«Сам прадзед ніколі не губляў чалавечай годнасці і нам з генамі гэта ж перадаў»

У СНЕЖНІ будучага года споўніцца 170 гадоў з дня нараджэння ўдзельніка партызанскага руху, героя аповесці Якуба Коласа «Дрыгва» Васіля Ісакавіча Талаша, які ў памяці народнай застаўся Дзедам Талашом. Нарадзіўся і вырас ён у глухой палескай вёсцы Белка, непадалёку ад старажытнага Петрыкава. А ўвесь свой доўгі век пражыў у Навасёлках, што выцягнуліся шнуром уздоўж левага берага ракі Прыпяць. У былыя часы непраходныя балоты акружалі навасёлкаўскія падворкі, дзе месціліся вялікія палескія сем’і. Трынаццаць дзяцей раслі ў талашовай невялічкай хаціне. Па-рознаму склаўся іх лёс. Не перавялося прозвішча слыннага змагара Дзеда Талаша. Яго радавод працягваюць тры Ігары, двое з іх жывуць у расійскім горадзе Саратаве і адзін — ва ўкраінскім горадзе-героі Севастопалі. Яны падтрымліваюць сувязь з дзвюма праўнучкамі Дзеда Талаша, якія ўсё сваё жыццё не змянялі родным Навасёлкам, — Антанінай Якаўлеўнай КУШНЯРЭНКА і Клаўдзіяй Якаўлеўнай КАЛЕНІК. І дагэтуль вяскоўцы называюць іх Талашыхамі, бо вытокі іх iдуць ад легендарнага палескага воіна Дзеда Талаша.

Якім ён быў у жыцці – легендарны Васіль Ісакавіч Талаш з вескі Навасёлкі Петрыкаўскага раёна – вачыма яго праўнучак Антаніны Кушнярэнка і Клаўдзіі Каленік...

У СНЕЖНІ будучага года споўніцца 170 гадоў з дня нараджэння ўдзельніка партызанскага руху, героя аповесці Якуба Коласа «Дрыгва» Васіля Ісакавіча Талаша, які ў памяці народнай застаўся Дзедам Талашом. Нарадзіўся і вырас ён у глухой палескай вёсцы Белка, непадалёку ад старажытнага Петрыкава. А ўвесь свой доўгі век пражыў у Навасёлках, што выцягнуліся шнуром уздоўж левага берага ракі Прыпяць. У былыя часы непраходныя балоты акружалі навасёлкаўскія падворкі, дзе месціліся вялікія палескія сем’і. Трынаццаць дзяцей раслі ў талашовай невялічкай хаціне. Па-рознаму склаўся іх лёс. Не перавялося прозвішча слыннага змагара Дзеда Талаша. Яго радавод працягваюць тры Ігары, двое з іх жывуць у расійскім горадзе Саратаве і адзін — ва ўкраінскім горадзе-героі Севастопалі. Яны падтрымліваюць сувязь з дзвюма праўнучкамі Дзеда Талаша, якія ўсё сваё жыццё не змянялі родным Навасёлкам, — Антанінай Якаўлеўнай КУШНЯРЭНКА і Клаўдзіяй Якаўлеўнай КАЛЕНІК. І дагэтуль вяскоўцы называюць іх Талашыхамі, бо вытокі іх iдуць ад легендарнага палескага воіна Дзеда Талаша.

ІХ БАЦЬКА Якаў Данілавіч Талаш быў сынам старэйшага Талашовага сына Данілы. У аповесці Якуба Коласа «Дрыгва», напісанай у далёкім 1933 годзе, Даніла атрымаў імя Максім, а яго малодшы брат Дзмітрый стаў літаратурным героем Панасам. Жывуць праўнучкі Дзеда Талаша ў розных канцах вузенькай адзінай навасёлкаўскай вуліцы, што ціснецца да высокага берага Прыпяці, з якога далёка распасціраецца рачная пойма з каржакаватымі векавымі дубамі, нізкарослымі хмызамі ды чаротамі. Больш як на паўсотню кіламетраў, аж да суседняга Мазыра, цягнуцца некранутыя балоты ўперамежку з рачулкамі, азярцамі, пясчанымі выспамі, парослымі карабельнымі соснамі. Уздоўж крутога рачнога берага гойдаюцца ад асенняга ветрыка на прыпяцкіх хвалях прывязаныя ланцугамі лодкі-пласкадонкі. І здаецца, вось-вось з-за павароту выплыве на сваім старэнькім чоўне той самы Дзед Талаш, вобраз якога добра вядомы на Беларусі са школьных падручнікаў. Прыжмураны позірк хітраватых вачэй, лагодная сівая барада і тыповая палеская вопратка — такім ён помніцца з вядомага здымка падчас сустрэчы ў ваенныя гады з народным пісьменнікам Беларусі Якубам Коласам. Але замест чоўна раз-пораз вынырваюць з-за густога вербалозу востракрылыя чайкі, стрыгуць сваім палётам рачную прастору, якая асляпляльна блішчыць безліччу сонечных брыльянтаў.

З падворкаў даносяцца сіплыя галасы маладых пеўняў ды частае гагатанне важных гусей. У садах даспяваюць чырвонабокія яблыкі, залацістыя мядовыя грушы, водар якіх напаўняе наваколле. Вокны амаль усіх навасёлкаўскіх дамоў глядзяць на Прыпяць, быццам пільнуюць яе. На падворках і на прыціхлай вуліцы — ні душы. Толькі за невялічкім мосцікам, што перакінуты праз глыбокі ручай, на мурожным лужку немаладых гадоў сялянка прыглядае за гуртом козачак. Старыя разгалістыя вербы быццам бароняць Навасёлкі ад хуткацечнай рачной плыні, якая падмывае высокія кручы, паглынаючы прыбярэжныя дрэвы і кусты.

— Ці не скажаце, дзе жывуць праўнучкі Дзеда Талаша? — пытаюся ў здзіўленай бабулі.

— Калі вам трэба да Антаніны завітаць, то кіруйцеся да крайняй хаты ў самым канцы сяла, а да Клавы — у адваротны бок, — чую ў адказ. — А сядзіба самога Дзеда Талаша — у цэнтры Навасёлак, вунь за тым садам, які выкупіў гарадскі дачнік.

Абнесены пафарбаваным новым штыкетнікам былы падворак Дзеда Талаша прыметна выдзяляецца сярод старых навасёлкаўскіх пабудоў. Брукаваныя дарожкі вядуць ад веснічак да дома-музея, хлеўчыка, студні і невялічкай хацінкі, узведзенай накшталт той, у якой некалі месцілася вялікая сям’я Талашоў. Паабапал брукаванкі, што вядзе да драўлянай разной брамы, выбудаваны скульптурныя кампазіцыі з векавога дуба. Ціха і сумна на залітым яркімі сонечнымі промнямі падворку. Міжволі думаецца, колькі падзей тут прайшло, колькі чалавечых лёсаў перажыў гэты глыбінны куточак. Тут кіпела жыццё продкаў сённяшніх жыхарак Навасёлак Антаніны і Клаўдзіі Талашых, праўнучак былога гаспадара гэтай сядзібы Дзеда Талаша, адсюль пачынаюцца іх радавыя вытокі.

ПРЫЗЕМІСТЫ драўляны дом Антаніны Якаўлеўны нічым асаблівым сярод суседніх не выдзяляецца. Як ва ўсіх навасёлкаўцаў, перад вокнамі — пярэсты кветнік восеньскага колеру. Перапоўнены рознай жыўнасцю падворак. А вось замест звычайных яблынь пышна растуць усыпаныя спелымі пладамі персікі.

— Дачка Валянціна прывезла саджанцы з Польшчы, і яны прыжыліся, штогод шчодра родзяць, — адказвае на маё здзіўленне гаспадыня падворка. — А вось абрыкосы, што растуць у садзе сястры Клавы, сёлета чамусьці не парадавалі. І на яблыкі год не ўдаўся. У нашых садах цяпер растуць i персікі, і абрыкосы. Зімы не надта марозныя, а лета цёплае, і яны выспяваюць. Садоў у нас многа, а вось жыхароў з кожным годам усё меней. Няма каму жыць у Навасёлках. Зараз толькі  34 сям’і на ўсё сяло. Я, бадай, самая маладая, а мне сёлета ўжо семдзесят гадоў споўнілася.

— А чым усё жыццё займаліся?

— Як стала на ногі, так свой лёс з зямлёю звязала. Хаця ў школе вучылася няблага. Спачатку сямігодку ў Беланавічах закончыла паспяхова, і бацькі адвезлі мяне ў Петрыкаў працягваць вучобу ў сярэдняй школе. Пасля заканчэння яе я нават паступіла ў Бабруйскі сельскагаспадарчы тэхнікум на бухгалтарскае аддзяленне. Атрымала выклік на вучобу, але не паехала. Спужалася пакідаць сваю вёску і ў такую далячынь ехаць, ды і грошай на дарогу не было. А браты мае кемлівыя, як наш прадзед Талаш. Яны пасля школы яшчэ трохі вучыліся. Пятро ў Калінінградзе закончыў школу ФЗА. Там і застаўся працаваць і нават сястру Ніну і брата Толю забраў да сябе. Пасля вайны ўсе мы, навасёлкаўскія Талашы, жылі вельмі бедна. Нашу вёску нямецкія акупанты спалілі дашчэнту. Усе жыхары ў лес уцяклі, да партызан.

— Ваш прадзед Васіль Ісакавіч Талаш яшчэ ў 1919 годзе стварыў партызанскі атрад, які змагаўся з польскім войскам. Як сведчыць гісторыя, напрыканцы лістапада 1919 года ў Навасёлках спынілася каманда польскіх маракоў, якія па загадзе Пілсудскага павінны былі пашырыць сваю ваенную флатылію на Прыпяці ў раёне Турава, Петрыкава, Мазыра. Сумесным ударам атрада чырвонаармейцаў, а таксама партызан Васіля Талаша ўсе матросы ў Навасёлках былі знішчаны.

Пасля гэтай вайны ваш прадзед — старшыня Навасёлкаўскага сельсавета, дэлегат VIII з’езда Саветаў Петрыкаўскай воласці. З дакументаў вядома, што ў 1929 годзе селянін вёскі Белка Петрыкаўскага раёна Мазырскай акругі Васіль Ісакавіч Талаш быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга за № 14009. Потым супрацоўнічаў з НК, дапамагаючы выкрываць замежных шпіёнаў і шкоднікаў. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны акупантам паспелі данесці пра партызанскае мінулае Дзеда Талаша і яго баявы ордэн за ўдзел у Грамадзянскай вайне. Нутром адчуў смелы паляшук небяспеку. Але як быць з унукамі, праўнукамі, з усёй вялікай раднёй?

— Сваім мудрым розумам схітраваў наш Дзед Талаш, — расказвае другая праўнучка Клаўдзія Каленік. — Ён падчас допыту расказаў акупантам, што некалі змагаўся з палякамі — зацятымі ворагамі немцаў. А цяпер ён вельмі стары, амаль сто гадоў мае, і шкоды нікому аніякай не прынясе. І гэтым пераканаў. Яго адпусцілі, і пазней ён сыйшоў у партызаны, якія базіраваліся ў густых зарэчных лясах. За ім тады іншыя з нашай вялікай радні пайшлі.

— Кажуць, што свой сыход да партызан Дзед Талаш абставіў мудра, нікога з родных не падставіў?

— Так, яго кемлівасці не было межаў, — падкрэслівае Клаўдзія Якаўлеўна. — Ён паступаў быццам даволі проста, але разам з тым да дэталяў прадумана. Дзед Талаш пасля таго арышту пайшоў прылюдна на Прыпяць лавіць рыбу. Усе ведалі пра гэтае яго захапленне. На беразе пакінуў нейкае сваё адзенне. Падстроіў так, быццам утапіўся. Па вёсцы і пайшла гаворка, што прапаў стары. А ён на сваім чоўне непрыкметна праз раку — у партызаны. Гэта каб немцы яго сваякам, што засталіся ў Навасёлках, не адпомсцілі.

— А пра човен яго нават ходзяць легенды.

— І цяпер човен стаіць у нашым вясковым музеі Дзеда Талаша, — ганарыцца Антаніна Якаўлеўна. — Мо сто гадоў гэтаму ўнікальнаму вырабу. Выдзеўбаны з дрэва. Не кожны мае спрыт у ім плыць, тым больш па Прыпяці. А Дзед Талаш спраўляўся за ноч па некалькі разоў пераплываць раку, перавозячы людзей у партызанскую зону. І зараз яшчэ жыве ў Навасёлках сялянка, сведка яго сапраўднага подзвігу. Неяк напачатку вайны ў Петрыкаве фашысты ўтварылі гета, куды пазганялі тысячы яўрэяў. Праз нейкі час пачаліся масавыя растрэлы. Яўрэйскае гета было на беразе Прыпяці, і многія з яго па рацэ спрабавалі выратавацца. Так сталася, што тады маці гэтай сялянкі капала бульбу ў агародзе. Раптам убачыла, што з бацвіння вылазіць заплаканы падлетак. Яна спытала, адкуль ён і што тут робіць? А хлапчук стаў прасіцца, каб дапамагла яму перабрацца на другі бераг Прыпяці. Увечары сялянка пайшла да Дзеда Талаша і папрасіла пераправіць спужанага яўрэйскага хлапчука. Ноччу дзед ціхенька перавёз яго на сваім чоўне ў партызанскую зону. А колькі яшчэ людзей выратаваў наш прадзед, колькі яшчэ такіх рызыкоўных рэйсаў праз бурлівую Прыпяць зрабіў ён падчас вайны!

А цi не рызыка была амаль стогадоваму селяніну аднаму праз балоты і лясныя гушчары адправіцца на любанскі востраў Зыслаў, дзе сустрэўся з камандаваннем партызанскага руху Міншчыны. На гэтым невялікім востраве сярод векавой дрыгвы, дзе ні разу не ступала нага фашыстаў, партызанскім рухам кіраваў Васіль Іванавіч Казлоў, якога ў народзе называлі «генералам Пушчай». Ён быў здзіўлены такой вандроўкай палескага партызана. Пра незвычайнага госця далажылі кіраўніку партызанскага руху Беларусі Панцеляймону Кандратавічу Панамарэнку, які даў заданне пераправіць Дзеда Талаша самалётам на Вялікую зямлю. У Маскве яго размясцілі ў сталічнай гасцініцы. Вядомы на ўсю краіну партызан наведваў фабрыкі, заводы, дзяржаўныя ўстановы, вайсковыя часці з агітацыйнымі расказамі пра баявыя справы беларускіх партызан. Жыў у гатэлі «Масква», дзе і сустрэўся з Якубам Коласам. Тая сустрэча была знята на кінакамеру.

— Часта ў нашай вялікай сям’і ўзгадвалася пра той візіт Дзеда Талаша ў Маскву, — гаворыць Антаніна Якаўлеўна. — Па вечарах ён выходзіў са свайго гасцінічнага нумара і садзіўся ў холе за вялікі стол, каля якога шмат людзей прабягала на вячэру. Сваю шапку-кубанку з чырвоным каснічком Талаш клаў на стол, кажушок накідваў сабе на плечы і важна пазіраў. Тыя, хто праходзіў міма, глядзелі на яго, а некаторыя не вытрымлівалі і пыталі, хто ён такі. І чулі ад яго, што ён — Дзед Талаш, герой аповесці Якуба Коласа «Дрыгва», беларускі партызан. І ўвесь вечар распавядаў пра гераізм беларускіх партызан, пра справы ў атрадах. І падкрэсліваў, што ён прадстаўнік мужнага беларускага народа і тут, у Маскве, выконвае ўрадавае заданне.

Яшчэ я чула, як Дзед Талаш у Маскве прастудзіўся і яго ўзяўся лячыць высокапрафесійны ўрач. Але прастуда ніяк не праходзіла. Лекаў добрых падчас вайны не было. Дзед тады прыдумаў выйсце са становішча. Побач з яго пакоем у гасцініцы жыла сям’я Васіля Іванавіча Казлова, і ён звярнуўся да жонкі партызанскага камандзіра з просьбай палячыць яго паранай бульбай, якая сагрэла б сярэдзіну. Казлова выслухала суседа і калі атрымала па картачцы хлебны паёк, абмяняла яго на некалькі бульбін і пачаставала паранкай дзеда, які потым і адужаў.

А калі ён вярнуўся з Масквы на радзіму, кожнаму са сваіх родзічаў прывёз пачастунак. Каму драбок цукру, каму акрайчык белага хлеба, каму перасушаны пернік ці сухарык. Нікога са сваёй вялікай сям’і не забыў.

НАЙЛЕПШЫМ падарункам стагадоваму юбіляру Васілю Ісакавічу Талашу было вызваленне яго родных мясцін ад нямецка-фашысцкіх акупантаў. Спакой вярнуўся на Палессе. І Дзед Талаш зноў хлебароб. Напэўна, пад гальштукам не хадзіў ніколі?

— Вайна закончылася і мы вярнуліся з партызанскага атрада на наша папялішча голыя і босыя, — успамінае Антаніна Якаўлеўна. — Наш дзед Даніла, сын Талаша, выкапаў зямлянку, аблажыў абгарэлымі дошкамі, бярвеннямі, нечым накрыў і так першую зіму правялі. На дошках спалі. Грэліся ад печкі-буржуйкі. Пакуль гараць дровы — цёпла, а як толькі перастанем паліць, холад і сырасць даймаюць. Вясною, падчас адлігі, талая вада лілася ў зямлянку з усіх бакоў. Але неяк выкарабкаліся. Прадзед Талаш у той час жыў на сваёй сядзібе, у цэнтры Навасёлак. Яму было ўжо сто гадоў, а яшчэ лесніком працаваў. Некалі да вайны майму бацьку, а яго ўнуку Якаву Данілавічу, дапамагаў кіраваць навасёлкаўскім калгасам. Хаця сам доўгі час пасля калектывізацыі заставаўся аднаасобнікам. Меў надзел зямлі, коней, кароў, свае льнамялку, малатарню і жорны, розныя прылады для апрацоўкі зямлі. Нават пасля вайны яшчэ ўся вёска малола зерне на яго жорнах. Ільнамялку і малатарню забралі ў калгас.

— А я памятаю, як гэтая малатарня стаяла да вайны ў двары прадзеда Талаша, і там вяскоўцы малацілі проса. А мы, дзеці, каталіся на малатарным прывадзе. Прадзед нас ганяў, — дадае старэйшая сястра Клаўдзія Якаўлеўна. — Нас, праўнукаў яго, многа было. Толькі ў нашай сям’і чатыры сястры і тры браты. Наш бацька, Якаў Данілавіч, некаторымі рысамі характару быў падобны на Дзеда Талаша. Калі бацькі не стала, маці адна нас падымала. Яшчэ жывы быў наш дзед Даніла, старэйшы сын Талаша. Пойдзем да яго, каб нечым пажывіцца, а скупая бабуля Хвядора замест малака наль’е глечык сыроваткі напалову з вадой. Але неяк выраслі. Ад прыроды мы жывучыя. Год таму нашай старэйшай сястры Любы не стала. Пражыла яна 85 гадоў. У Навасёлках нас дагэтуль завуць Талашыхамі.

— А ці ганарыцеся вы гэтым?

— А як жа, — ківаюць праўнучкі Дзеда Талаша. — Яго ведае ўся Беларусь. Не кожнаму пашчасціць стаць прататыпам літаратурнага героя. У жыцці ён быў звычайным чалавекам. Любіў сваю Прыпяць, заўзята лавіў рыбу. Плёў сеткі з каноплі, майстраваў човен. А ў вольны час у невялікай Талашовай хатцы збіраліся вяскоўцы, каб паслухаць яго байкі пра жыццё-быццё. А яшчэ ён цудоўна спяваў. Яго любімай песняй была «Догорай, гори, моя лучина, догорю с тобой и я…»

— А якія асноўныя рысы характару ці звычкі Дзеда Талаша перадаліся вам, яго нашчадкам?

— Мы — трэцяе калена пасля Дзеда Талаша. Так што яшчэ многае ад яго захавалася ў нашых генах. Галоўнае, што нас яднае з ім, — любоў да працы. З малых гадоў да яе мы прызвычаіліся. Усё па хатняй гаспадарцы рабілі. Браты падлеткамі касілі, дровы нарыхтоўвалі, а мы, дзяўчаты, больш маці дапамагалі. Яна калгасных кароў даіла, і мы ёй на ферме дапамагалі.

— Мая навука ў школе закончылася пасля чатырох класаў, і мяне маці адправіла пасвіць кароў, — удакладняе Клаўдзія Якаўлеўна. — Трэба ж было неяк хлеб зарабляць.

— А я пасля сярэдняй школы пайшла калгасных курэй даглядаць, — гаворыць Антаніна Якаўлеўна. — Старалася, каб зарабіць грошы, каб і маці дапамагчы, і сабе на адзенне. Я ж ужо была на выданні.

— Антаніна Якаўлеўна, у пасляваенныя гады сярэднюю адукацыю далёка не ўсе мелі. Вы больш нікуды і не спрабавалі паступаць вучыцца?

— Ад калгаса мяне накіравалі ў Мінск на садавода вучыцца. Заняткі праходзілі ў старым будынку школы, што ў Лошыцы, а практычныя ўрокі былі ў садзе. Год я адвучылася і вярнулася ў Навасёлкі садаводам. Шмат гадоў у калгасным садзе працавала. Замуж выйшла. Траіх дачок разам з мужам выхавалі. Яны цяпер маюць свае сем’і. Аднойчы мой унук Арцём у Брэсцкай школе пісаў сачыненне па творчасці Якуба Коласа. І напісаў, што ён — нашчадак Дзеда Талаша. Настаўніца, калі прачытала гэта, спачатку не паверыла і спытала ў яго, ці так гэта? І Арцём расказаў усё падрабязна. Увесь клас быў уражаны.

— Вы шмат чулі пра свайго вядомага прадзеда ад родных. Якія яго асаблівасці?

— Наша старэйшая сястра Люба больш помніла прадзеда і гаварыла, што ён быў моцна складзены, хоць i невысокага росту, — удакладняе Антаніна Якаўлеўна. — Сто два гады адмераў яму лёс. Колькі ўсяго перажыў за свой поўны век! Некалькі войнаў, рэвалюцыю, калектывізацыю і разруху. Але ніколі не губляў чалавечай годнасці. Усе мы, яго шматлікія нашчадкі, ганарымся ім.

ПАХАВАНЫ Дзед Талаш на петрыкаўскіх могілках. А ў цэнтры горада, на высокім беразе Прыпяці, велічна ўзвышаецца яго бюст. У Навасёлках старанна захоўваецца сядзіба слыннага палешука. Сюды едуць на экскурсію з усіх куткоў Беларусі.

Яркімі фарбамі ўпрыгожыла восень схаваныя сярод векавых дрэў на крутым прыпяцкім беразе Навасёлкі. Цішыню і спакой нястомна сцеражэ шырачэзная Прыпяць, па якой раз-пораз праскочыць шустрая маторная лодка ці прапыхціць буксір, што цягне да краёў запоўненую грузам баржу. А з зыркага асенняга неба часам даносіцца журботны покліч адлятаючых у вырай жураўлёў. Будуць мінаць гады, дзесяцігоддзі, і надалей будзе несці паўнаводная Прыпяць сухадольнаму Дняпру багатую палескую даніну. З’явяцца новыя паданні ці легенды нашчадкаў Дзеда Талаша, але дай Бог, каб імёны будучых герояў гэтых мясцін ніколі не былі звязаны з вайной.

Уладзiр  СУБАТА, «БН»

Фота аўтара

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter