Саламея Русецкая - легенда для народаў адразу некалькіх еўрапейскіх і азіяцкіх краін

Саламея Русецкая — лекарка манархаў

Трыста гадоў таму ў сям’і навагрудскага мешчаніна (або дробнага шляхціца, — даследчыкі лічаць па-рознаму) Яўхіма Русецкага нарадзілася дачка Саламея. Пацалаванае Богам дзіця, яна стала першай жанчынай-славянкай, што, хаця і неафіцыйна, але атрымала навуковую медыцынскую адукацыю. Тая, імя якой стала легендай для народаў адразу некалькіх еўрапейскіх і азіяцкіх краін. Тая, якую свет ведаў як найвялікшую лекарку, што ўрачуе манархаў і членаў іх сем’яў.


Выявіцца талентам Саламеі Русецкай дапамог выпадак. У 1731 годзе чатырнаццацігадовую дзяўчыну выдалі замуж за лекара-немца Якуба Хальпіра, які вывез яе ў Стамбул, дзе разлічваў на бязбеднае жыццё, займаючыся лекарскай практыкай. Аднак жонка нечакана для мужа праяўляе да яго заняткаў значную цікаўнасць. Выпадак зводзіць Саламею з іракскім калегам Хальпіра, які заўважае цягу маладой жанчыны да медыцыны і вырашае зрабіць яе сваёй вучаніцай, каб передаць усе веды па акулістыцы. І энергічная Саламея амаль адразу знаходзіць прымяненне сваім здольнасцям. Па мусульманскіх звычаях мужчыне, нават лекару, было забаронена наведваць гарэмы. А прававерныя мусульманкі не мелі права лячыць пацыентаў-мужчын, акрамя сваіх мужоў ды сыноў. Саламея ж аказалася ў выключна выгадным становішчы. Як хрысціянка яна магла лячыць мужчын. А будучы жанчынай, наведваць гарэмы. Гэта адразу зрабіла яе вельмі папулярнай у Стамбуле. Настолькі, што яна стала нават асабістай лекаркай султанавых дачок.

Яна яшчэ некаторы час трымалася свайго замужжа, але з таго часу, як Саламею ўпершыню прынялі ў доме пацыента як лекарку, стала зразумела: шлюбу яе не наканавана доўгае жыццё. Хальпір састарэў. Дапускаў памылкі, нажываў ворагаў і, галоўнае, пачынаў усё больш і больш раўнаваць сваю таленавітую жонку да медыцыны. Ён разумеў, што не вытрымлівае кар’ернай канкурэнцыі з уласнай жонкай, і гэта яго раз’юшвала. Аднойчы Хальпір узяў і проста пакінуў яе (раптоўна захварэлую і слабую, з маленькай дачкой на руках, зусім без грошай), з’ехаў у Боснію.

Саламея ачуняла і зрабіла немагчымае. Ёй удалося не проста не загінуць без сродкаў да існавання, але і дагнаць-знайсці нявартага мужа. Яна выехала са Стамбула на бедным вазочку, але па шляху паступова пры дапамозе сваіх лекарскіх талентаў ператварыла яго ў багаты караван.

Адным з самых неардынарных і, як аказалася, самых карысных пацыентаў, якіх Саламея вылечыла ў гэтай сваёй вандроўцы, быў... славуты турэцкі разбойнік Сары-Хусэйн. Ён знішчаў кожнага, каго сустракаў на “вялікай дарозе”. Але Саламея пазбегла смерці. Аказалася, чуткі пра яе медыцынскія здольнасці ўжо дайшлі і да Хусэйна, які меў шмат уплывовых сяброў. Ён чакаў яе на дарозе са сваёй бандыцкай хеўрай, каб прапанаваць заняцца лячэннем блізкага сваяка атамана Хусэйна, старога, які вось ужо шэсць гадоў як ляжаў, не маючы магчымасці ўстаць на ногі. Просьба была выкладзена ў надта ветлівай форме. Але адмаўляцца не рэкамендавалася. І Саламеі давялося лячыць хворага разбойніцкага сваяка. Хутка пацыент адчуў сябе лепш настолькі, што змог хадзіць, праўда, пры дапамозе мыліц. Больш за тое, маладая лекарка пазбавіла і самога Рудога Хусэйна ад хваробы, якую ў сваім дзённіку, апублікаваным пазней, называла “чырвоныя вочы”. Хутчэй за ўсё, гэта быў запушчаны кан’юнктывіт. Атаман разбойнікаў шчодра аддзячыў ёй і адпусціў з ганаровым канвоем...
Мужа лекарка сустрэла ў Сафіі, на водах. Хутка пасля таго, як Хальпір кінуў жонку, яго разбіў параліч. Саламея паказала сябе сапраўдным урачом: яна адсунула ўбок усе крыўды і ўзялася лячыць Хальпіра, велікадушна адпусціўшы яго ад сябе, калі ён устаў на ногі. Больш яны не сустракаліся, бо з’ехаўшы ў Боснію, Хальпір неўзабаве заразіўся там чумой і памёр.

Час развітання Саламеі з Хальпірам быў звязаны з яшчэ адной значнай падзеяй у яе жыцці. Лекарка пазнаёмілася з медыкам, што суправаджаў яе мужа на воды, — мальтыйскім рыцарам, які некалькі гадоў правёў у турэцкім палоне на галерах, цудам уратаваўшыся. Іх пацягнула адно да аднаго са страшэннай сілай.

Мальтыец давёў да ладу адукацыю Саламеі, навучыў яе пісаць на лацінскай мове рэцэпты і падарыў ёй усю сваю медыцынскую бібліятэчку з рэдкімі і каштоўнымі кнігамі па лячэнні разнастайных хвароб. Яны не маглі застацца разам, бо ён быў звязаны зарокамі, дадзенымі свайму Ордэну, адным з якіх было бязшлюбства. І няхай у жыцці Саламеі пасля былі і іншыя мужчыны, і нават другое замужжа, мальтыец назаўжды застаўся ў яе сэрцы як прыклад ідэальнага каханага-саратніка.

Між тым Турцыя ўвайшла ў перыяд войн. З Аўстрыйскай і Расійскай імперыямі. Для ўрача вельмі напружаны час: удвая цяжкі, калі пра яго ідзе добрая слава. Саламея працавала не пакладаючы рук. Большасць яе пацыентаў былі параненыя і захварэлыя высакародныя туркі. Аднак сустракаліся і асобныя выпадкі. Гэтак відыньскі паша Гайваз Мехмет папрасіў яе вылечыць трансільванскага князя Йожэфа Ракачы. Туркі былі зацікаўленыя ў ім, бо мелі намер зрабіць яго каралём Венгрыі і Трансільваніі. Ракачы быў “хворы, кашляў, харкаючы крывёю, стомлены дарогай і страхам”. Саламея ўзялася за лячэнне і паставіла на ногі хворага за трыццаць дзён. Пацыент вырашыў аддзячыць сваю ратавальніцу... прапанаваўшы сябе, высакароднага. Лекарка адмовілася. Князь палічыў гэта абразай і абвінаваціў Саламею ў шпіянажы на карысць Аўстрыі. Гэта магло каштаваць жанчыне жыцця, ды ў той час, калі яе накіравалі ў турму, прыйшлі пасыльныя ад важнага саноўніка са Стамбула, у якога раптам захварэла дзіця. Хлопчык лёг спаць здаровы, а сярод ночы “прачнуўся, але галава і вочы ягоныя, і твар увесь так паапухалі, і язык на пяць пальцаў з роту вывернула, і нічога ён не бачыць, не чуе, не кажа, і прытомнасць страціў”. Ніхто з мясцовых дактароў не згадзіўся яго лячыць. Саламея выкарыстала магчымасць. Яна лёгка справілася з хваробай (для нас, сучасных людзей, відавочна, што гэта была проста моцная алергія) з дапамогай рэцэптаў з кніг свайго мальтыйца. І атрымала свабоду! Праўда, з рэкамендацыяй як мага хутчэй пакінуць Турцыю. І лекарка выехала ў Расію.

Трэба сказаць, дарэчы, што Саламея не толькі рабіла намаганні выжыць і захаваць жыццё маленькай дачкі, не толькі выконвала свой урачэбны абавязак. У перыяд войнаў яна занялася выкупам палонных хрысціян у высакародных туркаў і палонных туркаў у рускіх. З аднаго боку, ратавала гэтак людзей, з другога — зарабляла сабе на жыццё. Бо ўмовай вызвалення з выкупленымі агаворвала кампенсацыю ўсіх сваіх затрат з пэўным працэнтам. Адзіны палонны, які не змог адплаціць сваёй ратавальніцы, разлічыўся з ёю інакш — ён ажаніўся з Саламеяй. Імя маладога аўстрыйскага афіцэра было Юзаф Пільштын. Гэтак жанчына ўвайшла ў высакароднае сямейства Пільштын. І менавіта гэткае прозвішча стала выкарыстоўваць надалей.

Расійскі перыяд дзейнасці Саламеі Пільштынавай быў адзначаны сапраўдным фурорам, які яна выклікала сваім з’яўленнем пры двары расійскай імператрыцы Ганны Іаанаўны. Каб дамагчыся запрашэння ў яе палац, Саламея выканала некалькі надта эфектных паказаў уласных медыцынскіх здольнасцяў. Пацыентамі сталі важныя саноўнікі імператрыцы. Але дзіўна: Ганна Іаанаўна захацела пазнаёміцца з моднай доктаркай толькі тады, калі ўласныя слугі манархіні распавялі ёй пра цудоўнае вылячэнне Саламеяй беднай сляпой дзяўчынкі. Доктарка імператрыцы спадабалася, і яе адразу прынялі ў штат прыдворных. Аднак лекарка хутка засумавала. Яна па характары была вандроўніца. Лёгка нажывала багацці, лёгка развітвалася з імі. Пры двары сур’ёзных хвароб ні ў каго не назіралася, а займацца падтрымліваючай тэрапіяй немаладой манархіні Саламеі было нецікава. Неўзабаве Пільштынава папрасіла Ганну Іаанаўну адпусціць яе. Імператрыца дазволіла добрай лекарцы з’ехаць на радзіму, у Рэч Паспалітую, надаваўшы напаследак багатых падарункаў.

На жаль, далейшы лёс Саламеі складаўся не надта ўдала. Як толькі шлюб з Пільштынам распаўся, адзін з яе двух сыноў, народжаных ад яго, трагічна загінуў, з другім не склаліся стасункі, і ён, падросшы, пакінуў маці. Спробы наладзіць асабістае жыццё з нейкім маладым афіцэрам скончыліся крыміналам — каханак абрабаваў даверлівую жанчыну і збег ад яе за мяжу. Атрымаўшы праз некалькі гадоў запрашэнне стаць прыдворнай лекаркай расійскай імператрыцы Елізаветы Пятроўны, Саламея ў апошні момант чамусьці перадумала скарыстацца ім.

Аднак яна вырашыла вярнуцца ў Стамбул, дзе знатныя пацыенты ўсё яшчэ памяталі пра яе. У Стамбуле Саламея зноў набыла тое, што, здаецца, страціла назаўсёды, — гонар, запатрабаванасць, багацце. Турэцкія саноўнікі, сёстры султана, яго жонкі і наложніцы былі яе пастаяннымі пацыентамі. Тут яна распачала работу над кнігай успамінаў, вядомай сёння под назвай “Авантуры майго жыцця”. Кніга засталася няскончанай. Апавяданне ў ёй абрываеца адразу пасля паведамлення аўтаркі пра свой намер ехаць у паломніцтва да Труны Гасподняй у Іерусалім. Ненапісанай засталася і кніга, у якой Саламея абяцала чытачам выкласці ўвесь свой урачэбны вопыт.

Як і калі скончылася жыццё легендарнай лекаркі манархаў, мы дагэтуль не ведаем.

Ірына Масляніцына, Мікола Багадзяж

infong@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter