Уникальный торт банкуху выпекают в Свислочским районе

Салодкая елка

Дакладна невядома, адкуль менавіта быў прывезены ў вёску Поразава Свіслацкага раёна рэцэпт банкухі — з Польшчы ці з Літвы. Але сёння гэта ўжо і не так важна — мясцовыя жыхары даўно лічаць торт, спечаны на верацяне, сваёй традыцыйнай стравай. Тут яго завуць «банкуха», у суседніх Польшчы і Літве — «сэнкач» і «шакоціс» адпаведна.

Фота  БЕЛТА


У наваколлі Поразава без банкухі раней не абыходзілася ні адно вяселле. Мясцовыя гаспадыні, піша БЕЛТА, нават спаборнічалі паміж сабой, у каго торт атрымаецца самым высокім і галінастым. Рэцэпты перадавалі выключна па спадчыне.
Сёння сакрэтамі прыгатавання ўнікальнага торта валодаюць толькі дзве жанчыны — Ганна Шалкевіч і
Алена Казюк.

Банкуха — страва не для пачынаючых гаспадынь. Па-першае, для прыгатавання цеста патрэбны вялікі аб’ём прадуктаў: як адзначае этнограф Ларыса Мятлеўская, прыкладна 60 яек, па кілаграму смятаны і цукру, 1,2 кг масла, 2,5 кг мукі. Па-другое, поўны цыкл прыгатавання займае каля 7 гадзін. Да таго ж, адной гаспадыні з ім не справіцца: на працягу 4—5 гадзін адзін чалавек круціць рукаятку ў печы з «верацяном», другі — палівае на верацяно цеста, трэці — сочыць за полымем у печы і падкладвае дровы, абавязкова бярозавыя, бо яны добра ўтрымліваюць тэмпературу. 

Гатовы торт чымсьці падобны на елку. Цікава, што калі яго разрэзаць, можна нават убачыць «гадавыя» кольцы, як на зрэзе сапраўднага дрэва. Гаспадыні ўпэўніваюць, што банкуха, прыгатаваная з душой, можа не чарсцвець некалькі месяцаў. 

Паступова традыцыя выпякання банкухі распаўсюджваецца. Ганна Шалкевіч і Алена Казюк навучылі майстэрству гаспадыню фальварка «У Рыся», які знаходзіцца ў 10 кіламетрах ад Поразава. І цяпер госці фальварка маюць магчымасць і пачаставацца гэтым тортам, і навучыцца вырабляць яго падчас майстар-класа. Зараз у раёне рыхтуюць матэрыялы дзеля ўнясення гэтай традыцыі ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей краіны.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter