“Садзяць маладую на пасад”

Ва ўчарашнім нумары мы расказалі пра такі важны ў гаспадарцы прадмет, як дзяжа. Але гэты рыштунак быў вельмі важны і ў абрадавай практыцы — без дзяжы не абыходзілася ні адно вяселле. Тут якраз дарэчы будзе прадоўжыць гаворку пра вясельны абрад, бо акурат у гэты час пачынаўся зімовы перыяд вяселляў, які працягваўся да Масленіцы.

Пасля таго, як родны брат прывядзе нявесту ў хату бацькоў (нагадаем чытачам, што вясельны ўбор маладая апранала ў суседняй хаце), распачыналася выкананне яшчэ аднаго надзвычай эмацыянальнага і бязмежна багатага сваім сімвалізмам абраду, які атрымаў назву пасад. Брат або іншы блізкі сваяк браў нявесту за руку і тройчы падводзіў да пасаду — дзяжы, якая стаяла ў самым пачэсным месцы хаты — у чырвоным куце, пад абразамі. Прысутныя сяброўкі-дружкі тым часам спявалі:
Пастаньце, баяры, усе ў рад,
Садзяць маладую на пасад.
Пасаду вясковай прыгажуні надаваўся статус абрання на трон самога цара. Прысутныя аднавяскоўцы ўшаноўваліся, як тыя баяры. У самым свяшчэнным месцы хаты — непасрэдна пад сямейнымі абразамі — маладую садзілі на незвычайны трон — сямейную дзяжу, якую накрывалі вывернутым на левы бок (воўнай наверх) кажухом. Яна, ідучы міма гасцей, павінна была пакланіцца кожнаму — і старому, і малому.
Гэта абрадавае дзеянне несла ў сабе надзвычай вялікую сімвалічную нагрузку, было шматпланавым па сваім функцыянальным прызначэнні. Па-першае, гэта быў акт прызнання дзяўчынай-нявестай свайго да-шлюбнага фізіялагічнага стану. Лічылася, калі “несумленная” нявеста ўтоіць свой грэх і сядзе на дзяжу, то гэтым апаганіць яе (дзяжу), за што будзе пакарана ўся сям’я: у бліжэйшыя сем год не будзе радзіць хлеб, весціся жывёла, нараджацца дзеці. 
Па-другое, дзяўчыну, якая яшчэ не зведала шчасця мацярынства, не нарадзіла дзіця, садзілі на той сакральны атрыбут сямейнага гаспадарання, які пастаянна сам “нараджаў” хлеб — сімвал жыцця. Замешанае цеста расло, падымалася, хутка прыбывала ў памерах, таму сімвалічны кантакт дзяўчыны з рошчынай быў скіраваны на тое, каб ёй перадаць здольнасць зацяжарыць і прыбываць у вазе — “расці”.
У сувязі з тым што да самай недатыкальнай сямейнай рэліквіі — дзяжы — атрымлівалі доступ многія з аднавяскоўцаў, яе імкнуліся засцерагчы самымі адмысловымі абярэгамі. У дзяжу клалі хлеб з соллю, якія выконвалі ролю абярэга хатняга ачага.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter