З Аленай Бараноўскай я пазнаёмілася на яе персанальнай выставе “Варыяцыі”

Сакрэты гармоніі і акрыленасці

З Аленай Бараноўскай я пазнаёмілася на яе персанальнай выставе “Варыяцыі”. Праз светлыя, напоўненыя свежасцю і паветрам карціны мне бачыўся яе вобраз, гарманічны, мяккі, як нашая прырода. Позняя барвова-залацістая восень і ранняя шэра-блакітная, “вадзяністая” вясна — тыя імгненні, якія так любяць паэты і жывапісцы. Ад пейзажаў Алены Бараноўскай зыходзіць спакой і цеплыня.


А першая мая асацыяцыя, звязаная з самой Аленай — пяшчотная мелодыя водару. Яна ўвайшла, і мне падалося, што яе ахутвае не водар, а карункі вельмі далікатнай парфумы. І яе жывапісная тэхніка таксама нагадвае карункі — перапляценне мяккіх, цёплых, колераў, з якіх нараджаюцца то малочныя ружы, то бела-срэбныя лілеі…

Мяккія тэкстурныя ўзоры, плаўныя лініі, дымка, здаецца, паглынаюць, а тлустыя, рэльефныя, як крэм у кандытарскіх вырабах, мазкі абуджаюць апетыт. Яе пейзажы і нацюрморты жывыя.

Карункі ў жыцці і ў мастацтве

 Алена Бараноўская, мастачка, выкладчыца Гімназіі-каледжа мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка — дачка народнага мастака Беларусі Анатоля Бараноўскага, які першым адкрыў для яе свет жывапісу.

— Мой тата перадаў мне сакрэты майстэрства, а што датычыць творчасці, то прабабуля мая была каруначніцай. Яна пляла прыгожыя карункі, якія потым паказвалі на выставах, — кажа Алена і ўсміхаецца. — Можа, гэта генетычна закладзены код?

Значыць, невыпадкова мне падалося, што яе жывапісная манера нагадвае карункі…


Лоск. Від з былога гарадзішча. 2015 г.

У творах Алены Бараноўскай ёсць тыя ж маўклівасць, спакой, цішыня, што і ў карцінах яе бацькі — Анатоля Бараноўскага. Гэта той самы камертон гармоніі, які дапамог мастачцы выпрацаваць свой стыль — непаўторны, пазнавальны. Творы Алены Бараноўскай сёння экспануюцца на рэспубліканскіх і міжнародных выстаўках, захоўваюцца ў прыватных калекцыях.

Мяккасць, маўклівасць, спакой, цішыня…
Дзесьці аблокі павольна лунаюць…
І прыгажосцю пяшчотнай яднаюць
Адценні і ўсплёскі святла.


— Многае залежыць ад таго, хто знаходзіцца побач. У гэтым мне прасцей, бо вакол — мастакі, — гаворыць Алена.


Апошні снег. 2013 г.

Першым яе настаўнікам у мастацтве быў бацька. Ён падтрымлівае Алену і ў жыцці, і ў творчасці. Абраўшы сабе па сутнасці мужчынскую прафесію (жаночага роду слова “жывапісец” не мае), далікатная, мяккая, абаяльная, яна ўвасабляе на сваіх палотнах сапраўдную гармонію. Як не згадаць тут мудрае выслоўе, што Жанчына захоўвае сваю жаноцкасць толькі, калі побач ёсць сапраўдныя Мужчыны. Муж Алены Бараноўскай — Віталь Герасімаў — прафесар кафедры жывапісу Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Ягоныя работы больш экспрэсіўныя, кантрасныя. Але спакой Алены і экспрэсія Віталя дзіўным чынам яднаюцца, ствараючы тую самую гармонію… Пра адну з іх сумесных выставак наведвальнікі сказалі: “Гэта як віно і малако”. Добры настрой, узаемапаразуменне — ці не гэта сакрэт сямейнага шчасця?

Плямы жыцця.
Як быццам кожны
ў сваіх акулярах
Жывеш і не пазнаеш жыццё.
Вакол усё так ярка, хуткаплынна,
Выразна.
А ты шукаеш гармонію…


Ружы. 2013 г.

Жывапісу прысвяцілі жыццё сын Алены і Віталя стыпендыят Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі Глеб Герасімаў і ягоная жонка — Вераніка Герасімава. Яны таксама выкладаюць у Гімназіі-каледжа мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка. Жывапісныя работы Глеба Герасімава больш, як мне падаецца, звязаны з тэатральнасцю, гульнёй з гледачом. Для мастака фон на карціне — таксама герой. А сярод натоўпу людзей абавязкова ёсць чалавек задуменны.

Дзе мы? Быццам у карціну
Трапіў глядач.
Герой задуменны.
А ён жа імклівы…
Адзінота.
Белая нота.


Вялікая таямніца, як у сям’і творцаў кожны здолеў захаваць свой голас.. А можа, гэта, таксама заслуга Алены?

Алена Бараноўская піша тыя мясціны Беларусі, дзе можна сустрэць спакой, адчуць гармонію, адпачыць душой, дыхаць свежым паветрам і паглядаць на пухнатыя аблокі. Яна па-майстэрску “выхапіла” раннюю веснавую прыроду са сну і апранула яе ў вохрыстыя, шэра-блакітныя і жаўтавата-барвовыя фарбы.


Абуджэнне. 2015 г.

— Пішу пераважна пейзажы і нацюрморты, таму асноўная крыніца эмоцый і жадання працаваць для мяне — прырода. За натхненнем не езджу, бо ведаю — яно заўсёды побач. Мастак адрозніваецца ад астатніх людзей тым, што ўмее заўважаць, — расказвае Алена Бараноўская.

Калі некалькі хвілін глядзець на карціны мастачкі, то можна адчуць, быццам па скуры прабегла прада. Яе рэальнасць з прысмакам свабоды і ціхага, таемнага шчасця, дзе пухнатыя аблокі не ўступаюць у канфлікт, гарманічна суіснуюць з вострымі, разгайданымі травамі... Ад халаднаватай каляровай гамы жывапісных работ Алены Бараноўскай не робіцца самотна. Карціны перадаюць тую прыгажосць пераходнага стану прыроды, якая не заўсёды заўважаецца.

На адным з нацюрмортаў Алены Бараноўскай — невялікія малочна-барвовыя ружы ў блакітнай вазе з жоўтай стужкай. Ён вельмі дакладна перадае энергетыку свята, але спакойнага, светлага… Жаночага. Гэтаму нацюрморту можна даць назву “Успамін”. Мяккае святло плаўна пераходзіць у адценні зялёнага, блакітнага, жоўтага, а “спакойныя” рэфлексы не выбіваюцца з цэласнай каляровай гамы. Гэты твор — успамін пра выставу, пра той дзень, калі дораць ружы і ўсмешкі.


Накцюрн. 2013 г.

І яшчэ адзін рэдкі дар маюць мастакі Бараноўскія. Яны ўмеюць перадаваць сакрэты прафесійнага майстэрства, выхоўваць сапраўдных мастакоў. Анатоль Бараноўскі шмат гадоў выкладаў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, выхаваў некалькі пакаленняў мастакоў. Вылучаюцца сярод сваіх аднагодкаў і выпускнікі Віталя Герасімава. Кожны з іх мае сваю непаўторную манеру жывапісу і, што вельмі важна ў творчасці, цвёрды характар. З поспехам удзельнічаюць у рэспубліканскіх і міжнародных мастацкіх конкурсах і выстаўках і вучні малодшых Герасімавых — Глеба і Веранікі.

Але ў Алены, як мне падалося, педагагічны талент асаблівы. Як кажуць яе калегі, калі яна толькі прыйшла выкладаць у Гімназію-каледж мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка, яе група на праглядах здзіўляла ўсіх колькасцю і якасцю падрыхтаваных да праглядаў твораў. Нават хлопец, які прыехаў з вёскі і нідзе да каледжа не займаўся, пад канец навучання наладзіў некалькі персанальных выстаў. Сакрэт просты. Навучэнцы глядзелі на сваю выкладчыцу, бачылі, як апантана яна сама працуе, хадзілі на яе выстаўкі, ды імкнуліся дасягнуць дасканаласці. Цяпер творы вучняў Алены Бараноўскай экспануюцца на выстаўках побач з яе творамі. Большага гонару для выкладчыка няма…

У пякучы летні дзень, чакаючы Алену Бараноўскую на першым паверсе гімназіі-каледжа, я праз вакно назірала, як яна праводзіць на вуліцы заняткі са студэнтамі першага курса. Плаўныя рухі, мяккая ўсмешка і цвёрды погляд на работы, як “маркёры”, сведчылі — гэтая жанчына стрыманая і далікатная. Здавалася, Алена акрылялася працэсам стварэння жывапісных вобразаў нават тады, калі давала падказкі і прапановы студэнтам. Яна падыходзіла, то да аднаго, то да другога, і, мне падалося, што яе хада мела пэўную траекторыю… Так сонечны промень блукае між крыштальным і скульптуркамі, што чакаюць яго дзеля таго, каб заззяць, кааб пералівацца і аддаваць сабе мастацтву.

Вольга Ропат
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter