Сакрэт Уладзіміра Аўчынніка

Iнтэрв'ю з дырэктарам завода «Універсал-Бабруйск»

Амаль тры дзясяткі гадоў ён узначальвае прадпрыемства, якое з кожным годам становіцца ўсё больш перспектыўным

Дырэктара завода «Універсал-Бабруйск» Уладзіміра Аўчынніка (на здымку) прадстаўляць не трэба, ён вядомая асоба як сярод прамыслоўцаў горада, так і сярод гараджан. Не дзіва, бо ўзначальвае прадпрыемства трыццаць гадоў. За гэты час шмат чаго перажыў, аднак захаваў вернасць свайму калектыву, абранай справе, багата запісаў на свой рахунак дасягненняў. Аб гэтым сведчаць узнагароды: ордэн Пашаны, медаль «За працоўную доблесць», а таксама ён — заслужаны работнік прамысловасці рэспублікі, выбіраўся дэпутатам вышэйшага заканадаўчага органа РБ. Адным словам, чалавек варты, заслужаны.

— Уладзімір Мітрафанавіч, як пачынаўся ваш працоўны шлях?

— Нарадзіўся я ў вёсцы Прагрэс Бабруйскага раёна, тут зрабіў свае першыя крокі, зведаў нялёгкую сялянскую працу. Я заўсёды цікавіўся тэхнікай, машынамі. Таму і паступіў вучыцца ў Бабруйскі аўтатранспартны тэхнікум. Затым была армія, праца па спецыяльнасці на гарадскім аўтакамбінаце. Пасля пасада майстра, начальніка цэха на прадпрыемстве, якое стане прыцягальным на ўсё жыццё. Да гэтага часу я ўжо скончыў Мінскі палітэхнічны інстытут, узброіўся тэарэтычнымі ведамі. Узняўся да галоўнага інжынера. Добрую школу прайшоў каля былога дырэктара Пятра Кудрашова, які дапамагаў раскрыцца сваім кадрам. Пасады я не палохаўся, бо як свае пяць пальцаў ведаў вытворчасць: пры маім непасрэдным удзеле «цягнулі» нітку цеплатрасы даўжынёй амаль кіламетр, будавалі новы корпус завода. Аднак я адчуў адказнасць, тое, што на мне вытворчасць, калектыў. Як лепш весці справу, што трэба, каб узняцца на новую працоўную вышыню? Хацелася і тое змяніць, і гэта, але ж усё гэта праз яго вялікасць работніка, таму вучыся яго па-новаму цаніць.

— Раскажыце больш падрабязна пра прадпрыемства. што ў час кіраўніцтва ім вам давялося перажыць?

— Работу завода я раздзяліў бы на два перыяды: да 90-х гадоў мінулага стагоддзя і пасля іх. Тады мы выраблялі вузлы, дэталі для асцылографа — прыбора вымярэння параметраў электрычнага току і пастаўлялі іх на Мінскі прыборабудаўнічы завод. Трывала стаялі на нагах — 80 працэнтаў прадукцыі ішло са знакам якасці. А тут — развал Саюза, канверсія вытворчасці. Па сутнасці, мы засталіся без працы... Востра паўстала пытанне: чым заняцца? Не пабаюся гэтага слова, ліхаманкава шукалі выйсце, гаворка ішла пра выжыванне прадпрыемства! Пачалі вось з чаго: сталі пашыраць наменклатуру вырабаў выпускаемай прадукцыі для патрэб аўтамабільнай прамысловасці.

Скажу: хоць і была запарка, але выкруціліся. Цяпер мы — буйнейшыя манапалісты на постсавецкай прасторы па выпуску люстэркаў задняга віду, у тым ліку і з падагрэвам, для грузавых аўтамабіляў і трактароў. Усяго выпускаем да 500 найменняў прадукцыі, пачалі загружаць спаўна шахтныя печы, вытворчыя плошчы, якія раней не выкарыстоўваліся.

Леташні год завяршылі са станоўчымі паказчыкамі па ўсіх напрамках дзейнасці. Хаця, што казаць, пакруціцца давялося!

— Кіраўніку, канешне, больш за іншых, бо ён у адказе за ўсё... Чым, на ваш погляд, адрозніваецца кіраў­нік учарашняга дня ад сучаснага?

— Кожны гістарычны перыяд патрабуе свайго кіраўніка. Як было раней? Усё раскладзена па паліцах: столькі паставілі сыравіны, столькі павінна выйсці прадукцыі. Заставалася, як кажуць, толькі націснуць на рычагі ды пракантраляваць працэс. Цяпер сітуацыя змянілася карэнным чынам. Наперад выйшлі прадпрымальніцкія якасці кіраўніка, уменне бачыць і прадбачыць, вырашаць пытанні ў комплексе. Ты павінен прадугледзець праграму хады прадпрыемства мінімум на два-тры гады наперад, не выпускаць з-пад увагі фінансавую сітуацыю, усе бакі жыццядзейнасці калектыву трымаць пад кантролем. Мы нават у самы горшы час не пераставалі клапаціцца пра работнікаў: амаль штогод выдзялялі ім з дзясятак кватэр. Утрымліваем інтэрнат на 240 месцаў, нядаўна далі другое жыццё будынку, узведзенаму ў пачатку мінулага стагоддзя, і адкрылі ў ім Дом культуры.

— Уладзімір Мітрафанавіч, тры дзясяткі гадоў узначальваць прадпрыемства — гэта многа ці мала? Як вам удалося дасягнуць такога працоўнага кіраўніцкага даўгалецця?

— Цяжка адказаць. З аднаго боку, шмат сіл, здароўя ўкладваеш у працу, і здаецца, што многа. Але калі бачыш вынікі сваёй працы, гэта надае сіл. Я адчуваю, што патрэбны вытворчасці, людзям, да канца не рэалізаваў свой патэнцыял. Бо колькі сябе памятаю ў дырэктарскім крэсле, столькі будаваліся, намячалі і ажыццяўлялі планы. Вось і зараз збіраемся рэалізаваць праект па стварэнні інструментальнага і механазборачнага цэхаў, закупляем неабходнае абсталяванне, інвентар. І ад сваёй лініі не адступаем, бо калі бачыш перспектыву — у цябе аптымізм і ты проста маладзееш душой. Вось адсюль і кіраўніцкае даўгалецце: любі сваю справу, прымнажай здабыткі, каб са шчырым сумленнем сказаў: «Усё рабіў, што мог!».

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter