Салаўі, салавейкі

Звонкія іх спевы цешаць душы не аднаму пакаленню беларусаў

Звонкія іх спевы цешаць душы не аднаму пакаленню беларусаў

Нядаўна падлічыў, колькі ж цікавых назіранняў, момантаў, забаўных гісторый запісана ў мяне пра салаўёў. Атрымалася за семдзесят з таго часу (а гэта аж 40 гадоў), як вяду свае прыродныя дзённікі пад назвай “Глядзі і здзіўляйся”. Ну цэлая салаўіная эпапея, густа напоўненая маімі і маіх знаёмых вяскоўцаў расказамі, захапленнямі, узнёслымі эмоцыямі пра гэтую абсалютна несамавітую, маленькую птушачку, здольную так цудоўна спяваць і радаваць людзей, абуджаць у іх сэрцах самыя добрыя пачуцці.

Адразу зазначу, што мне вельмі пашанцавала на гэты конт. Наша дача ў вёсцы, дзе мы жывём з жонкай з ранняй вясны да позняй восені, знахо-дзіцца ў салаўіным месцы. Не прымайце, паважаныя чытачы, гэта лiтаральна, маўляў, паставілі сваю хату і разагналі салаўёў. На самой жа справе было так. 20 гадоў назад мы рашылі набыць зямельны ўчастак для дачы ў гэтай вёсцы. Старшыня мясцовага калгаса прывёз мяне сюды, паказаў на заросшую пустазеллем мясціну, дзе была звалка для смецця, і сказаў:

— Хочаш, бяры гэты надзел. Зямля тут — адзін жоўты пясок ды камяні, нішто не родзіць, затое ёсць вельмі важкі плюс. Бачыш, зусім побач лес. Там даўно пасяліліся салаўі, відаць, ім вельмі спадабаўся гэты куток, бо цяпер іх шмат, і кожную вясну, пачынаючы з мая, такія даюць канцэрты, што адно зачараванне. Я, калі выпадае вольны час, асабліва пад вечар, заскокваю сюды хоць на некалькі хвілін, каб паслухаць гэтыя песні і адпачыць душой. Так што рашай: прыйдзецца нямала папрацаваць і папацець, каб прывесці гэты ўчастак да ладу, затое бясплатныя салаўіныя канцэрты на дачы. Рэдка дзе такое цяпер зной­дзеш, — і старшыня хітравата паглядзеў на мяне.

Ці ж мог я, апантаны любоўю да прыроды, адмовіцца ад такой спакусы? Не буду зараз расказваць пра тое, колькі нам з жонкай каштавала часу, сіл і нерваў, здароўя і сродкаў, пакуль гэты сметнік не ператварыўся ў цудоўны агарод і цяністы сад. Затое мы жывём побач з салаўямі, а іх апошнім часам, здаецца, стала тут яшчэ больш.

Ад нашай хаты да ўзлеску, дзе ім так люба, метраў 150—200. Калі ўлічыць, наколькі салаўі галасістыя, а гэтыя, нашы, як мы іх называем, спяваюць у любы час сутак, то можна ўявіць сабе, колькі мы слухаем тых самых бяс­платных канцэртаў. Больш таго, як правіла, у канцы мая некаторыя найбольш смелыя салаўі прылятаюць у наш сад і выводзяць свае трэлі амаль пад вокнамі нашай хаты, асабліва ноччу. Як тут быць, крыўдзіцца на іх і праганяць, што не даюць спакойна адпачываць? Барані божа! У той час, калі раптам удзень салаўі распачнуць чарговы канцэрт у садзе, мы стараемся нават асабліва не хадзіць па двары, каб не палохаць птушак, — няхай спяваюць сабе з задавальненнем і нам на радасць.

Няўжо ў Беларусі знойдзецца чалавек, які не любіць салаўёў? Адназначна, салавей — найлепшы спявак сярод пярнатых. Кожную вясну ва ўсіх экалагічна чыстых садах і парках, населеных пунктах, у лясах з вечара і да раніцы гучаць салаўіныя мелодыі, якія нікога не пакідаюць раўнадушным. Працягваюцца яны да другой пала-віны чэрвеня, калі гнёзды пакідаюць маладыя салаўі. Песня салаўя незвычайная, яна складаецца з асобных строф, ці “кален”, як гавораць яе знаўцы. “Кален” могуць быць дзясяткі, па іх колькасці вызначаюцца самыя лепшыя спевакі. Практычна ў любы час сутак спяваюць гэтыя птушкі, але ж лепш і цікавей за ўсё — у сярэдзіне ночы і перад досвіткам.

Колькі паэтаў і мастакоў ва ўсе вякі натхняе салаўіная мелодыя на хвалюючыя, душэўныя творы. А які рамантычны свет хоць на некалькі гадзін, асабліва вечарам, ствараюць яны для закаханых. Ці то боскі дар, ці прыродны, але ж салаўі па поўнаму на тое праву сталі чароўным увасабленнем аптымізму, творчасці, гармоніі, самых чыстых і трапяткіх чалавечых пачуццяў.

…Між тым нашы салаўі сёлета прынеслі нам пэўны непакой: 19 мая, а іх яшчэ не чуваць. Няўжо прапалі, мо, у выраі іх напаткала бяда? Значыць, асірацела цудоўнае месца ля нашай хаты. А мы ж яго так аберагалі, нікому не дазвалялі тут шумець, раскладаць кастры! Праглядаю свае запісы ў дзённіку за папярэднія гады. Ага, летась нашы салаўі заспявалі 19 мая, пазалетась на дзень раней. Дзе ж яны цяпер? Чакаем з трывогай. I вось 21 мая нарэшце першы салавей падаў свой голас. Спазніўся толькі на два дні. А пасля мелодыі паліліся і з лесу, і з суседняй канавы, заросшай алешынамі і бярозай, быццам птушкі спаборнічалі між сабой, хто каго пераспявае. Ну як тут не быць ім удзячнымі? Аказваецца, салаўі не толькі выдатныя спевакі, але ж і верныя патрыёты, якія не забываюць тых месцаў, дзе нарадзіліся…

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter