Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Падарожнік з Гродна Павел Андрыеўскі за два гады здзейсніў кругасветнае падарожжа, пры тым амаль не трацячы грошай. Як такое магчыма?

Сакрэты таннай кругасветкі

А вам падабаюцца вандроўкі? Пэўна што так! Ды сусветны эканамічны крызіс, кажуць, уганяе ў дэпрэсію і аматараў падарожжаў. Чула: за што, маўляў, ехаць? Але ёсць добрая навіна: можна ж махнуць у іншую краіну, выкарыстаўшы “прыхаваны рэсурс” арганізма. Ногі! А для хуткасці прыдасца ім аўтастоп — самы эканамічны спосаб падарожжаў. Вось так і зрабіў жыхар Гродна.

П. Андрыеўскі ў падарожжы
Знаёмцеся: Павел Андрыеўскі. У свае 27 гадоў паспеў пазаймацца маркетынгам у IT, пакіраваць аўтсорсінгавай кампаніяй. А два гады таму вырашыў выпрабаваць сябе на трываласць. Пакінуў працу і адправіўся ў кругасветку. Удакладнім: без палаткі, спальніка, з мінімальнай сумай грошай, якая неабходна была толькі для пералёту паміж кантынентамі ды адкрыцця віз. “Такім чынам я вырашыў не толькі даказаць сабе, але й паказаць іншым: нават калі вашы даходы знізіліся і не дазваляюць здзяйсняць паездкі па свеце, да якіх вы паспелі прывыкнуць, то ёсць іншыя спосабы, каб працягваць падарожнічаць, — вельмі ўпэўнена пачаў Павел гутарку. — Проста трэба навучыцца эканоміць... За два гады я наведаў 25 краін, 400 гарадоў, тры кантыненты. Я тры разы перасёк экватар, пазнаёміўся больш чым з тысяччу новых людзей і знайшоў сапраўдных сяброў па ўсім свеце. Пры тым амаль не трацячы грошай”.

Карыснымі парадамі наконт таго, як падарожнічаць доўга, далёка, а галоўнае танна, Павел згадзіўся падзяліцца з чытачамі газеты, нашымі землякамі, якія жывуць за мяжой. Бо ім жа даводзіцца вандраваць, каб пабываць на Бацькаўшчыне. Спадзяемся, парады гродзенскага вандроўніка дапамогуць некаму нават і ў наш няпросты час пабываць на Радзіме, а па дарозе яшчэ й пазнаёміцца з новымі людзьмі, краінамі.

Першае, самае важнае пытанне: колькі трэба грошай на такое задавальненне? “Можна вандраваць амаль не трацячы грошы, — не задумваючыся, адказвае Павел. — У Турцыі, напрыклад, я месяц пражыў на 100 даляраў, а ў Еўропе ў мяне сышло 200”. Што ж, прывабна гучыць. Але ж кожнае падарожжа ўключае ў сябе транспарт, пражыванне і харчаванне. Так што, паслухаўшы аптымістычную заяву Паўла, пройдземся па гэтым спісе.

Вандроўныя шляхі давялі Паўла да Чылі

Такім чынам, транспарт Павел выбраў самы эканамічны. Аўтастоп — любімы ім спосаб вандровак па планеце. І дадаў да яго “рэзерв”: свае натрэніраваныя ногі. “Аўтастоп працуе абсалютна ўсюды! — абнадзейвае. — Самы кароткі час чакання машыны — дзве хвіліны — я зафіксаваў на Каўказе. У Расіі гэта робіцца трошкі павольней, у Еўропе — таксама добрая дынаміка, а вось у Беларусі бывалі перыяды, калі я стаяў па гадзіне”. Галоўнае для аўтастопера — не забываць, што падарожжа бывае непрадказальным. Кіроўца транспарту можа трапіцца розны, таму трэба прыгледзецца і... пасябраваць з ім. Ад яго можна даведацца пра культуру і мясцовыя звычаі краіны практычна ўсё”.

Пражыванне. Ёсць некалькі спосабаў, каб жыць, не трацячы грошай ці амаль не трацячы. Самы ўніверсальны: узяць з сабой палатку і спыняцца за горадам. У Беларусі спрацоўвае добра. Краіна спакойная, умовы надвор’я дазваляюць, а міліцыя, калі раптам з’явіцца, да вандроўцаў ставіцца з разуменнем. Але мой суразмоўца заўсёды ішоў улегцы: ніколі не браў ні палатку, ні спальнік. Начаваў выключна ў гарадах і выключна ў людзей. Як іх знаходзіць? Павел карыстаўся інтэрнэт-сэрвісам для падарожнікаў Couchsurfing: гэта самая вялікая супольнасць падарожнікаў па ўсім свеце, ёсць яны і ў Беларусі. Ты проста пішаш, калі прыязджаеш, а сябры супольнасці адказваюць, ці гатовыя цябе прыняць, на колькі начэй. “Для прадстаўнікоў гэтай супольнасці галоўнае — пагутарыць, — дзеліцца сакрэтамі Павел. — Ты прыязджаеш, спыняешся ў іх і проста “расплочваешся за начлег” сваімі ўражаннямі, яны — дзеляцца сваімі адчуваннямі. Паверце, гэта вельмі цікава! Гэта паглыбленне прама ў тое асяроддзе, атмасферу, у якой жыве гэтая краіна і канкрэтна гэты горад”. Самымі цікавымі суразмоўцамі, па назіраннях вандроўцы, былі пажылыя людзі: “Яны — гэта самая сапраўдная машына часу. Ад іх можна даведацца пра падзеі, сітуацыі ў краіне, такія рэчы, якія ніколі б не меў магчымасці назіраць і якія не адлюструе, можа, ніводнае мас-медыя”.

Часам чакаць спадарожнага транспарту даводзіцца доўга

Цяпер зразумела вам, дзе жыць і як ехаць? Нешта ў гэтым ёсць... А як было з харчаваннем, не менш расходнай часткаю бюджэту любога падарожжа? “Я разлічваю выдаткі на харчаванне, зыходзячы з сумы 5-7 даляраў на суткі, — спасцігаю з вуснаў Паўла яго вандроўную арыфметыку. — Каб было зразумела: гэта ежа, якую ты гатуеш сабе сам. Прыязджаю ў горад, купляю найпростыя прадукты: крупы, макароны, яйкі... Тое, што магу лёгка сам прыгатаваць. Тут ёсць нюанс такі псіхалагічны. Падарожнічаць любяць усе, але далёка не ў кожнага на тое хапае грошай, а галоўнае — смеласці, каб вось гэтак узяць заплечнік і з’ехаць. Таму ў многіх, каго я сустракаў, ёсць павага да падарожніка. Ведаю дакладна: пойдзеш на рынак, напрыклад, у Сярэдняй Азіі, Беларусі, Турцыі — то абавязкова каго-небудзь знойдзеш, хто цябе пачастуе. Такі менталітэт людзей гэтых краін. Вядома ж, гэта ўжо больш паходзіць на халяву, таму лепей усё ж, каб не заставацца галодным, выдаткоўваць на харчаванне трошкі грошай”.

Яшчэ адна з перашкодаў на шляху пачаткоўцаў-падарожнікаў — моўны бар’ер. Але й тут, па словах Паўла, няма праблем. Вандроўнік валодае рускай, англійскай, беларускай мовамі. Калі слоў не хапала, карыстаўся слоўнікам. “Хачу заўважыць: толькі ў сваёй кругасветцы я востра ўсвядоміў каштоўнасць валодання беларускай мовай, — прызнаецца вандроўнік. — Хоць па-за межамі нашай краіны на беларускай ніхто не гаворыць, але ж веданне яе вельмі дапамагала мне лёгка разумець польскую, украінскую, чэшскую, славенскую... Наша мова — як бы ўніверсальная славянская, таму, нават не ведаючы англійскай, у розных краінах можна гаварыць на беларускай — і цябе зразумеюць... Ну а калі сур’ёзна, то самае цяжкае ў падарожжы — гэта выйсці з дому. І прыняць такую ісціну: што свет не такі небяспечны, як здаецца многім. А яшчэ ўсвядоміць, што нават і без грошай, без ведання мовы ты зможаш выжыць”.

Смелыя развагі! Я нават бачу, як Павел іх сам трохі пужаецца. Крыху падумаўшы, дадае: “А наша нацыянальнасць усё ж мае значэнне, і беларускасць можа значна палегчыць твае падарожжы. Напрыклад, у СНД практычна паўсюль вельмі любяць беларусаў: за дабрыню і адкрытасць. А ў некаторых краінах, дзе нас ведаюць не так добра, то беларус, які там раптам з’явіўся, выклікае добрую цікаўнасць. І самая галоўная выснова, якую зрабіў для сябе, здзейсніўшы абарот вакол планеты: у нашым свеце сапраўды нашмат больш дабрыні, чым зла”.

Голас Радзімы № 40 (3544), чацвер, 19 кастрычніка, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter