Секрет счастья интернациональной семьи Валерия и Любови Гордей из Ганцевичей

Сакрэт шчасця

Наш карэспандэнт завiтаў у госцi да iнтэрнацыянальнай сям’i

Адзiнства ў краiне пачынаецца з сям’i, дома i населенага пункта, дзе ты жывеш. Сёння ў Беларусi такую фразу можна пачуць вельмi часта i ў самых розных месцах. Прычым гэтага меркавання прытрымлiваецца большасць нашых грамадзян, незалежна ад нацыянальнай i рэлiгiйнай прыналежнасцi. У iх лiку — Валерый i Любоў Гардзей з Ганцавiч.

Гэта iнтэрнацыянальная сям’я — яскравы прыклад таго, што на нашай зямлi ў першую чаргу цэняцца асабiстыя якасцi чалавека, а не месца яго нараджэння.
Фота аўтара

З Татарстана ў Беларусь

Вось ужо амаль 30 гадоў беларус i татарка жывуць, як кажуць, душа ў душу, выгадавалi дваiх цудоўных дзяцей i ўпэўнены, што Беларусь — краiна, дзе можна жыць мiрна i шчаслiва.

Гiсторыя iх сустрэчы ў многiм тыповая для пакаленняў людзей, якiя нарадзiлiся i выраслi ў савецкi час. У 1989 годзе юную Любоў пасля заканчэння Казанскага ўнiверсiтэта па спецыяльнасцi «бiёлаг-бiятэхнолаг» накiравалi на працу ў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмiю, дзе яна неўзабаве паступiла ў аспiрантуру. У 1992-м паехала на вяселле да аднагрупнiка ў Ганцавiчы, дзе i пазнаёмiлася з Валерыем. Так склалася, што ён у той час пасля вяртання з тэрмiновай службы на флоце вучыўся на пятым курсе ў гэтай жа акадэмii на iнжынера-гiдролага. Маладыя людзi пачалi сустракацца ў Горках, а праз год згулялi ўжо сваё вяселле i пераехалi жыць у Ганцавiчы.

— Я заўсёды хацеў застацца ў сваiм родным горадзе, i Люба была не супраць пераезду сюды, — распавядае Валерый Гардзей. — Тым больш што яна сама родам з невялiкага райцэнтра ў Татарстане — пасёлка Рыбная Слабада, размешчанага прыкладна за сто кiламетраў ад Казанi. У Ганцавiчах спачатку я ўладкаваўся ў мясцовую ПМК-63 мелiярацыi, а праз некалькi месяцаў мне прапанавалi перайсцi на службу ў гарадскую ваенна-пажарную часць, куды ­якраз патрабавалiся прыдатныя па здароўi спецыялiсты з iнжынернай адукацыяй. Ну а жонка ў сваю чаргу ўладкавалася настаўнiцай у школу. У 1995 годзе ў нас нара­дзiўся сын Раман, а ў 2001-м — дачка Вiкторыя.

Як успамiнае Любоў Гардзей, у Ганцавiчах ёй адразу ўсё спадабалася — i добразычлiвыя людзi, i цудоўная прырода:

— На Палессi вельмi прыгожыя месцы. Дарэчы, тут я ўпершыню ўбачыла бусла — у нас на Каме iх няма. Але галоўнае, што прыйшлося па душы, — адносiны памiж тутэйшымi людзьмi. Мяне вельмi гасцiнна сустрэлi сваякi мужа, яго суседзi, калегi добра прынялi ў новым калектыве. Напэўна, мне было прасцей адаптавацца ў ментальным плане яшчэ i таму, што я з сям’i ахрышчаных татараў. Але калi б нават была мусульманкай, не думаю, што ў мяне былi б нейкiя праблемы. У Татарстане праваслаўныя i мусульмане некалькi стагоддзяў дружна жывуць побач, i там звычайная справа, калi яны адзначаюць святы са сваiмi сусе­дзямi. Напрыклад, рускiя iдуць у госцi да татараў на Курбан-байрам, а тыя да iх на Вялiкдзень. Такiя ж талерантныя адносiны i ў Беларусi.

Асаблiвае свята

Любоў i Валерый Гардзей заўважылi яшчэ адну аб’яднаўчую рысу ў двух народаў — паважлiвае стаўленне да сваёй гiсторыi.

— Аб’яднанне Заходняй Беларусi з ­БССР адыграла вялiкую ролю i ў жыццi нашай сям’i, — гавор­ыць Валерый. — Справа ў тым, што мой дзед Арсенцiй Адамавiч у той час быў простым селянiнам i жыў на хутары недалёка ад Ганцавiч. Калi пачалася Другая сусветная вайна, ён быў прызваны радавым салдатам у польскую армiю. Неўзабаве яго вайсковую часць разбiлi немцы, i ён трапiў да iх у палон. Аднак, згодна з пагадненнем, падпiсаным памiж Савецкiм Саюзам i Германiяй, ваеннапалонных, якiя былi родам з Заходняй Беларусi i Заходняй Украiны, немцы адпускалi дадому. I ў снежнi ­1939-га ён ужо вярнуўся на свой хутар, а праз год нарадзiўся мой бацька Леанiд. Дзед потым не раз казаў мне, што калi б у 1939-м не адбылося ўз’яднання Беларусi, ён бы так i згiнуў у палоне, а мой бацька i я ўвогуле не з’явiлiся б на свет. Летам 1944 года, калi Ганцавiчы вызвалiлi ад нямецка-фашысцкiх захопнiкаў, дзеда зноў мабiлiзавалi на фронт, дзе ён адважна змагаўся з гiтлераўцамi i змог вярнуцца з гэтай вайны ўжо не пераможаным, а пераможцам.

Дарэчы, пра падзеi Вялiкай Айчыннай, якiя адбывалiся ў Беларусi, з дзяцiнства шмат чула i Любоў Гардзей:

— Мае дзядуля i бабуля па мацi родам з вёскi Альвiдзiна Пестрачынскага раёна Татарстана. Гэта малая радзiма героя абароны Брэсцкай крэпасцi маёра Гаўрылава, з якiм з дзяцiнства быў добра знаёмы мой дзед. З Пятром Мiхайлавiчам яны былi аднагодкамi, да таго ж жылi на адной вулiцы. Калi пасля вайны Гаўрылаў прыязджаў на сваю малую радзiму, дзядуля заходзiў да яго пагута­рыць. А я праз некалькi гадоў з цiкавасцю слухала яго апавяданнi пра гэтыя сустрэчы. Дарэчы, ­памяць пра Пятра Мiхайлавiча Гаўрылава ўшаноўваюць у Альвiдзiна i зараз, кожны год праводзяць ваенную рэканструкцыю абароны Брэсцкай крэпасцi. А калi да нас у госцi адтуль прыя­зджаюць сваякi, то абавязкова едуць з намi ў Брэсцкую крэпасць.

Мiрна i дружна

Наогул, сям’я Гардзей вельмi любiць падарожнiчаць па Беларусi. Любовi Мiкалаеўне падабаюцца «Дажынкi», якiя вельмi нагадваюць татарскае свята «Сабантуй», што праводзiцца пасля завяршэння асноўных пасяўных работ у чэрвенi. Асаблiва часта пачалi падарожнiчаць пасля таго, як у 2013 годзе Валерый пайшоў са службы ў райаддзеле па надзвычайных сiтуацыях на пенсiю па выслузе гадоў у званнi маёра i ўладкаваўся на працу iнжынерам на мясцовае дрэваапрацоўчае прадпрыемства. Праўда, цяпер выбрацца кудысьцi ўсёй сям’ёй атрымоўваецца вельмi рэдка. Сын пасля заканчэння ваенна-тэхнiчнага факультэта ­БНТУ шосты год служыць у Гродзенскiм пагранатрадзе, нядаўна атрымаў званне капiтана. А дачка вучыцца ў Беларускiм дзяржаўным тэхналагiчным унiверсiтэце на факультэце прынттэхналогiй i медыякамунiкацый. Таму ўсё больш часу Любоў i Валерый Гардзей праводзяць удваiх.

На пытанне «У чым сакрэт сямейнага шчасця?» муж i жонка, крыху падумаўшы, адказалi:

— Добрыя ўзаемаадносiны i падтрымка блiзкiх людзей — вось падмурак шчаслiвага жыцця. Гэта значыць, што ў любой сям’i, як i ў любой краiне, самае галоўнае — каб усё было мiрна i дружна.

paplauski@gmail.com
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter