Чым заняцца доўгімі зімовымі вечарамі?

Сагравае душы прыгажосць

Чым заняцца доўгімі зімовымі вечарамі? Падказку можа даць рукадзельніца з Даўгаўпілса Валянціна Абушкевіч.
Чым заняцца доўгімі зімовымі вечарамі? Падказку можа даць рукадзельніца з Даўгаўпілса Валянціна Абушкевіч.


Валянціна Абушкевіч — таленавітая і працавітая рукадзельніца

Яшчэ на пачатку года ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры ладзілася творчая вечарына таленавітай нашай супляменніцы Валянціны Абушкевіч. Яна — добрая доктарка і рукадзельніца, тонкі знаўца паэзіі ды музыкі, актывістка беларускай суполкі “Уздым”. Летась у лістападзе мы віншавалі яе з 80-годдзем. А якая ў зямлячкі яснасць думкі і памяць! Нарадзілася яна і вучылася ў Беларусі, потым пераехала ў Даўгаўпілс, дзе шмат гадоў працавала ў медыцыне: тэрапеўтам, потым загадчыцай паліклінікі, дэрматавенеролагам. Яе малодшы сын — лекар жывёл. У Беларусі жывуць родныя людзі Валянціна Пятроўны: у Віцебску, напрыклад, старэйшы сын-артыст с сям’ёй. На вечарыне гучалі вершы, працавала выстава вязаных сурвэтак і вышыўкі, быў модны паказ-дэфіле, спевы, гумар… Розныя віды і формы прыгажосці суладна існавалі, так што ўся творчая вечарына Валянціна Пятроўны пакінула па сабе пачуцці радасці, захаплення.

Выставы і паказы яе вырабаў у Беларускім доме праходзілі ўжо не раз. Раней мы любаваліся вязанымі кручком рэчамі: гэта каўнерыкі ды понча. Кожны раз майстрыха прапануе новыя свае працы, прычым да дробязяў прадумвае, як іх лепей паказаць. На апошняй вечарыне, помніцца, юбілярка натхнёна чытала вершы любімых паэтаў пра каханне. “Мы ж і аўтараў нават не запомнілі ўсіх: столькі вершаў — і ўсе на памяць!” — былі ў захапленні гледачы. А яна і ў вершах сваіх выказала, чаму захапляецца вязаннем: “То крючок в руках, то спица./ С детства стала кружевницей./ Петли, годы всё низала,/ Коль моглось, всегда вязала…”. Гледачы апладзіравалі, калі мадэлі дэманстра­валі кофтачкі, паля­ры­ны, понча і каўне­рыкі — плён працы майстрыхі. Дарэчы, пад кожную кофтачку (а іх амаль 50!) яна сама падабрала фон-мелодыі. А мадэлямі выступалі Дзіяна Шылейнэ-Шылейка, Марытэ Іванова ды Ілона Раманоўская.

Музычныя падарункі таленавітай зямлячцы прысвяцілі гурт “Пралеска”, дуэт “Алёна ды Ганна”, скрыпачка Анастасія Малышава, а музычны фон паказу забяспечыў канцэртмайстар Вячаслаў Пятроў. Беларускія, рускія, латгальскія ды яўрэйскія матывы гучалі ва ўнісон разнастайнасці талентаў спадарыні Валянціны і шматэтнічнасці Даўгаўпілса. Станіслаў Валодзька і Анастасія Сазанкова чыталі свае вершы, а Галіна Сантоцкая — малітву ў вершах. Шмат добрых слоў сказалі іншыя актывісты “Уздыма” — Вольга Паўлавіч і Людміла Сінякова, Зінаіда і Айвар Сіліні, Яўгенія Гуляева і Алена Боўт, а таксама калегі-медыкі, сябры і госці. Потым была і фотасесія на фоне экспазіцый.

У нашай Валянціны Пятроўны прыгожая і шчодрая, сапраўды беларуская душа. Печ у Беларускай хатцы ўпрыгожвае яе вышыўка “Чаяванне”, і пакрывала-дыван майстрыха падарыла Беларускаму дому. І ў згаданым вышэй яе вершы ёсць радкі: “Вот от этого удела/ Я рукой себя одела./ Много близким подарила,/ А в мечтах всегда творила”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter