Як нараджаліся саламяныя галаўныя ўборы для канкурсантак “Міс Беларусь”

Салома на подыуме

Калі вы ўважліва сачылі за фіналам конкурсу “Міс Беларусь”, то не маглі прапусціць выхад прыгажунь у стылізаваных нацыянальных касцюмах і саламяных галаўных уборах — кветкавых вяночках, каронах з падвескамі, ажурных бантах. Салома, якая асацыюецца ў нас са стрэхамі вясковых хат, дыванкамі ў бабулінай хаце ды трывіяльнымі сувенірамі-лялькамі, паўстала ў новым выглядзе. Аўтар саламяных “карон” і некалькіх тысяч іншых прац, удзельніца рэспубліканскіх і міжнародных выстаў, у тым ліку ў Францыі, член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Алена Грынь-Белавус упэўнена: саломка можа выглядаць сучасна.

Фота БЕЛТА

Дзясяткі павукоў глядзяць на мяне са столі аднаго з калідораў архітэктурна-мастацкай гімназіі № 75 горада Мінска. Вядома, не жывых — саламяных. Нядаўна тут адкрылася выстава вучаніц Алены Грынь-Белавус “Архітэктоніка па-беларуску”. А вось і кабінет, дзе выкладае майстар. Яшчэ не адчыніўшы дзверы, адчуваю водар спякотнага сонечнага лета — прыкладна так пахне пры запарванні салома. Сонца жыве і ўнутры — паўсюль ззяюць залацістыя вырабы. І тут не толькі традыцыйныя конікі і лялькі. Сваёй вытанчанасцю здзіўляюць вырабленыя з саломы пано, паўлін, вожык, вяночак — першы спробны варыянт для конкурсу “Міс Беларусь”.

Фота аўтара.
— З Цэнтра моды мне патэлефанавалі дзесьці за месяц да фіналу. За гэты час трэба было вырабіць 30 галаўных убораў, а да іх у камплект — пацеркі і бранзалеты. Гэта быў пэўны выклік сабе, таму я і пагадзілася на такую авантуру, — успамінае майстар.

Працаваць прыходзілася і днём, і ноччу. Да выканання дробных работ далучыліся нават муж і сямігадовы сын. Але нягледзячы на кароткі тэрмін, усё выйшла як мае быць, упэўнена саломапляцельшчыца:

— Дэфіле атрымалася вельмі каларытным і стыльным. Выхад кожнай дзяўчыны толькі падмацоўваў маю ўпэўненасць у тым, што саломка можа выглядаць сучасна.

Калі на подыуме знайшлося месца гэтаму матэрыялу, то што ўжо казаць пра звычайнае жыццё. Да прыкладу, для сябе майстар вырабіла капялюш і пляжную сумку, з якімі не расстаецца ў адпачынку. Расказвае, што яе саламяныя аксэсуары часта выклікаюць захопленыя погляды гасцей і жыхароў курортных гарадоў.

А вось сваю першую працу Алена вырабіла, калі ёй было гадоў шэсць. Сплятаць сонечныя ўзоры яе навучыла бабуля — трэба ж было чым заняць унучку, якая часта прыязджала да яе ў вёску:

— Бабуля рабіла практычныя рэчы — газетніцы, расчосніцы, кошыкі, плеценыя дыванкі. А я сабе першым спляла ўпрыгажэнне на галаву — у Савецкім Саюзе не было такіх заколак, як сёння, а хацелася нечым выдзеліцца перад сябрамі. Пазней вырабляла розныя сувеніры. Больш таго, недзе ў 5—6-м класе нават “зарабляла” на іх. Мы жылі ў пасёлку Сокал каля Нацыянальнага аэрапорта Мінск. Людзі, якія ляталі за мяжу, у 1990-я не маглі знайсці падарункаў у крамах, я ім дапамагала. Узамен атрымлівала шакаладкі. А аднойчы ва ўдзячнасць мне прывезлі ласіны.

Але Алена не збіралася быць майстрам па саломапляценню. Яна марыла пра прафесію бухгалтара. Аднак даведаўшыся, што на адно месца ў гандлёвым каледжы прэтэндуе 10—11 чалавек, перадумала і падала дакументы ў педагагічны каледж на факультэт выяўленчага мастацтва. Там лёс звёў яе са старшынёй саломапляцельшчыкаў у Беларускім саюзе майстроў народнай творчасці Аленай Папкоўскай, якая адкрыла студэнтцы невядомыя ёй сакрэты майстэрства. Атрыманыя веды Алена Грынь-Белавус перадае сёння малодшаму пакаленню. На дзіва і ў ХХІ стагоддзі малыя цікавяцца гэтым старажытным рамяством.

— Саломка развівае маторыку, абстрактнае мысленне, засяроджанасць увагі, — пералічвае педагог карысць такіх заняткаў. — Акрамя таго, валодае пэўнай гіпна-тычнай уласцівасцю. Пачынаеш плесці і пагружаешся ў нейкі “саломатранс”. Заўважаю, што дзеці размаўляць пачынаюць менш, хоць залятаюць у клас вельмі ўзрушаныя. Ды і за сабой заўважаю: нават калі сядаеш за працу стомлены, у выніку ўсё роўна атрымліваеш задавальненне. Веру, што салома, зрэшты, як любы прыродны матэрыял, захоўвае ў сабе добрую, станоўчую энергетыку.

Верылі ў моц саломы і нашы продкі. Многія земляробчыя народы, упэўненыя ў тым, што ў сцяблінах расліны заключаны дух хлебнага бажаства, поля, сіла яго ўрадлівасці, а значыць, і дабрабыт селяніна, часта стваралі з яе розныя абрадавыя атрыбуты для каляндарных і сямейных свят. Асаблівай папулярнасцю карысталіся “павукі” — падвесныя дэкаратыўныя канструкцыі, якія павінны былі засцерагаць дом і гаспадароў ад усялякіх бед, забіраючы ў сваю павуціну ўсё адмоўнае.


Фота БЕЛТА

  Сёння дыяпазон вырабаў з саломы значна пашырыўся — ад маленькіх завушніц да вялікіх зуброў. Прычым роўных беларусам у гэтым майстэрстве няма.

— Ні ў адной краіне гэты кірунак прыкладнога мастацтва не дасягнуў такіх вышынь, як у нас. Мы можам ганарыцца той колькасцю майстроў, якія працуюць у Беларусі. Магчыма, не хапае саломцы пэўнай раскруткі, падобнай той, што ёсць у слуцкіх паясоў, якія падтрымалі на дзяржаўным узроўні. Спадзяюся, гэта пытанне часу, — разважае Алена Грынь-Белавус. — Мы павінны ўсвядоміць: повязь мінулага і сучаснасці вядзе нас да будучыні. Гэта датычыцца не толькі саломы, але культуры і традыцый увогуле. Таму адмаўляць тое, што было раней, чым жылі нашы продкі, мы не маем права.

Золата роднай нівы

Здавалася б, салома — танны і даступны матэрыял, але знайсці яго добрай якасці не так проста, гэта не фарбы ці гліна, якія лёгка набыць у краме. Алена Грынь-Белавус нарыхтоўвае салому сама — каля 10 сотак на ўчастку бацькоў ідзе пад жыта:

— Яшчэ пару тыдняў, і можна зжынаць. Мэта майстра — нарыхтаваць максімальна жоўты матэрыял без гнілых утварэнняў. У нас гэта складана зрабіць — з-за высокай кіслотнасці дажджоў зялёны колер адразу пераходзіць у цёмны. Ведаю, многія майстры адбельваюць салому, але я за тое, каб выкарыстоўваць “жывы” матэрыял. Таму зразаю жыта зялёным, яшчэ да з’яўлення зерняў. Пажадана ў спякотны дзень, каб яно добра ўсохла, тады салома будзе мяккай і захавае прыродны залацісты колер.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter