Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Вядомая ў краіне майстрыха Раіса Раманеня адкрывае свету старадаўняе беларускае майстэрства

Саламяныя дзівосы

Шляхі блізкіх па духу людзей абавязкова перасякаюцца. Такая думка неаднойчы ўзнікала ў мяне, калі гутарыла з Раісай Раманеняй, кіраўніцай студыі “Беларускі сувенір” — гэта пры Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Салігорскага раёна. Пазнаёміліся ж мы на пачатку года ў Палацы Рэспублікі, на ўручэнні прэмій “За духоўнае адраджэнне”, Спецыяльных прэмій Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва. І аўтарскі калектыў газеты “ГР”, і Раіса Раманеня — сярод лаўрэатаў. На стэндзе майстрыхі пабачылі многія з яе твораў, фотаздымкі з выстаў і фестываляў народнай творчасці з розных краін. Аказалася, што Раіса Аляксандраўна добра ведае і нашу газету, і многіх з яе былых супрацоўнікаў. У 2003-м разам былі яны ў творчым турнэ да беларусаў Украіны, Малдовы, Ціраспаля... “Знаёмыя” мы і праз артыкулы пра вандроўкі ансамбля “Радзімічы”. Пісала і я пра гастролі гэтага сямейнага гурта па Паўднёвай Карэі. А Раіса Раманеня была тады разам з артыстамі: ладзіла выставы, навучала карэйцаў свайму майстэрству.

Раіса Раманеня (злева) на адным з фестываляў народнай творчасці

Бывала майстрыха ў Індыі, Францыі, Турцыі, Сербіі, Венгрыі, ЗША, Польшчы, Расіі, Украіне... Калі я наведала яе ў Салігорску, збірала работы для экспазіцыі Мінскай вобласці на выставе ў Дзелавым і культурным комплексе Беларусі ў Маскве. Яна — пастаянная ўдзельніца розных кірмашоў, выстаў і фэстаў народнай творчасці. Неяк яе работамі зацікавілася народная артыстка Расіі Надзея Бабкіна, і цяпер саламяныя галаўныя ўборы мы часам бачым на артыстах ансамбля “Русская песня”. І ў Людмілы Зыкінай быў саламяны капялюшык ад Раісы Раманені, з ёй супрацоўнічаюць беларускія гурты “Церніца”, “Радзімічы” ды іншыя.

А да Вялікадня майстрыха заўсёды саломкай “распісвае” яйкі: тэхніка інкрустацыі. Атрымліваюцца сапраўдныя творы мастацтва, іх захоўваюць на драўляных падстаўках. Адно з такіх яек, дарэчы, ёсць і ў калекцыі англійскай прынцэсы Ганны. А патрапіла туды ў 90-х праз мінскую галерэю “Славутасць”, з якой у майстрыхі цесныя творчыя сувязі, і тагачаснага Амбасадара Беларусі ў Вялікабрытаніі Уладзіміра Шчаснага. У Раісы Аляксандраўны захоўваецца і падзяка ад прынцэсы з каралеўскай пячаткай.

І сёлета майстрыха зрабіла калекцыю велікодных яек. Пабачыла і я тыя дзівосы. Аднолькавыя па форме, а ўзоры — усе розныя. “Хараство маёй працы ў тым і ёсць: немагчыма паўтарыцца”, — радавалася Раіса Аляксандраўна. З пяшчотай дакраналася да кожнага твора, калі стварала кампазіцыю. То можа работы яе і карыстаюцца такой папулярнасцю, што ў іх адчуваецца душа? У кожнай — свая задума, ідэя... Увабралі ў сябе цеплыню рук яе, любоў, дабрыню, што бачу ў вачах мастачкі, і прыгажосць зямлі нашай, прыроды...

Раіса Раманеня з вучнем Сашам Дзілендзікам

Каласы ля роднай хаты

У роднай вёсцы Раісы Раманені Языль, што ў Старадарожскім раёне, стаіць бацькоўская хата. Ля яе на сотках і вырошчвае майстрыха жыта, пшаніцу, ячмень. І ўвесь працэс тварэння саламяных цудаў праходзіць праз яе рукі, душу: “Сама жыта сею, потым жну, перабіраю… Вельмі манатонная праца, для многіх — проста катаванне, а я бяру саломінку ў рукі ды ўжо бачу, што з яе зраблю…”. Шмат часу займае такая падрыхтоўка. Кожную вольную хвіліну яна ў вёсцы. Праўда, узараць зямлю дапамагаюць свёкар і муж. Дый 4-гадовы ўнук Андрэйка зразае-перабірае з бабуляй сцяблінкі, прыгаворвае: “Якая прыгожая ў цябе саломка!”

Першыя нарыхтоўкі робіць ужо ў чэрвені: “Як адкрасуе жыта, пылок абсыплецца, зразаю зялёныя сцяблінкі. І праз 2-3 тыдні, як высахнуць, можна іх ужо на каленцы падзяляць. У наступны раз ужо зразаю, калі колас практычна гатовы, зерне ў малочнай спеласці. Прычым выспелае насенне пакідаю на наступны год”. Бывае, дзеліцца ім з сябрамі-калегамі, так што цяпер нават у Літве, Швейцарыі, Расіі, Украіне, ЗША беларускае жыта расце.

