Нарциссы, тюльпаны, сакура и сирень — в Ботаническом саду начался сезон цветения

Сакуры ў самай квецені

Нягледзячы на познюю вясну, квецень сёлета пачала ўпрыгожваць Цэнтральны батанічны сад Нацыянальнай акадэміі навук у той жа час, што i звычайна. Пачатак мая—чэрвень становяцца найбольш прывабным часам для наведвання гэтага месца. Цяпер за месяц праходзіць ажно каля 200 экскурсій. Мы паглядзелі, чым зараз здзіўляюць гасцей мясцовыя калекцыі.

Ірына МЯЦЕЛЬСКАЯ і Дар’я ДУГАР прыйшлі ў сад не проста так, а на фотасесію.

Прагулкi па алеях

Малыя аматары кветак адчуваюць сябе ў батанічным садзе, як у раі.
Фота Аляксандра КУШНЕРА
— Трэба вам было ўчора падыходзіць, у выхадныя дні зараз процьма людзей, усё толькі прабуджаецца пасля халадоў, — так сустракае карэспандэнтаў экскурсавод Цэнтральнага батанічнага сада Ганна Козел. Тут яна працуе ўжо дванаццаць гадоў. — Да нас завітваюць у такі перыяд не толькі мінчане, часта бываюць турысты з Германіі, Англіі, Чэхіі, Амерыкі, Латвіі. Аднак больш за ўсё дэлегацый з Кітая. Ёсць асаблiвасць: у кітайскіх грамадзян звычайная праблема — алергія падчас цвіцення бяроз, таму ў гэтую пару яны не здымаюць масак.

Крыху далей, за службовым уваходам, нас сустракае шыкоўная калекцыя нарцысаў. У садзе налічваецца каля 450 сартоў гэтых прыгажуноў. Далей — блакітныя прымулы, іх яшчэ называюць першацветамі. Калекцыя цюльпанаў сёлета меншая, чым у мінулыя гады. Раней спецыялісты высаджвалі каля 900 сартоў, а летась ужо толькі 600.      

У японскай мове ёсць паняцце «ханамі», якое азначае любаванне цвіценнем сакуры. Менавіта гэтым словам можна апiсаць успрыняцце хараства ў батанічным садзе ў гэтыя дні.

— Звярніце ўвагу вось на тую сакуру. Гэта сліва махровая. У яе шмат махнаценькіх пялёсткаў. А вось на цэнтральным уваходзе ў нас у мінулыя выхадныя цвіла сліва «канзас», паўмахровая, у яе пялёсткі падобныя да вішнёвых і яблыневых, — тлумачыць нам Ганна. — Дарэчы, да сакуры адносяцца не толькі вішні і слівы, гэта і чаромха, і міндаль — дэкаратыўныя дрэвы, якія прыгожа цвітуць і плады якіх неядомыя.     

Да сакуры адносяцца не толькі вішні і слівы, гэта і чаромха, і міндаль — усе дэкаратыўныя дрэвы, якія прыгожа цвітуць і плады якіх неядомыя.

Сакура — далікатная расліна, яна цвіце нядоўга і баіцца замаразкаў, таму варта паспяшацца, каб зрабіць прыгожыя фота.

Калі пытаюся, у які час лепш прыходзіць, каб пабачыць усё хараство сада, атрымліваю непрадказальны адказ:

— Падлавіць цвіценне ўсіх раслін запар проста немагчыма.

Па-першае, па ўсіх ста гектарах батанічнага сада раскідана каля 13 тысяч раслін. Па-другое, да самага закрыцця летняга сезона калекцыі пастаянна змяняюць адна адну: спачатку нарцысы і цюльпаны, потым — бэз, півоні, касачы, затым — лілеі, ружы…

Кацярына і Сяргей МАКАРЭВІЧ выбраліся палюбавацца квеценню ў выхадны.

Фота для душы

— А вось гэта маё любімае дрэва, — паказвае Ганна на вяз у квецені. — Наогул, кожны год у калекцыях з’яўляюцца новыя сарты раслін: гладыёлусы, нарцысы, цюльпаны... Развіваюцца новыя формы дэкаратыўнага садаводства — прышчэпкі хвойных раслін. Вось там, на каменнай горцы, прыгожае масіўнае дрэва цвіце. Гэта звычайная ягадная яблыня, хоць адразу так і не сказаш. Проста яна прышчэплена ў форме парасона. Канешне, гэта незвычайная форма дрэва.  



Пакуль прагульваемся па садзе, звяртаю ўвагу на прыгожы ўчастак з маргарыткамі. На жаль, тут яны лічацца пустазеллем, як і дзьмухаўцы, таму іх скошваюць. Ужо адчуваецца ў паветры пах бэзу, аднак, па прагнозе, распускацца кветачкі пачнуць толькі на наступным тыдні: у садзе халадней, чым у горадзе.

veronulas@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter