Могилевские цветоводы вырастили к празднику тюльпаны самых разных цветов

Сакавік квітнее і пахне

Калі цюльпаны пачынаюць цясніць іншыя кветкі, а палітра іх колераў у магазінах такая, што нават самыя прыдзірлівыя дзяўчаты могуць выбраць бутоны на свой густ, значыць, на календары сакавік. Да першага свята вясны магілёўскія кветкаводы вырасцілі каля 10 000 цюльпанаў самых розных ацценняў. Аднак жоўтыя ў лідарах: насуперак радкам з папулярнай песні, для большасці гараджан яны не вестуны разлукі, а сімвал сонца, добрых уражанняў і цёплых дзён. Каму мы абавязаны тым, што цюльпаны расцвітаюць акурат напярэдадні Міжнароднага жаночага дня? Чаму папулярнасць гэтых кветак з году ў год толькі расце? У пошуках адказаў на гэтыя пытанні адпраўляюся ў цяпліцы «Магілёўзелянбуда». 

Толькі гатункаў цюльпанаў пятнаццаць.

Кветкі на любы густ

Пераступаю парог — і разумею: тут быццам сабраны ўсе фарбы вясны. Адных цюльпанаў пятнаццаць гатункаў: белыя і ружовыя, чырвоныя і бардовыя, бэзавыя і махрыстыя. Аграном «Магілёўзелянбуда» Галіна Язерская не хавае, што стварыць такую прывабную карціну велічынёй у некалькі сотак няпроста. Ды і рыхтавацца да 8 Сакавіка кветкаводы пачынаюць задоўга да самой даты:

— Першыя цыбуліны цюльпанаў саджаем у скрыні з грунтам яшчэ ў кастрычніку. Патрэбны нейкі час, каб яны ўкараніліся, а потым тэмпературу зніжаем з мэтай «падмануць» рас­лі­ну, каб тая «лічыла», што надышла зіма. Наступны этап — змена клімату на больш цёплы: у сярэднім у цяпліцах падтрымліваем градус каля 16—18. І, вядома, неабходную для росту цюльпанаў вільготнасць. Чакаем тры-чатыры тыдні, і кветкі нарэшце набываюць патрэбныя сілу і выгляд.

Работа ў цяпліцах — па-за сезонамі.

Каб рэгуляваць рост і за­хоўваць цюльпаны ў бутонах, кветкаводы пры неаб­ходнасці зацяняюць іх альбо падкормліваюць мінераламі і вітамінамі. Зразаюць таксама загадзя — перад тым як парадаваць чарговага пакупніка, кветкі трэба адправіць на «сухое захоўванне» ў спецыяльную халадзільную камеру. «У гэтым сезоне першыя партыі цюльпанаў у магілёўскія крамы трапілі напярэдадні Дня закаханых — 14 лютага. Цяпер — чарга другой хвалі. Хоць і на кветкі існуе свая мода, попыт на цюльпаны не спадае ніколі. Тым больш што выбраць букет сёння можна на любы густ», — лічыць галоўны аграном прадпрыемства Крысціна Аўтушкова

Галоўны аграном Крысціна Аўтушкова: «Цюльпаны дораць добры настрой».

Арыгінальны сюрпрыз

Лёгкія, далікатныя і па-вясенняму непаўторныя кветкі для землякоў вырошчвае вялікая каманда раслінаводаў. Калектыў, падкрэсліваюць работнікі цяпліц, у іх стабільны. Выпадковыя людзі калі і прыходзяць, то надоўга не затрымліваюцца. А вось неабыякавыя, творчыя — застаюцца. Людміла Грыгор’ева і Жанна Караткова — адны з тых, хто ўносіць немалую лепту ў тое, каб градус станоўчых эмоцый у магіляўчан быў значна вышэйшы за сярэдні. Чым вельмі ганарацца: 

— Дарыць добрыя эмоцыі людзям — што можа быць лепей? Ды мы і самі іх атрымліваем, назіраючы, як кветкі растуць. 

Кветкаводы Людміла Грыгор’ева и Жанна Караткова (злева направа).

Марына Дудкіна і Таццяна Сівапляс таксама прытрымліваюцца такога пункта гледжання. Якім кветкам аддаюць перавагу самі? Падабаецца, кажуць, усё, што вырошчваюць: архідэі і крокусы, фіялкі і кактусы, бягоніі і герберы. Кветкі ў гаршках, сцвярджаюць, — даволі арыгінальны сюрпрыз, які можна зрабіць любімай дзяўчыне, маці, сястры. Нездарма землякі ўсё часцей робяць выбар на карысць зялёных прэзентаў, якія і надвор’е ў доме могуць задаць, і водар на гады захаваць. Да слова, і цюльпаны — кветкі даволі ўстойлівыя. Пры добрым доглядзе прастаяць не менш за два тыдні. Трэба толькі час ад часу сцеблы падразаць і ваду мяняць.

У цюльпанах усе адценні вясны.

— Першыя дні сака­віка, на жаль, былі не такімі сонеч­нымі, як хацелася, — прызнаецца Крысціна Аўтушкова. — Спадзяёмся, што нашы кветкі дапамогуць у нейкай меры кампенсаваць гэты недахоп. А яркае, сакавітае «праменне» ў вазе задасць асаблівы настрой не толькі на святочны дзень, але і на ўсю вясну і нават на ўвесь год. 


markova@sb.by

Фота аўтара і Уладзіслава ЖЫГАДЛЫ.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter