Саламяныя дзiвосы

Плесцi з саломы не толькi шматлiкiя патрэбныя ў гаспадарцы, але i дэкаратыўныя рэчы загадчыца Крывасельскага клуба на Вiлейшчыне Алена Мiкалаеўна Шаблыка вучылася ў вядомага на ўсю рэспублiку вiлейскага майстра Васiля Гатоўкi.

Больш за дзесяцiгоддзе таму, калi майстар быў ужо сталага веку, у раённым аддзеле культуры ўсур’ёз задумалiся над тым, каб захаваць не толькi унiкальныя работы майстра, але i яго адметную школу саломапляцення. На вучобу да мэтра тады штотыдзень дабiралiся культработнiкi з усiх вёсак раёна. Але толькi нямногiя захапiлiся гэтым дэкаратыўным мастацтвам усур’ёз i стварылi свае арыгiнальныя работы.
Алена Мiкалаеўна Шаблыка з Крывога Сяла — адна з iх. Кожнае лета ў час жнiва для яе пачынаецца сезон. Зранку яна разам з вясковай дзятвой адпраўляецца на жытнёвыя палеткi. Адбiраюць толькi якасную салому — не памятую камбайнам, не пацямнелую ад дажджоў, не пашкоджаную. Саломы трэба шмат, бо цэлую зiму ў вясковым клубе з ёй працуюць хлопчыкi i дзяўчынкi разам з кiраўнiком. Тое, што атрымлiваецца як канчатковы завершаны твор, — толькi апошняя, самая прыемная стадыя ператварэння звычайнай саломы ў чароўную. Да гэтага яе чакае доўгi працэс апрацоўкi — салому замочваюць, высушваюць, надаюць ёй трываласць.
Дзецi — народ асаблiвы, iм заўсёды хочацца хутчэй убачыць вынiкi сваёй працы. Таму яны i робяць невялiкiя рэчы — шкатулкi, саламяных павукоў, званочкi i забаўкi. Сама Алена Мiкалаеўна можа зрабiць усё — прыгожую вазу i кветкi для яе, абручык для валасоў i шкатулкi розных формаў, капялюшыкi i кашы. Нават саламяных вяскоўцаў спляла — быццам жывыя, у натуральную велiчыню. Шкада толькi, што саламяныя рэчы — крохкiя, далiкатныя, ад вандровак па розных выставах яны ламаюцца i трацяць выгляд.
А ў вясковым клубе ў Крывым Сяле кожны дзень можна пабачыць сотнi саламяных дзiвос — тут i пастаянна дзейнiчаючая выстава выхаванцаў Алены Шаблыка, i асноўныя фонды будучага мясцовага музея.
 Нашы продкi займалiся пляценнем з саломкi больш за тысячу гадоў. I звязана гэтае рамяство было з культам хлеба, таму i саламяныя рэчы насiлi практычны, а не дэкаратыўны характар. Салома была будаўнiчым матэрыялам. Ёй крылi стрэхi будынiн, плялi лёгкiя, вялiзныя бочкi для захоўвання збожжа, саломай апляталi глiняныя гаршкi — у такiх малако доўга не кiсла i заставалася халодным нават у спёку. Менавiта з саломы пачалi рабiць першыя абярэгi — матэрыял быў танны i даступны. Саламяных павукоў яшчэ не так даўно можна было бачыць пад столлю кожнай вясковай хаты — каб аберагаў ад злых духаў.
 А вось за апошняе стагоддзе, калi пачалi iмклiва ўкараняцца новыя матэрыялы, салома адышла на заднi план, стала забывацца i самабытная беларуская тэхнiка саломапляцення. Мастацтва такое, дарэчы, iснуе больш чым у сарака краiнах свету, ды у кожнай — свае асаблiвасцi. У Беларусi здаўна выкарыстоўвалi жытнюю салому — яе заўжды было шмат, i яна выдатна трымае форму.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter