Сакрэты мотальскіх шынкоў

СПАКОН вякоў так вялося, што маталяне чым-нечым, але адрозніваліся ад жыхароў іншых вёсак. Нават ад сваіх блізкіх суседзяў. Прадпрымальніцкая жылка, адметныя традыцыі, свая кулінарыя былі ўласцівы мясцовым лю- дзям заўсёды. І гэтае багацце тут стараюцца захоўваць сёння, аб чым яскрава сведчыць фестываль «Мотальскія прысмакі», які за чатыры гады свайго існавання паспеў займець статус міжнароднага.

Чаму іванаўскае мястэчка мае міжнародную славу і чым знакаміты тутэйшыя прысмакі...

СПАКОН вякоў так вялося, што маталяне чым-нечым, але адрозніваліся ад жыхароў іншых вёсак. Нават ад сваіх блізкіх суседзяў. Прадпрымальніцкая жылка, адметныя традыцыі, свая кулінарыя былі ўласцівы мясцовым лю- дзям заўсёды. І гэтае багацце тут стараюцца захоўваць сёння, аб чым яскрава сведчыць фестываль «Мотальскія прысмакі», які за чатыры гады свайго існавання паспеў займець статус міжнароднага.

«Шыкі-шыкі -- гатоўце грошыкі»

Калі ідзеш па ўтульных, добраўпарадкаваных вуліцах Моталя, найперш зауважаеш, колькі тут крамаў да кафэ. «На ростанях», «Чабарок», «Ясельда» -- яскравыя шыльды так і вабяць вока! Аказваецца, гатаваць разнастайныя прысмакі, займацца рамёствамі і гандляваць тут прывучыліся з даўніх часоў.

У наступным годзе Моталь адзначыць 590-годдзе з часу заснавання. За такі працяглы перыяд мясцовыя людзі назапасілі нямала традыцый. У мотальскіх гандляроў, напрыклад, была свая, толькі ім уласцівая мова. Калі зараз да вас нехта падыйде і пачне гаварыць незразумелае «шыкі-шыкі», акрамя здзіўлення, гэта ніякіх асацыяцый не выкліча. А тады гэта былі словы, што захоўвалі прафесійныя сакрэты. Пакупнікам у іх не абавязкова было ўнікаць. Ад іх патрабавалася толькі рыхтаваць грошы.

Падчас фестывалю «Моталькія прысмакі», што на працягу двух дзён гудзеў ва ўтульным аграгарадку, не абмінуўшы, бадай, ні адзін шынок, магазін і нават дом, усім, хто завітаў сюды, таксама лепей было б мець з сабой поўны кашалёк грошай. Ад духмяных пірагоў, вэнджаных каўбас, прапахлых дымам шашлыкоў ды іншага смакоцця з’яўляўся незвычайны апетыт. Хацелася купіць і арыгінальныя вырабы разбяроў, ганчароў, саломапляцельшчыкаў, некаторыя з якіх з’яўляліся з-пад іх майстэрскіх рук прама на вачах захопленых наведвальнікаў выставы народных рамёстваў. Накрытыя чаротам шынкі, рознакаляровыя гандлёвыя палаткі вабілі да сябе. А на цэнтральнай плошчы Моталя збіраў народ гала-канцэрт дзіцячых калектываў «Ад прадзедаў, дзядоў нам засталася спадчына».

Круглы стол з абмеркаваннем тэмы захавання традыцый продкаў, майстар-клас «Забытыя стравы Беларусі» і тэатралізаванае прадстаўленне «Мотальскія пацехі» да поўначы не адпускалі захопленых гасцей.

«Непаўторны мае смак кожны мотальскі прысмак»

На другі дзень фестываль стаў яшчэ больш масавым і разнастайным. Вядомыя калектывы мастацкай самадзейнасці, вакальныя ансамблі, майстры танцаў з многіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама з Расіі, Украіны, Польшчы, Ізраіля і іншых краін ад шчырага сэрца дарылі свае лепшыя музычныя і харэаграфічныя нумары. Сімвал свята -- вялікі шмат’ярусны каравай -- хораша прадставілі гаспадары. Мужчынскі ансамбль мотальскіх павароў прэзентаваў каравай пад словы новай песні, прэм’ера якой адбылася на галоўнай сцэне фестывалю: «Мотоляне вам готують, мотоляне вас частуюць!»

А калі на сцэне з’явіліся галоўныя героі святочнага дзейства -- мотальскія прысмакі, «апранутыя» ў маляўнічыя дэкарацыі, глядзельная зала ўзарвалася ад апладысментаў. Парад-дэфіле кулінарных страў доўжыўся з паўгадзіны: “ішлі” каўбаса па-шыкалаеўску, і сала па-мотальску, і яечніца-красунька, і блінцы мотальскія з мядком ды смятанкай, і пірагі ад мясцовых гаспадынь, і мноства іншых страў.

«Без сала і каўбасы не пацягнеш і касы»

Такой гучнай прыказкай клікаў у госці адзін з мотальскіх шынкоў. Зазірнуўшы пад яго саламяны дах, чаго толькі там не ўбачыў! І апетытныя вэнджаныя каўбаскі, і «баярскі» філей, і «стараруская» грудзінка, і «мотальская» ветчына. Гаспадар гандлёвай лаўкі Сцяпан Шыкалай асабсіта распрацоўваў рэцэптуру многіх ласункаў. Галоўны сакрэт смакаты -- высокая якасць сыравіны і строгая вытрымка тэхналогіі прыгатавання. Філіялы «Марыля» і «Кааппрам» Іванаўскага райспажыўтаварыства таксама прыемна здзівілі гасцей фестывалю сваімі хлебабулачнымі і кандытарскімі вырабамі, каўбасамі, мінеральнай вадой ды іншымі прадуктамі. А ад прадукцыі СВК «Агра-Моталь» проста вочы разбягаліся. Тут былі і мясныя вырабы, і вядомы брэнд гаспадаркі -- бульба (кожны клубень -- як на падбор!), і смачны хлеб, і шмат чаго іншага. Шматлюдна было на выставах сучаснай тэхнікі і буйной рагатай жывёлы, даўжэзныя чэргі пакупнікоў стаялі ва ўсіх магазінах і кафэ аграгарадка.

-- Каб было што есці, трэба добра працаваць, -- заўважыў старшыня СВК «Агра-Моталь» Вячаслаў Каштальян. -- Мы сёлета, як і заўсёды, працуем някепска, што зрэшты, заўважна па «шчодрых» прылаўках шынкоў і палатак.

Да сустрэчы ў Моталі!

Тое, што ў Моталі ўмеюць працаваць і адпачываць, было добра заўважна на вуліцах аграгарадка, што на два дні сталі багатым кірмашом. Віншуючы яго гаспадароў, гасцей з цудоўным святам, намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Леанід Цупрык засяродзіў іх увагу на тым, што тут створаны выдатныя ўмовы для развіцця прадпрымальніцкай ініцыятывы. У Моталі працуюць 60 індывідуальных прадпрымальнікаў, 17 прыватных унітарных прадпрыемстваў, 5 фермерскіх гаспадарак, 3 цэхі па перапрацоўцы драўніны. Тут захаваны цудоўныя культурныя традыцыі. Таму не выпадкова фестываль «Мотальскія прысмакі» стаў не толькі візітнай карткай гэтых мясцін, але і адной са знакавых штогадовых падзей Брэстчыны.

Каментарый

А вось якія ўражанні пакінулі «Мотальскія прысмакі» ў аднаго з іх арганізатараў і спонсараў, кіраўніка сталічнага аналітычнага цэнтра «ECOOM», грамадска-кансультатыўнага Савета пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Сяргея МУСІЕНКІ:

-- Чарговы фестываль яскрава засведчыў, што гэтае свята ладзілася па патрэбе людзей, што яно вельмі ўдала падхапіла традыцыі, якія тут існавалі вякамі. Я ўдзячны кіраўніцтву Брэсцкай вобласці, Іванаўскага раёна, няўрымслівым жыхарам Моталя за тое, што кожны год фестываль становіцца ўсё болей масавым, закранае глыбіні чалавечай душы. Праз год «Мотальскія прысмакі» адбудуцца ўжо ў пяты раз, і мы плануем сабраць яшчэ больш гасцей. Ну а ў бягучым годзе збіраемся прыемна здзівіць жыхароў сталіцы на святкаванні Дня горада непаўторнымі мотальскімі песнямі і смачнымі пачастункамі.

Аляксандр КУРЭЦ, «БН»

Фота БЕЛТА и Валерыя МІХАЛЬЧУКА

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter