Салаўіны Бераг

— Адкуль узялася такая назва — Салаіўны Бераг? — перапытвае дырэктар Тонежскага СДК Тамара ПРЫБАЛАВЕЦ. — Дык мы ж жывём між балот, нібыта на беразе. А салаўіны — ад таго, што любім спяваць, як тыя салаўі. Тонежцы шануюць сваю гісторыю. З архіваў яны даведаліся, што вёска заснавана ў 1622 годзе. Такім чынам сёлета ёй будзе 390 гадоў.

Вёскі з такой назвай вы не знойдзеце на карце Лельчыцкага раёна. Так між сабой мясцовыя жыхары называюць вёску Тонеж

— Адкуль узялася такая назва — Салаіўны Бераг? — перапытвае дырэктар Тонежскага СДК Тамара ПРЫБАЛАВЕЦ. — Дык мы ж жывём між балот, нібыта на беразе. А салаўіны — ад таго, што любім спяваць, як тыя салаўі. Тонежцы шануюць сваю гісторыю. З архіваў яны даведаліся, што вёска заснавана ў 1622 годзе. Такім чынам сёлета ёй будзе 390 гадоў.

— Колькі памятаю, а на сваёй пасадзе я працую ўжо больш за 40 гадоў, у нас любілі спяваць, — згадвае Тамара Іванаўна. — І калі ў полі шчыравалі (раней машын было мала, на гоні выходзілі ледзве не ўсёй вёскай), і калі вяселле ці народзіны ладзіліся. Нашы хлопцы не любілі браць сабе ў жонкі дзяўчат з іншых вёсак, казалі, што тыя не ўмеюць гэтак хораша спяваць.

З часам пры СДК узнік ансамбль «Танежанка». Дзе толькі ні пабывалі яго ўдзельніцы! Такія гарады, як Гомель, Калінкавічы ды Мазыр, для іх даўно пройдзены этап. Іншая справа — замежжа. У Польшчы, да прыкладу, яны ўдзельнічалі ў міжнародным фестывалі самадзейных песенных калектываў, ва Украіну выязджалі ў рамках культурнага абмену.

— Кім бы ні былі нашы слухачы, яны нам блізкія і дарагія, — заўважае Тамара Прыбалавец. — Бо ім падабаюцца нашы спевы, а яны за гэта — нам.

У рэпертуары ансамбля самыя розныя песні, але толькі тыя, «якія на душу кладуцца». Некаторыя спявачкі самі ж і ствараюць. А калі штосьці не атрымліваецца, могуць звярнуцца за дапамогай да знакамітага земляка — Міхася Дрынеўскага, ён родам з гэтай вёскі. Праўда, здагадваючыся пра занятасць народнага артыста, жанчыны не адважваюцца яго турбаваць без асаблівай патрэбы. «Сам прыедзе, калі надарыцца час, ён нас не забывае».

Цікавасць да спявачак выйшла далёка за межы Гомельшчыны. Нядаўна, да прыкладу, у Тонеж прыязджала творчая група канала Беларусь 1. Тэлевізійшчыкі рыхтуюць да паказу мастацка-дакументальную стужку «Тонежцы».

— Гэты калектыў — гонар усёй Лельчыншчыны, — гаворыць рэдактар раённай газеты Ірына Сакавец. — Мы не раз пра яго пісалі, там хто ні заспявае — заслухаешся.

У калектыве 15 чалавек. Кожная са спявачак — безумоўна, творчая асоба. Галіна Прыбалавец — галоўная салістка, Надзея Акуліч — першы голос, Матруна Дрынеўская — «добра падцягвае»...

У кожнай з жанчын — хатнія клопаты, гаспадарка. Але якімі б яны занятымі ні былі, не прапусцяць ніводнай рэпетыцыі. Кажуць, і з гаспадаркай сваёй пасля спеваў упраўляцца спарней. Мабыць, так яно і ёсць.

Оле ШВЕДОВ, "БН"

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter