
Аформілі «прапіску»
Існуе пералік жывёл, якіх трэба рэгістраваць. У яго ўваходзяць віды, што трапляюць пад дзеянне міжнародных дагавораў і ўваходзяць у Чырвоную кнігу. Мінпрыроды прыводзіць цікавыя лічбы. Сёння ў краіне зарэгістравана больш за 6 тысяч дзікіх жывёл. Яны ўтрымліваюцца ў юрыдычных (85 месцаў утрымання) і фізічных асоб (25 месцаў утрымання).
Аднак не ўсе рэгіструюць дзікіх жывёл. Пра гэта мы даведваемся пастфактум з навін. Вось вам нядаўні выпадак. У лютым па Лельчыцах разгульвала рысь. Яе злавілі і перадалі ў заапарк. Але жывёла загінула: яна была моцна пабітая. Мясцовыя жыхары расказалі, што паляўнічы прынёс рысь з лесу, калі яна была яшчэ кацянём. Пазней ён падарыў яе свайму сябру. Ад яго яна і збегла. Рысь не праяўляла агрэсіі, аднак, каб злавіць яе, спатрэбілася дапамога ратавальнікаў і работнікаў ЖКГ.
— Тых, хто легальна ўтрымлівае дзікіх жывёл, не так і шмат, — дадала напрыканцы Таццяна Жалязнова. — Хоць працэдура рэгістрацыі дзікай жывёліны бясплатная.
gorbatenko@sb.by
Фота з архіва герояў матэрыялу