Раіса Раманеня кажа, што саломка ў яе асаблівая вырастае: доўгая, мяккая. І яе заўсёды хапае. Што таксама важна: “Рукі павінны адчуць матэрыял. Вучням заўсёды кажу: не шкадуйце, бярыце колькі трэба”.  


Розум на кончыках пальцаў

Яна валодае рознымі тэхнікамі: пляценне, аплі­кацыя, інкрустацыя... Кажа, пасля заканчэння Бабруйскага мастацкага вучылішча, Універсітэта культуры карысталася спачатку толькі класічнымі, успрымала прыёмы, напісаныя ў кнігах, як догмы, ад якіх нельга адхіляцца. Пасля знаёмілася з работамі народных майстроў, якія не мелі прафесійнай адукацыі, — падабалася. Стала прыўносіць у творчасць нешта сваё, не баялася эксперыментаваць — так з’явіўся адметны аўтарскі стыль. Па ім работы Раманені пазнаюць і за мяжой. Дарэчы, пра свае шматлікія выставы яна кажа: “Для мяне гэта магчымасць творча выказацца: і сябе паказаць, і свет паглядзець. Але займаюся імі ў вольны час. Галоўнае, што было і ёсць, — навучанне дзяцей”.

Сёлета студыі “Беларускі сувенір”, якой ад пачатку кіруе Раіса Раманеня ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Салігорскага раёна, спаўняецца 35 год. Гэта ўжо заслужаны аматарскі калектыў. Шмат юных прайшло школу таленавітага педагога (яна мае званне “Выдатнік адукацыі”). Многія з вучняў прыводзяць да майстрыхі ўжо сваіх дзяцей. “Кожны з маіх навучэнцаў — таленавіты, адкрыты душою, — з ахвотай расказвае пра вучняў Раіса Раманеня. — Кожны пакідае часцінку сябе ў маім сэрцы. Са многімі, ужо дарослымі, сустракаемся, сябруем...” Вось з Ленай Шэўчык яны перамаглі ў адным з конкурсаў і атрымалі пуцёўку ў летнік “Артэк”. А Воля Аўдзей, якая цяпер жыве ў Францыі, дапамагала ёй ладзіць выставы ў Парыжы і Тулузе. А якой цудоўнай мастачкай і педагогам стала Таня Сцяпурка! Дагэтуль сябруюць Эма Федаровіч, Каця Хацько, Воля Пракаповіч, дзяўчынкі з першага набору навучэнцаў Раісы Раманені. З вялікай пяшчотай расказвала педагог і пра сённяшніх вучняў: Насцю Даніловіч, якая ніколі не прапускае заняткі, паклонніка футбольнага клуба “Шахцёр” Сашу Дзілендзіка, Юлю Махнач, у якой уся сям’я зацікавілася захапленнем дачкі...

Дзеці ў студыі плятуць, робяць аплікацыі, нават ствараюць саламяныя скульптурныя кампазіцыі. Раіса Раманеня кажа: “Не стаўлю на мэце зрабіць усіх майстрамі, але вучу бачыць і разумець прыгожае. Сёння ўжо настаў час робатаў. А ў чым наша перавага перад машынамі? Канешне ж, у творчым падыходзе, у эмацыйнасці, крэатыўнасці. Тут мы развіваем маторыку, а вучоныя сцвярджаюць: розум — на кончыках пальцаў. Больш таго, даказана: пры ручной працы выдзяляецца гармон радасці эндарфін”.

Вось такія дываны

Неяк яна зацікавілася дыванамі. Саламянымі. Развіта гэтае рамяство было на Міншчыне: славіліся вырабамі Любаньскі, Старадарожскі, Салігорскі, Слуцкі раёны. Майстрыхі  там выраблялі іх і пасля вайны, упрыгожвалі сцены хат. “Быў вялікі прыгожы саламяны дыван і ў сям’і мужа, — узгадвае майстрыха. — Свякроў расказвала, як яго рабілі. Але як ні шукалі — не знайшлі. Відаць, аддалі... Бо з’явіліся магазінныя, і саламяныя адышлі. Цяпер на Старадарожчыне аднаўляюць традыцыю. Але, ведаю, новае прыўносяць: лакам пакрываюць. І мы з дзецьмі робім і пано, і дываны. Шмат карыснай інфармацыі знаходзім у кніжках Яўгена Сахуты, многае даводзіцца адаптаваць да сучаснасці. Цікавыя работы, на мой погляд, атрымоўваюцца на Калядную тэматыку”.

Усё ў жыцці яе пераплецена: захапленне, праца, адпачынак. І нішто не можа існаваць адно без другога. Яна ўпэўнена: усё ў яе лёсе невыпадкова. Вельмі ўдзячна бацькам, якія разгледзелі яе талент і аддалі вучыцца ў Школу-інтэрнат імя І. Ахрэмчыка ў Мінску. Дзякуе і выкладчыкам, сябрам, а таксама вучням, іх бацькам. Гаворыць: немагчыма было б творча развівацца і без цудоўных калег у Цэнтры творчасці, дзе ўсе адзін аднаго разумеюць, падтрымліваюць. А пра атрыманне Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта кажа: “У работу заўсёды ўкладваю душу, любоў, дабрыню... Таму, пэўна, мяне і прыкмецілі”. Пры тым у яе шмат новых задум. Гаворыць: штодзень трэба быць трошачкі лепей за сябе ўчарашнюю.

Кацярына МЯДЗВЕДСКАЯ

Голас Радзімы № 17 (3521), пятніца, 5 мая, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter