Салют, нелегалы!

«Новый год люди хотят встретить ярко, весело, красиво. Правда получается не у всех».

Трыццаць чалавек атрымалі траўмы ад петард і феерверкаў, у тым ліку дзевяць дзяцей. Такая сумная статы-стыка сустрэчы 2017 года. Жадаючыя запаліць у душы святочны агонь з дапамогай піратэхнікі і ў сёлетнюю навагоднюю ноч знойдуцца. Карэспандэнт «Р» пабывала ў аддзеле выбуховатэхнічных экспертыз Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, куды трапляюць на даследаванне феерверкі, петарды і іншыя свя-точныя атрыбуты, якія прывялі да трагічных наступстваў.

— Новы год людзі хочуць сустрэць нармальна. Праўда, атрымліваецца гэта не ва ўсіх,
— пачынае размову з прафесійнага жарту начальнік аддзела выбуховатэхнічных экспертыз Сяргей Ігнатовіч.

Асабліва гэта тычыцца дзяцей. Савецкія хлапчукі рабілі петарды самі, набіваючы гільзы ад агнястрэльнай зброі ці кардонныя трубкі галоўкамі ад запалак. Сучасныя падлеткі ідуць за піратэхнікай у спецыялізаваныя крамы. Там гэты тавар прадаюць толькі з 18 гадоў. Але паслужлівыя прыяцелі, а то і самі бацькі ахвотна купляюць яго малым. А пасля гэтыя дзеці трапляюць у зводкі МУС. Вось прыклад. У Гомелі ў 2014 годзе школьнік атрымаў чэрапна-мазгавую траўму і апёк твару пасля таго, як кінуў петарду ў шчыліну металічнага люка. Выбухам крышку адкінула наўпрост на яго.

— Трое падлеткаў забаўляліся 1 студзеня, падрываючы петарды адзін у аднаго на жываце. Забаўка скончылася траўмай брушной поласці і шпіталізацыяй аднаго з іх, — падключаецца да размовы намеснік начальніка аддзела выбуховатэхнічных экспертыз Сцяпан Клімовіч, паказваючы тыя самыя пікавыя петарды.

Выглядаюць яны звычайна: кардонная абалонка, усярэдзіне начынне з акісляльніка і гаручага, з абодвух бакоў — заглушкі з гіпсу, у адной з заглушак — кнот. І ў маім дзяцінстве хлопцы ў двары такімі забаўляліся. Маглі і ў кішэню кінуць, і ў капюшон пакласці. У Гомелі школьнікі пайшлі далей і кінулі петарду ў аўтамабіль. Справа скончылася судом. Ёсць і куды больш трагічныя гісторыі. У 2015 годзе юнаму мінчаніну піратэхнічны выраб, які запускаецца са спецыяльнага прыстасавання для адстрэлу, нанёс смяротную траўму галавы. Відавочцы казалі: усё адбылося імгненна.

У ход у адпачывальнiкаў ідзе ўсё, што гарыць і дыміцца

— На слэнгу піратэхнікаў гэты выраб называецца «бурак». Ён уяўляе сабой шар з тоўстага кардону, начынены піратэхнічнай зорачкай. Да шара далучаецца зарад, як правіла, з чорнага пораху, — дапамагае разабрацца ў прадмеце Сяргей Ігнатовіч. — Шар змяшчаюць у спецыяльную металічную трубу, падпальваюць кнот, і шар выстрэльвае. На пэўнай вышыні ён узрываецца, раскідваючы зорачкі ў розныя бакі. Малады чалавек змясціў «бурак» у трубу і падпаліў. Не дачакаўшыся, пакуль выраб выстраліць, зазірнуў у трубу. У гэты момант шар стрэліў  яму ў твар.

— Легальны абарот такіх вырабаў у нашай краіне абмежаваны. Афіцыйна набыць такі шар можа толькі прафесійны піратэхнік, які мае ліцэнзію. Дзе падлетак яго дастаў, разбіралася следства, — дадаў Сцяпан Клімовіч.

Класічныя петарды нярэдка трапляюць на экспертызу пасля трагічных інцыдэнтаў

Некалькі гадоў таму, сустракаючы Новы год, жыхары аднаго з раённых цэнтраў запусцілі сігнал хімічнай трывогі. Дзе яго ўзялі — таксама невядома. Але ў краме такі не купіш. Гэта выраб спецыяльнага прызначэння і нароўні з асвятляльнымі і сігнальнымі патронамі часта канфіскуецца з незаконнага абароту. Ад старасці карпусы рухавікоў таго зарада заржавелі, і соплы забіліся. Вылецеўшы з гільзы, ён рэзка змяніў траекторыю і паляцеў у натоўп. Дзяўчыне, якая глядзела «шоу», зарад трапіў у шыю. Загінула імгненна.

Сярод прычын, па якіх піратэхніка прыводзіць да трагедыі, — банальная няўважлівасць. Эксперты раяць: уважліва чытайце інструкцыю. Яна ёсць нават у прадукцыі кітайскай вытворчасці, прычым на рускай мове. Там прапісаны ўсе варыянты развіцця падзей. Бываюць такія выпадкі, калі піратэхніка не спрацоўвае. Калі так здарылася, на працягу пятнаццаці хвілін наогул нельга падыходзіць да яе.

Піратэхнічны выраб тыпу «бурак» афіцыйна купіць можа толькі прафесійны піратэхнік з ліцэнзіяй

Наземныя феерверкі могуць быць розныя. Падобныя на пчол, якія з гулам узлятаюць з зямлі. Пластыкавыя шары, якія рассыпаюцца іскрамі. Цыліндры, якія з гудзеннем раскручваюцца на зямлі. Асобныя ўмельцы перарабляюць піратэхніку: запавольваюць час гарэння ў паўтара раза, павялічваюць гучнасць. Акрамя класічных петард, пакупнікі ахвотна бяруць марціры. Яны ўзлятаюць на некалькі дзясяткаў метраў у паветра, дзе з інтэрвалам 3—4 секунды адбываецца чарада прыгожых выбухаў. Не адзін такі запуск скончыўся кватэрным пажарам. Ва ўсіх выпадках не выконвалася прапісаная ў інструкцыі бяспечная адлегласць.

КАМЕНТАРЫЙ У ТЭМУ:

Аляксандр КУПЧЭНЯ, начальнік упраўлення правапарадку і прафілактыкі ГУУС Мінгарвыкан-кама:


— Запускаць піратэхніку людзям, якія знаходзяцца ў стане алкагольнага ап’янення, забараняецца. Запуск піратэхнічных вырабаў павінен праводзіцца з бяспечнай адлегласці. Гэта значыць, паблізу не павінна быць людзей, аўтамабіляў і жылых будынкаў. Як правіла, гаворка ідзе аб адлегласці не менш за пяцьдзясят метраў. Катэгарычна забараняецца выкарыстоўваць піратэхніку ў месцах масавага збору людзей. Гэта можа быць расцэнена як дробнае хуліганства. За гэта прадугледжаны штраф ад 2 да 30 базавых велічынь ці адміністрацыйны арышт на тэрмін да 15 сутак. 

gorbatenko_inna@mail.ru

Фота Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Загрузка...