Сальтарэла па-беларуску

Гэты старажытны танец выконваецца пад не менш старажытны інструмент – лютню. Яе ўпершыню ў Беларусі адрадзіў настаўнік з Пінска Юрый Дубнавіцкі

Праз стагоддзі
— Адкуль такая экзатычная для палешукоў назва? — Пытаюся ў стваральніка гурта Юрыя Дубнавіцкага, выкладчыка Пінскай музычнай школы па класе гітары.
— Гэта старажытны танец італьянскага паходжання, які выконваецца ў хуткім тэмпе. Звычайна пад акампанемент лютні, папярэдніцы сучаснай гітары. Лютня была надзвычай папулярным музычным інструментам на Беларусі ў ХVI—ХVIII стагоддзях. Тады ў Гародні, Наваградку, Нясвіжы існавалі цэлыя капэлы лютністаў. У Францыі ды Англіі лютня панавала і пры каралеўскім двары, і на народных гуляннях, і нават у ваенных паходах. А Вялікае княства Літоўскае з лютняй пазнаёміла Бона Сфорца. Менавіта жонка Жыгімонта Старога прывезла з Італіі лютністаў, з яе лёгкай рукі на тагачаснай Беларусі пачалі стварацца першыя гурты, у якіх па яе патрабаванні не менш як палову музыкаў павінны былі складаць мясцовыя.
Сёння на Беларусі ўжо ёсць майстры, якія займаюцца вырабам гэтых музычных інструментаў. Але, так бы мовіць, эпіцэнтрам адраджэння гэтага рамяства лічыцца Пінск, дзе колькі гадоў таму некаторыя энтузіясты захапіліся не зусім звыклаю справай.
— На мяжы тысячагоддзяў у Еўропе здарыўся нейкі ўсплёск цікавасці да музыкі XV—XVI стагоддзяў, — працягвае суразмоўца. — З’яўляліся ансамблі-выканаўцы старажытнай музыкі. Зразумела, музыкам хацелася выконваць творы на інструментах той эпохі, для якой яны былі напісаны, але даводзілася музыку, створаную, напрыклад, для клавесіна, выконваць на фартэпіяна, а за лютню старалася класічная гітара.
Вось і на Беларусі, а найперш у Пінску, з’явіліся майстры, якія пачалі рабіць копіі музычных інструментаў. Чаму копіі? Бо ўзрост тых арыгінальных, што захаваліся да нашых дзён, неймаверна вялікі — 400—500 гадоў. Глядзець на іх можна, а вось іграць...
А іграць хацелася
Гадоў дзесяць таму выкладчык Пінскай музычнай школы прафесійны гітарыст Юрый Дубнавіцкі захапіўся вырабам акустычных гітар — купіць дастойнай якасці інструмент тады было досыць праблематычна. З часам беларускі рынак насыцілі чэшскія, іспанскія, японскія, карэйскія вытворцы і Юрый, маючы ўжо пэўны вопыт стварэння музычных інструментаў, пераключыў сваю ўвагу на лютню. Першую зрабіў сабе.
Сёння з-пад рук пінскага майстра выйшла 15 інструментаў. Старадаўнюю музыку на іх выконваюць у Маскве, ва Украіне беларускія вядомыя гурты — як, напрыклад, “Стары Ольса”, ну і, зразумела, выхаванцы Дубнавіцкага.
Чарцяжы старажытнага інструмента ён шукаў у музеях, Інтэрнэце. Дапамог сябра — вядомы мінскі гітарыст Яўген Гры-дзюшка падчас свайго знаходжання ў Германіі знайшоў працу пачатку мінулага стагоддзя на англійскай мове з падрабязным апісаннем тэхналогіі вырабу лютні. А яшчэ Дубнавіцкаму пашчасціла атрымаць кансультацыю англійскага лютніста, які наведаў Пінск з канцэртамі. Ён зрабіў неабходныя замеры, фотаздымкі, і — справа пайшла. Альпійскую рэзанансную елку, чырвонае, чорнае дрэва (мясцовы матэрыял для справы не падыходзіць) зноў жа дастаўлялі сябры з замежжа. Усіх сакрэтаў, зрэшты, майстар не раскрывае. Галоўнае, кажа, — гістарычная сапраўднасць, каб музыка рэнесансу і барока гучала так, як яе чуў кампазітар.
На сучасны манер
Пры стварэнні ансамбля ўвагу скіравалі на таленавітую моладзь. У першы склад гурта ўвайшлі скрыпачка, пераможца шматлікіх конкурсаў Вольга Сачкоўская, піяністка Вікторыя Гаранец, віяланчалістка Вікторыя Пузь, гітарыстка Ганна Пасевіч. Дзяўчаты змянілі свае традыцыйныя інструменты на клавесін, віёлу ды гамба, арх-лютню, лютню-барока. Паўгода напрацоўваўся рэпертуар, а потым былі канцэрты. У красавіку мінулага года ансамбль стаў адкрыццём сярод дарослых калектываў у мінскім кляштары Святога Роха, цёпла прымалі гурт і на міжнародным фестывалі ў Паставах “Звіняць цымбалы і гармонік”. А самая яркая падзея — удзел юных пінчан ва ўрачыстасцях з нагоды 210-годдзя Адама Міцкевіча па запрашэнні беларускай амбасады ў Варшаве. Пра гэта дзяўчаты і адзіны кавалер Міхась   Еўтуховіч  —  асоба   над-звычай рамантычнага складу — расказваюць з непрытоеным захапленнем і бляскам у вачах.
Работа працягваецца. Зрэшты, незвычайным захапленнем Юрыя Дубнавіцкага зацікавіліся гарадскія ўлады. Зацікавіліся настолькі, што летась прысвоілі яму ганаровае званне “Чалавек года” ў галіне культуры.
...Летась у пінскай музычнай школе № 1 адкрыўся адзіны пакуль што ў Беларусі клас лютні. І займаецца ў ім пакуль што адзін вучань. У маі будзе аб’яўлены набор. Інструменты, вырабленыя Юрыем Дубнавіцкім і яго аднадумцамі, ужо чакаюць сваіх юных гаспадароў. І пранікнёная музыка старадаўняй Еўропы ды нашых таленавітых продкаў будзе гучаць зноў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter