Поставские кооператоры бьют конкурентов особым вниманием к крестьянам, выгодной ценой и предприимчивостью

Салёны агурок да «Цешчынай каўбасы» – самае тое

На заквасцы антонавак „ спецыяліст цэха Іна КАЗАРОВІЧ
НЯМА асаблівага сакрэту ў тым, што некаторыя спажывецкія таварыствы, не вытрымаўшы канкурэнцыі з боку камерцыйных і іншых структур, спынілі існаванне. Між тым Пастаўскае райспажыўтаварыства, якое пасля заўчаснага зыходу з жыцця знакамітага на ўсю краіну былога яго старшыні Рыгора Леўкаўца ўзначальвае Ганна Сянько, не толькі трымае «ўдары» канкурэнтаў у сваім раёне, але і ўзяло пад апеку і частку суседняга Браслаўскага. 

У чым сакрэт, з дазволу сказаць, жывучасці? Каб адказаць на гэтае пытанне, дастаткова заглянуць у крамы і супермаркеты райспажыўтаварыства. 

Больш трэці харчовых тава-раў — уласнай вытворчасці кааператараў, а хлебабулачных вырабаў наогул звыш 80 працэнтаў. Адпаведна і цэны прывабныя. Напрыклад,  «Цешчына каўбаса сыравяленая» — 13,4 рубля за кіло, у іншага вытворцы падобная — 17,4. Салямі «Макоўская» — 10,6 рубля, у іншых — 13,2. Адпаведную квашаную прадукцыю (агуркі, памідоры), як у Паставах, няма з чым параўноўваць. Яна ці не адзіная ў вобласці. Кілаграм салёных агуркоў каштуе ўсяго 1,7 рубля. І самае галоўнае — усё натуральнае.

Вытворчасці харчовай прадукцыі пастаўскіх кааператараў, іхняму хлебазаводу, квасна-засолачнаму і мясаперапрацоўчым цэхам, кулінарнаму, паўфабрыкатаў, жывёлазабойнаму, гароднінасховішчу і іншым сёння могуць пазай-здросціць нават вядомыя буйныя прадпрыемствы краіны.

Яшчэ больш унушальна гучаць лічбы. У мінулым годзе адпраўлена спажыўцам 190 тон салёных агуркоў, 12 — памідораў, 78 — квашанай капусты, 7 — салатаў і закусак, 7,5 — соку яблычнага, 34 — чарніц, 159 — каўбас, 159 — паўфабрыкатаў і 1769 тон хлебабулачных вырабаў. Экспартавана прадукцыі на 766 тысяч долараў. У гэтым годзе за 8 месяцаў паспелі заквасіць 80 тон агуркоў, 14,6 — памідораў, 31,6 — капусты. А ўсяго выраблена прадукцыі на 4 мільёны рублёў.

Большай часткай гэтай вялікай гаспадаркі загадвае яшчэ даволі малады кіраўнік Аляксандр Жук, афіцыйна — начальнік аддзела нарыхтовак, прамысловасці і знешнеэканамічнай дзейнасці. Ён пачынаў тут сваю працоўную біяграфію ў якасці простага экспедытара, спадарожна скончыў гандлёва-эканамічны ўніверсітэт, прайшоў некалькі ступенек росту. З веданнем і ахвотай распавядае аб вытворчасці:

— Далёка за межамі раёна і вобласці славіцца наш пастаўскі хлеб. Выпечаны на хлебнай заквасцы, з прымяненнем ржанога соладу, без усялякіх штучных дабавак, ён штогод заваёўвае медалі самай высокай пробы на прэстыжных рэспубліканскіх выставах-кірмашах. Асаблівым попытам карыстаецца ў пакупнікоў подавы «Мурамскі», новы «Латвійскі з семачкамі», дыябетычныя сарты «Стаўрапольскі», «Зерневы духмяны», «Белы водрубны» і многія іншыя.

Аксана ГЕРАСІМЁНАК на лініі яблычнага соку

Звыш 80 відаў мясной прадукцыі вырабляе мясаперапрацоўчы цэх. Нягледзячы на высокую канкурэнцыю з боку шматлікіх і даволі вядомых у рэспубліцы мясакамбінатаў, яго вырабы разыходзяцца «з колаў». А справа ў тым, што і тут пастаўчане здолелі знайсці сваё, адметнае. Напрыклад, асвоілі выраб грудзінкі сыравяленай і паляндвіцы па старадаўнім рэцэпце, на вольсе. І гэта далёка не адзіны прыклад.

Гонар таварыства — квасна-засолачны цэх, хаця назва гэта гучыць даволі сціпла, бо, па сутнасці, тут узведзены сумесна з венграмі цэлы завод з сучасным абсталяваннем, якое дазваляе перапрацоўваць усё, што ў нас вырошчваецца. А галоўнае, квашанне, саленне ідзе без кансервантаў. Атрымліваецца чыста натуральны прадукт.

Мы заглянулі з Аляксандрам Жуком у гэты цэх, калі там ішла закладка на мачэнне антонавак. Паўсотні бочак ужо запоўнены прадуктам. Займаліся гэтай справай вопытныя спецыялісты Іна Казарава, Тэрэза Баль, Аксана Герасімёнак, Ала Мамаедава. Да гэтага яны працавалі на Пастаўскім кансервавым заводзе, пакуль той не зачыніўся.

На другой лініі таксама ішла прадукцыя з яблыкаў: Аксана Герасімёнак гнала з іх сок. Збіраўся ён ва ўпакоўку ёмістасцю 2,9 літра, а пасля дадаткова расфасоўваўся ў прыгожыя пакеты. Натуральны, як дамашні, ён карыстаецца попытам у нас і за мяжой.

Якасць прадукцыі гарантуецца яшчэ і тым, што рабочыя працуюць адзінай брыгадай па здзельна-прэміяльнай аплате: што зарабілі — тое і атрымалі. Каму хочацца губляць свае грошы! Таму і рэкламацыі адсутнічаюць. Ёсць толькі пахвальныя водгукі. Аб гэтым не прамінула нагадаць загадчык цэха Зоя Урандайкіна, якая працуе тут з яго адкрыцця.

Нарыхтоўшчык Сяргей КАСЦЯН на прыёмцы яблыкаў

Яна ж паказвае ў другім аддзяленні-сховішчы гатовую прадукцыю ў шматтонных ёмістасцях з засоленымі агуркамі, таматамі, капустай.

Перашкод, праблем хапае. Асабліва з нарыхтоўкай сыравіны, якой патрабуецца нямала. Тым не менш і з гэтым спраўляюцца. Пытаюся ў Аляксандра Жука:

— Аляксандр Юр’евіч, усё гэта, пра што мы гаварылі і што ўбачылі, уражвае. Аднак напрошваецца пытанне: дзе ўзяць столькі сыравіны? Напрыклад, яблыкі. У Віцебскай вобласці скардзяцца на іх неўраджай, а вы паспелі закупіць паўтысячы тон? Мабыць, з іншых абласцей везлі?

— Не, за сотні кіламетраў вазіць нам эканамічна нявыгадна. Яблыкі знаходзім у сваім раёне. Асабліва ў лынтупскай зоне. Адпраўляем штодзень машыну і набіраем іх да 10 тон. У нашай сістэме ў вёсках, маецца на ўвазе і браслаўская зона, 89 крам. І ў кожнай яе загадчык паралельна займаецца нарыхтоўкай сыравіны. Узяць, да прыкладу, магазін вёскі Ярэва. Там Святлана Нагановіч загадчыцай звыш дваццаці гадоў. Яна мясцовая, добра ведае людзей. Нарыхтавала 9 тон яблыкаў. Яна зацікаўлена набыць сыравіны як мага больш, бо за кожны кілаграм мы ёй налічваем дадатковую аплату. Добрыя вынікі паказваюць загадчыкі крам у вёсках Сакуны, Муляры, Мягуны і іншых. Ёсць у нас у Паставах свой прыёма-нарыхтоўчы пункт, якім шмат гадоў загадвае Сяргей Касцян. Ён бярэ яблыкі і іншую сыравіну на месцы, а таксама па заяўках грамадзян выязджае на машыне. За адзін рэйс забірае да 10 тон. Немалую ролю адыгрывае цана. За кілаграм яблыкаў даём 18 капеек, а пачыналі з 10. Важна, што грошы аддаём адразу. Нарыхтоўшчыкі ёсць яшчэ і ў Лынтупах, Дунілавічах. Акрамя таго, на сезон нарыхтовак уладкоўваем на гэту работу людзей дадаткова, з якімі заключаем дамовы. Ёсць яны ў нас у Варапаева і ў Мядзельскім раёне.

Начальнік аддзела нарыхтовак, прамысловасці і знешнеэканамічнай дзейнасці Пастаўскага райспажыўтаварыства Аляксандр ЖУК

— Але ж гэта ўжо Мінская вобласць?

— Так, але гэта суседні раён, і там вельмі плённа працуюць з насельніцтвам не першы год браты Сяргей і Міхаіл Кадушкевічы. Адных чарніц сёлета яны закупілі 30 тон. Усе ягады адправілі на экспарт.

— Ведаю, што сёлета і ў папярэднія гады вы актыўна прымаеце ў насельніцтва грыбы. Здзіўляе, што здолелі нарыхтаваць ажно 300 кілаграмаў лісічак, бо іх скуплівалі, як кажуць, «на корані» камерсанты, даючы па 5 рублёў і больш за кілаграм.

— А мы ўстанавілі такую ж цану, як у камерсантаў. Лісічкі засалілі і адправілі на экспарт. Атрымалі ў выніку выручку ў валюце. Бяром таксама белыя грыбы, падасінавікі, падбярозавікі, апенькі. Рыхтуем іх салёна-вараным спосабам. Пастаўляем па дамовах шэрагу рэстаранаў.

— Каб забяспечыць сыравінай такую магутную вытворчасць, маецца на ўвазе гародніна і мяса, даводзіцца, відаць, знаходзіць пастаянных пастаўшчыкоў?

— Безумоўна. Мы загадзя заключаем дамовы з вытворцамі. Напрыклад, у нашым раёне ёсць у вёсцы Савічы сялянска-фермерская гаспадарка, з якой штогод падпісваем дамовы на закуп бульбы. Сёлета — на 5 тысяч рублёў. Бяром таксама капусту, пачынаючы з ранніх сартоў і заканчваючы познімі. Сур’ёзныя пастаўшчыкі гародніны ў нас у Гродзенскай і Брэсцкай абласцях, дзе сёлета набылі 140 тон агуркоў, бо для засолкі яны ідуць толькі з адкрытага грунту. Большую частку засалілі, астатняе ў свежым выглядзе рэалізавалі ў сваіх крамах.

— Сезон яблыкаў завяршаецца. Што далей?

— Прыступілі да закупу бульбы ад насельніцтва па 25 капеек за кілаграм. Плануем нарыхтаваць 200 тон. Сучаснае гароднінасховішча з зададзеным мікракліматам дазваляе захоўваць прадукцыю да новага ўраджаю. Пачалі закуп журавін, ураджай якіх сёлета багаты. Словам, адпачываць часу няма і не прадбачыцца.

saulich@bk.ru

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter