Наш корреспондент наблюдал за первыми практическими занятиями с молодым пополнением Вооруженных Сил

Салдаты iшлi ў свой першы бой

Вайскоўцы з новага папаўнення выйшлі ў поле: у іх пачаліся практычныя заняткі. Тэорыя неацэнная, але на справе спасцігаць ваенныя навыкі хутчэй, ды і куды цікавей. Стральба з розных відаў зброі, кіраванне грознымі баявымі машынамі — захапляльны занятак. Карэспандэнт «Р» выправіўся на 227-ы агульнавайсковы палігон «Барысаўскі», дзе назіраў за падрыхтоўкай танкавых экіпажаў 120-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгады і маладых камандзіраў БМП 72-га аб’яднанага вучэбнага цэнтра. 

Зладжанасць экіпажа — мабыць, галоўны фактар паспяховага паражэння цэляў.

На поўным хаду — да цэлі 

На першым вучэбным пункце танкавыя экіпажы асвяжаюць веды па канструкцыі асабістай стралковай зброі АКС-У, скарочанага варыянта аўтамата Калашнікава, і ўзбраення на тэхніцы — кулямётаў ПКТ і НСВТ. На другім — трэніруюцца загружаць боепрыпасы ў транспарцір і падрыхтоўваць стужку кулямёта. Афіцэр трымае ў руцэ секундамер, пільна сочыць за часам. На выдатна трэба за 1 хвіліну 20 секунд загрузіць абмежаваны боезапас: тры артылерыйскія стрэлы і каробку з патронамі да ПКТ. Пасля —практыкаванне кантрольных стрэльбаў. 

Кіраўнік стральбы — на вышцы, уся танкавая дырэктрыса перад ім як на далоні. Ён аддаў каманду на загрузку — экіпажы рванулі на браню, заскочылі ў люкі. Т-72 рушыў да рубяжа адкрыцця агню, удалечыні падняліся мішэні. 1200 метраў да мішэні танка, жывая сіла праціўніка і лёгкабраніраваны аўтамабіль на адлегласці 500 метраў. Стральба — у руху. Час першага стрэлу — не пазней за 15 секунд з пачатку руху. Вучацца танкавыя экіпажы страляць і з кароткіх прыпынкаў, але ў іншыя дні. Сёння страляюць 14,5-міліметровымі снарадамі з укладнога ствала: штатнымі, 125-міліметровымі, пакуль рана.

Стральба з розных відаў ўзбраення, кіраванне грознымі баявымі машынамі — захапляльны занятак.

Камандзір 355-га асобнага гвардзейскага танкавага батальёна гвардыі маёр Вадзім Казаневіч удакладняе, што для ацэнкі «здавальняюча» трэба трапіць па мішэні танка як мінімум адзін раз, паразіць жывую сілу праціўніка і бронемашыну чаргой з кулямёта. Балы здымаюць за запознены першы стрэл або вядзенне агню не па сваёй мішэні.

Зладжанасць экіпажа — мабыць, галоўны фактар паспяховага паражэння цэляў. Механік-вадзіцель падладжваецца пад наводчыка, каб той мог больш уважліва прыцэліцца, перад стрэлам злёгку скідае хуткасць, да 5—7 кіламетраў у гадзіну. А ўжо пасля адстрэлу боезапасу Т-72 поўным ходам імчыць да мяжы спынення агню.


Справа маладых

Павел Новікаў — механік-вадзіцель. З Касцюковіч, хлопцу 19 гадоў. З тэхнікай на «ты». Адвучыўся на зваршчыка і паспеў да арміі атрымаць вадзіцельскую катэгорыю на права кіравання грузавіком. Праўда, у танку — рычагі, але да іх хутка прывык:

— Зручна, асабліва калі ў горку едзеш, рычагі пацягнуў на сябе — панізіў перадачу. 

Танкісты трэніруюцца загружаць боепрыпасы ў транспарцір і падрыхтоўваць стужку кулямёта.
У батальёне існуе традыцыя: салдаты трэцяга перыяду бяруць шэфства над новым папаўненнем, на зразумелай мове аднагодкаў перадаюць вопыт. Да выезду на палігон механікі-вадзіцелі вучацца на танкавым агнявым гарадку ў размяшчэнні 120-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгады стральбе з кулямёта, тактыцы. А таксама на трэнажорах — дакладных макетах танка Т-72 на гідраўлічнай платформе. 

Прызвалі Паўла на паўтара года. Дні да дэмбеля ён не лічыць: час у арміі ляціць хутка. Але ўсё ж, калі гаворка зайшла аб звальненні ў запас, усмешка на яго твары прамільгнула:

— Многія сябры пайшлі служыць у адзін прызыў са мной, вернемся разам — ох і пагуляем!

Дзяніс Басько — наводчык у экіпажы Паўла. Таксама з першага перыяду і адвучыўся на зваршчыка. Ды яшчэ і практычна зямляк — родам з Магілёва. Разам баявым таварышам трэба будзе яшчэ шмат прайсці, напрыклад, вясной — вадалазную падрыхтоўку і падводнае ваджэнне. 

Там, за туманамі

На суседняй дырэктрысе для БМП — планавыя заняткі 72-га аб’яднанага вучэбнага цэнтра. Ідзе навучанне новага папаўнення на пасаду камандзіраў экіпажаў. На вучэбным пункце байцы загружаюць у баявыя машыны 35-міліметровыя снарады, пераводзяць ПТУР з паходнага становішча ў баявое. 

Кіраўнік стральбы — на вышцы, уся танкавая дырэктрыса перад ім як на далоні.

Страляюць з месца. Мішэні для гарматы — на адлегласці аднаго кіламетра, а з кулямёта трэба паразіць групы пяхоты на адлегласці 400 і 700 метраў. Туман густы, як згушчанае малако. Трасірныя снарады пранізваюць яго і згасаюць за заслонай. Гэтай ноччу — зноў стральба, да трох гадзін ночы. Назаўтра — адсыпны да абеду.

ikras@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter