Як падцягнуць фігуру і ўмацаваць здароўе, не ўклаўшы ў трэніроўкі ні капейкі

Садова-паркавы бiцэпс

Летам у парках і скверах яблыку няма дзе ўпасці: «растрэсці» назапашаны за зіму тлушч туды прыходзяць і моладзь, і пенсіянеры. Раніцай і ўвечары, каму як зручна, займаюцца аэробікай і ёгай на свежым паветры, бегаюць, трэніруюць мышцы на пляцоўках для варкаўта. «Рэспубліка» далучылася да вулічнага спорту і падлічыла выгаду.

Піск моды — трэніроўкі на спецыяльных вулічных пляцоўках. Турнікоў для заняткаў варкаўтам у гарадах усё больш і больш.

Восем гадзін раніцы, парк Горкага. Шчыра кажучы, не думала, што так рана тут кагосьці сустрэну, але памылілася. Сонная, глытаю каву, а насустрач бяжыць Ірына — так прадставілася дзяўчына. У папулярным гарадскім парку яна праводзіць ледзь не кожную раніцу. Кажа, пасля трэніроўкі ўвесь дзень ясная галава і выдатнае самаадчуванне:

— Зімой таксама бегала, толькі на трэнажоры. Праўда, за гэта даводзілася плаціць 7 рублёў у гадзіну. А тут усё бясплатна: бегай, ды яшчэ і краявідамі любуйся — прыгажосць!

Іра пабегла, а я крочу ўглыб парку. Там сустракаю некалькіх пенсіянераў, якія дружна займаюцца скандынаўскай хадой са спецыяльнымі палкамі.

— Гэта вельмі папулярна сярод пажылых, — прызнаецца Яўген Славаміравіч. На выгляд мужчыне гадоў 50. На самай справе, кажа, яму хутка стукне 60. Сакрэт маладосці раскрывае адразу: ён не есць тлустую ежу і шмат рухаецца.

Хутка поўдзень, у парку Перамогі людзей шмат. Некаторыя проста гуляюць, іншыя катаюцца на веласіпедах, а ёсць і тыя, хто прыйшоў сюды займацца ёгай. Настроіцца на пазітыўную хвалю, растварыцца ў гармоніі з прыродай — і ўсё бясплатна!

— Такія «сходкі» ладзяць вельмі часта, за гэтым лёгка сачыць у сацсетках. Вось і зноў анансавалі: 16 чэрвеня адзначаецца Міжнародны дзень ёгі. У парку Горкага пад адкрытым небам бясплатны масавы занятак у 9.00 правядуць дыпламаваныя спецыялісты з Індыі і мінскія прафесіяналы, — дзеліцца дзяўчына. Успамінае: на мінулым тыдні хадзіла на аэробіку, усіх жадаючых патрэніравацца запрашаў вядомы мінскі фітнес-трэнер. Таксама бясплатна.

На другім канцы парку з пераносных калонак гучыць танцавальная мелодыя.

— Раз, два, тры, чатыры! — крычыць публіцы трэнер у яркім спартыўным касцюме.

На хвіліну адцягваю яе ад працэсу з пытаннем, што трэба мець для такіх заняткаў:

— Майка, шорты, красоўкі і кепка — займаемся пад адкрытым небам, трэба абараняцца ад сонца. Можна купіць фітнес-рызінку, яна недарагая. Замест гантэлей раю браць звычайныя пластыкавыя бутэлькі: заліваем туды ваду — і гатова.

У Лошыцкім парку таксама ёсць своеасаблівыя «гурткі па інтарэсах». Там збіраюцца і маладыя аматары актыўнага адпачынку, і дамы ва ўзросце. Прыходзяць і мужчыны: у асноўным «костачкі размяць», як яны гавораць. Займаюцца спортам да поту. Кажуць: «Так усе шлакі і таксіны з арганізма хутчэй выходзяць». 

Дарэчы, Нацыянальны статыстычны камітэт падлічыў: фізкультуры і спорту рэгулярна ўдзяляюць час 28 працэнтаў жанчын. Іх колькасць павялічылася: у 2010 годзе гэты паказчык складаў 22,5 працэнта. Імкнуцца не адставаць і мужчыны: сярод іх паказчык з таго часу павялічыўся з 23,5 працэнта да 26,2. У Мінску трымаць фігуру ў форме сёння асабліва папулярна: сістэматычна плаваюць у басейнах, займаюцца ў трэнажорнай зале, гуляюць у футбол, баскетбол, валейбол больш за 25 працэнтаў мінчан.

Піск моды — трэніроўкі на спецыяльных вулічных пляцоўках. Турнікоў для заняткаў варкаўтам у гарадах усё больш і больш. Зазіраю на адну такую пляцоўку. У парк Марата Казея штодня сцякаюцца сотні мінчан. 28-гадовы Андрэй кажа мне, чаму:

— Па-першае, размяшчэнне пляцоўкі ідэальнае: пазаймаўся, а потым можаш лёгка трапіць у любую кропку горада. Побач — Вялікі тэатр оперы і балета, набярэжная Свіслачы, веладарожка. Зона для варкаўта адкрылася некалькі гадоў таму, але яшчэ свежая і выдатна функцыянуе. Ёсць брусы, турнікі, рукаходы, шведскія сценкі, нахільная лаўка і іншае.

Разам падлічваем выгаду: за абанемент у бюджэтнай трэнажорнай зале прыйдзецца выкласці ад 50 рублёў у месяц. У сучасным фітнес-цэнтры будзе нашмат даражэй — ад 100 рублёў і вышэй. А тут спорт бясплатны: калі няма дажджу, займацца адно задавальненне. Тым больш пад бокам заўсёды ёсць аднадумцы: і падкажуць нешта пачаткоўцу, і пакажуць. 

Яшчэ адно месца прыцягнення хлопцаў — парк экстрэмальных відаў спорту на вуліцы Сталетава. У цёплыя летнія вечары там сапраўдны аншлаг: акрамя варкаўта маладыя людзі займаюцца стрытболам, брэйк-дансам, ганяюць у вулічны футбол. Знаёмлюся з самымі актыўнымі наведвальнікамі: хлопцы спартыўнага целаскладу прапануюць затрымацца тут на пару гадзін — для размінкі пабегаць, а потым і мышцы падкачаць. Што ж, давайце!

Праходзіць паўтары гадзіны: я фізічна стамілася, але атрымала неверагодны зарад бадзёрасці. У канцы трэніроўкі адчуваю: аднекуль з’явіліся сілы рухацца далей. Вырашаю ўзяць веласіпед напракат і наматаць некалькі кіламетраў па горадзе. І абяцаю сабе гэта лета не прамаргаць: калі ёсць магчымасць бясплатна адкарэкцiраваць фігуру і паправіць здароўе, то неразумна гэтым не скарыстацца. Сезон фізкультуры пад адкрытым небам стартаваў!

popko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter