Сакрэты асяроддзя

У вёсцы Ізубрыца Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці адкрыўся Міжнародны навуковы цэнтр фонду падтрымкі дзікай прыроды “Чырвоны бор”
У вёсцы Ізубрыца Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці адкрыўся Міжнародны навуковы цэнтр фонду падтрымкі дзікай прыроды “Чырвоны бор”


Будынак прыватнага навуковага цэнтра

Гэта і рэспубліканскі ландшафтны заказнік на стыку Расонскага і Верхнядзвінскага раёнаў, і паляўнічая гаспадарка, якая належыць прыватнай наваполацкай кампаніі “Інтэрсэрвіс”. У ёй, дарэчы, жыве самая паўночная папуляцыя зубра. У лютым паляўнічая гаспадарка стала сузаснавальнікам Міжнароднага фонду падтрымкі дзікай прыроды “Чырвоны бор”, прызначанага аб’яднаць намаганні дзяржаўных і грамадскіх арганізацый, а таксама камерцыйных структур у справе вывучэння і прымнажэння прыродных багаццяў нашай краіны. А зусім нядаўна на тэрыторыі паляўнічай гаспадаркі адбылася яшчэ адна неардынарная падзея — адкрыўся першы ў краіне прыватны навуковы цэнтр.

Дзе інтарэсы сходзяцца


Офіс навуковага цэнтра знаходзіцца ва ўтульным 2-павярховым гасцявым доміку. Там жа размяшчаецца гасцініца, інтэрнат для навуковых супрацоўнікаў і лабараторыя. Яе загадчык Андрэй Файбіч расказаў гасцям, чым ён і яго калегі будуць тут займацца:

— У нас ёсць усё, каб выдзеліць ДНК з валасінкі жывёлы. У першую чаргу гэта трэба, каб правесці генетычную пашпартызацыю зубра, які з’яўляецца статусным відам для нашай краіны. Праблема ў тым, што 3 тысячы зуброў, якія жывуць сёння на планеце, — нашчадкі толькі некалькіх блізкіх сваякоў. Набываючы новых жывёл, мы зацікаўленыя, каб гэта былі асобіны з максімальнай генетычнай разнастайнасцю. Акрамя таго, мы маем намер кантраляваць генетыку высакародных аленяў, якія жывуць у нас, каб паляпшаць іх трафейныя якасці, займацца селекцыяй.

Не сакрэт, што сёння назіраецца дысбаланс паміж навукай і практыкай у галіне паляўнічай гаспадаркі. Часцяком прымяняюцца састарэлыя падыходы. Выконваючы прыкладныя даследаванні, супрацоўнікі цэнтра гатовыя дапамагчы пераадолець гэты разрыў, але існуючая нарматыўная база тармозіць укараненне новаўвя­дзенняў. Намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ігар Качаноўскі, які прыехаў у Верхнядзвінскі раён, запэўніў, што ў гэтым пытанні акажа падтрымку:

— Асноўныя мэты цэнтра сугучныя з напрамкамі нацыянальнай стратэгіі па захаванні і ўстойлівым выкарыстанні біялагічнай разнастайнасці. Я ўпэўнены, што ўкаранёныя ў практыку распрацоўкі яго навукоўцаў паспрыяюць вырашэнню комплексных задач на дзяржаўным узроўні.

Згодны з гэтым і Аляксандр Дуньковіч, намеснік начальніка Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце:

— Без навукі ў сучасным свеце — нікуды! У галіне аховы прыроды сёння працуюць Нацыянальная акадэмія навук, дзяржаўныя інстытуты. А на прыкладзе ўзорна-паказальнай паляўнічай гаспадаркі “Чырвоны бор” мы бачым, што ў гэтую сферу прыходзіць і прыватны капітал. Добрае распа­чынанне. Спадзяюся, яго падтрымаюць у іншых рэгіёнах нашай краіны.


На цырымоніі адкрыцця навуковага цэнтра

Дом для арла


Першым мерапрыемствам адкрытага навуковага цэнтра стала канферэнцыя, падчас якой прагучалі даклады пра чырванаборскую папуляцыю зуброў і развіццё экалагічнага турызму. Удзельнікі гаварылі пра тое, што новы навуковы цэнтр не павінен замыкацца толькі на прыкладных распрацоўках для палявання. У ім павінны працаваць іхтыёлагі, батанікі, фатографы і кінааператары, арнітолагі... Дарэчы, знаўцы птушак правялі ў “Чырвоным бары” навучальны семінар па будаўніцтве гнёздаў для арлоў. Але спачатку спецыялісты заслухалі даклады, абмяняліся методыкамі стварэння гнёздаў для драпежных птушак. У тым ліку для соў і сокалаў. Паводле слоў арнітолагаў, гэта, па-першае, кампенсуе дэфіцыт натуральнага жылля. Па-другое, аблягчае работу па ўліку птушак ды іх кальцаванні. І па-трэцяе, назіранні паказваюць, што ў штучных гнёздах драпежнікі размнажаюцца больш прадуктыўна. Але самае цікавае пачалося раніцай наступнага дня, калі арнітолагі паехалі прымяняць атрыманыя веды на практыцы.

...Я трапіў у групу Уладзіміра Іваноўскага, дацэнта кафедры экалогіі і аховы прыроды Віцебскага дзяржуніверсітэта імя Машэрава, які павёў падапечных на балота Юхавіцкі Мох, што побач з возерам Вялікае Мохавае. Там, на востраве, паводле слоў Уладзіміра Валянцінавіча, ужо жыў калісьці беркут:

— У апошнія 3 гады, праўда, гэтую вялікую прыгожую птушку я не сустракаў. Пастараемся з калегамі прывабіць яе зноў, пабудаваўшы штучнае гняздо.

Для гэтага былі высечаны тры шасты. Каб прывязаць іх да тоўстых галін у кроне сасны, а затым заслаць хваёвымі лапкамі, Іваноўскаму давялося ўскараскацца ўверх па ствале пры дапамозе спецыяльных кіпцюроў і страховачнага рэменя метраў на 20. Усіх уразіла, з якой лёгкасцю і спрытам прарабіў гэта арнітолаг, якому ў наступным годзе споўніцца 70! А вось каб збудаваць гняздо, да прыкладу, для сокала-дзербніка, так высока лезці неабавязкова. Дастаткова прыкруціць дротам дзіравае вядро, запоўненае мохам, да верхавіны сасны, якая ўзвышаецца над балотам усяго толькі метры на 3 . Гэтага хопіць, каб яйкі птушкі, якая прывыкла гнездавацца на зямлі, не з’елі ліса, янот або воўк.

Жывая вада


Падвесці вынікі семінара я папрасіў вядомага фатографа, заснавальніка сталічнага выдавецтва РЫФТУР, а таксама кіраўніка Міжнароднага фонду падтрымкі дзікай прыроды “Чырвоны бор” Сяргея Плыткевіча:

— Мы ўдзячныя кіраўніку кампаніі “Інтэрсэрвіс” Мікалаю Вараб’ю за тое, што змаглі плённа папрацаваць у такім жывапісным месцы. Дзякуючы яго дапамозе наш фонд выдзеліў 5 грантаў для падтрымкі перспектыўных навуковых прац. Адна з іх, якая датычыцца вывучэння глушцоў пры дапамозе ўсталяваных на іх радыёперадатчыкаў, была прадстаўлена падчас праведзенай канферэнцыі. Падрабязную інфармацыю пра гэта можна знайсці на інтэрнэт-партале www.wild­life.by. Праект “Дом для арла” — адзін з першых, які быў запушчаны фондам падтрымкі дзікай прыроды. Яшчэ адна наша ініцыятыва называецца “Жывая вада”. Цяпер мы збіраем інфармацыю пра самыя цікавыя крыніцы краіны. Мы хочам іх адрамантаваць, добраўпа­радкаваць і ўключыць у турыстычныя маршруты. Каб пра такія маршруты даведалася як мага больш людзей, задуманы праект “Наш рэгіён”. Сайт з аднайменнай назвай (www. nashregion.by) ужо створаны ў супрацоўніцтве з Маладзечанскім райвыканкамам. На ім абазначаны самыя папулярныя экалагічныя маршруты раёна, месцы, дзе можна пераначаваць, паесці, купіць сувеніры. Падобныя сайты мы маем намер зрабіць па Нарачы, Браславе, Нясвіжы, Міры. У ідэале хочам, каб праект ахапіў усю краіну. Каб з яго дапамогай любы турыст, які прыязджае ў Беларусь, мог пазнаёміцца з яе славутасцямі і прыродным хараством.


Кампетэнтна


Наталля Мінчанка, начальнік упраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды:

— Сёння з польскімі калегамі абмяркоўваюцца пытанні стварэння трансгранічнай папуляцыі зубра. З нашага боку за гэта адказвае Інстытут генетыкі і цыталогіі НАН. Выдатна, калі да работы падключыцца прыватны навуковы цэнтр з “Чырвонага бору”.

Алег Барадзін, дырэктар Навукова-практычнага цэнтра НАН па біярэсурсах:

— Мы зацікаўленыя, каб адкрыты прыватны навуковы цэнтр працаваў у адпаведнасці з адзінай дзяржаўнай палітыкай і адпавядаў міжнародным стандартам. Для гэтага гатовыя падтрымаць яго ў пытаннях экспертнай ацэнкі праводзімых даследаванняў, публікацыі навуковых прац і стварэння экалагічных турыстычных маршрутаў.

Сяргей Галеснік
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter