Как мы с работниками лесничества добывали первый березовый сок

Салодкi кактэйль сакавiка

Кроплі смачныя і карысныя — натуральна брыльянтавыя.

Нашы продкі нездарма назвалі першы месяц вясны сакавіком — толькі гэтай парой, калі сыходзіць снег і адступаюць маразы, можна паласавацца бярозавым сокам, ды і то зусім нядоўга. Разам з работнікамі Скрыльскага лясніцтва Пухавіцкага лясгаса карэспандэнт «Р» выправілася на падсочку — так называюць збор бярозавага соку.  

Дабрацца да дзялянкі, адведзенай для падсочкі, не так проста — некалькі кіламетраў гразкай лясной дарогі «уазік» пераадольвае з цяжкасцю, узбіраючыся на пагорак, каб зараз жа скаціцца ў глыбокую лужыну. Яшчэ пару соцень метраў даводзіцца прайсці пяшком — дрэнна прыйшлося б без гумавых ботаў. Але падарожжа таго вартае. Свежым паветрам не надыхацца, сонца заблыталася ў верхавінах дрэў, гулліва пускае ў вочы «зайчыкі», пераліваецца вясёлкай у кроплях расы на галінках. Весела пераклікаюцца птушкі  — нават гук бензапілы іх не бянтэжыць.

Сярод бяроз завіхаюцца чалавек дзесяць. Работнікі лясніцтва працуюць хутка і зладжана: адзін зверху ўніз наўскасяк праводзіць шынай пілы па дрэве, другі адразу ж забівае ў прапіл спецыяльны латок з нержавейкі, трэці вешае мяшок з моцнага поліэтылену. Спяшаюцца нездарма: адразу пасля падсочкі вадкасць літаральна струменьчыкам льецца, шкада губляць каштоўныя кропелькі.

— Гэта таму, што спачатку сок ідзе знізу, ад зямлі, пад даволі вялікім ціскам, — тлумачыць Аляксей Сіпач, майстар лесу. — Хутка ён пачне капаць больш павольна. Мяшок аб’ёмам 40 літраў набягае ў сярэднім за два дні.

Прапілы павінны быць вызначанага памеру, каб не нашкодзіць дрэву.

Найбольш зручная вышыня надрэзу — каля 60 сантыметраў ад зямлі: каб напоўнены мяшок не лёг і сок з яго не выліўся і каб не абарваўся пад уласнай вагой.

Для соку лясгасы закупляюць спецыяльныя латкі і мяшкі.

— Проста прыйсці ў лес і выбраць любую бярозу нельга, — папярэджвае памочнік ляснічага Барыс Руды. — Падсочка — сур’ёзнае выпрабаванне для дрэва, ад няправільных дзеянняў яно можа нават загінуць. Гэты лес ужо спелы, бярозам 62 гады, а значыць, іх ужо трэба пускаць у карыстанне.

Сок зліваюць у бітоны, адтуль — у бочкі, потым перапампоўваюць у машыны тыпу малакавозаў.

Пасля таго як здабыча соку закончыцца, прапіл на дрэве абавязкова замажуць сумессю гліны з пілавіннем, і тады можна будзе спускаць сок яшчэ гады два.

— Шво павінна быць не даўжэй за 15 сантыметраў і не глыбей за пяць, каб не прабіць драўніну, — расказвае правілы падсочкі Аляксей Сіпач. — Інакш сок будзе працякаць у абыход латка.  

Аляксей СІПАЧ і Барыс РУДЫ правяраюць правільнасць падсочкі.

З гэтай дзялянкі ў лясніцтве плануюць узяць 20 тон соку, а ўсяго збіраюцца нарыхтаваць 76 тон. Смачную бярозавую прадукцыю рэалізуюць насельніцтву і прадпрыемствам. Літр аптовай партыі для арганізацый будзе каштаваць ад 18 капеек, для насельніцтва — 30 капеек.

Можна рабіць падсочку і самастойна. Для гэтага трэба звярнуцца ў лясніцтва і выпісаць лясны білет, на падставе якога складуць акт аб перадачы лесасекі. Леснікі пакажуць, дзе дазволена нарыхтоўка бярозавага соку. Ліміт на яго колькасць не прадугледжаны. Калі збор закончыцца, неабходна замазаць шво і зноў паведаміць у лясніцтва. Спецыялісты агледзяць дрэвы і складуць акт зваротнай перадачы лесасекі. Нават калі размова ідзе аб 2—3 дрэвах, алгарытм дзеянняў не змяняецца. Браканьерская ж падсочка караецца законам. У адпаведнасці з артыкулам 15.26 КаАП, за парушэнне правіл нарыхтоўкі, збору або закупкі грыбоў, іншых дзікарослых раслін або іх частак прадугледжаны штраф да 20 базавых велічынь (510 рублёў).

Белыя мяшкі ляжаць пад дрэвамі, як парасяткі, якія хутка прыбавяць у вазе.

Тэрмін руху соку залежыць ад надвор’я.

— Калі ноччу тэмпература трымаецца на ўзроўні 2—3 градусаў цяпла, а днём дасягае +18 градусаў, сок закончыцца хутка, дні за тры, — удакладняе Аляксей Сіпач. — У пахмурнае і прахалоднае надвор’е падсочка можа затрымацца і на два тыдні. Самы смачны, салодкі сок — апошні. Колькі сезон соку працягнецца сёлета? Думаю, не больш за тыдзень.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter