Полторы тысячи тонн яблок в этом году дал стогектарный сад ляховичского фермера Валерия Радюка

Садаводамі не нараджаюцца

Першыя саджанцы фермер з Ляхавіч Валерый Радзюк пасадзіў  яшчэ на пачатку новага тысячагоддзя. Апантаны ідэяй садоўніцтва, ён перад тым, як узяцца за справу, раіўся з беларускімі вучонымі-селекцыянерамі, ездзіў за вопытам да заходнееўрапейскіх спецыялістаў, самастойна пералапачваў навуковую літаратуру. І сёння тут прымяняюць правераныя сусветныя тэхналогіі, якія ўжо добра сябе зарэкамендавалі. У садзе ўсталявана спецыяльная супрацьградавая ўстаноўка, дзейнічае метэаралагічная станцыя. Сабраная садавіна захоўваецца ў камп’ютарызаваным сховішчы.


— Звычайна валавы збор яблыкаў даходзіць да паўтары тысячы тон, — адзначае Валерый Радзюк. — У перспектыве настроены выйсці на 2000—2500 тон. Сёлета ўраджай меншы з-за таго, што на пачатку лета моцны град пашкодзіў плады. Летась такі град прайшоў па талачынскім садзе. Увогуле, у апошнія гады абвастраюцца кліматычныя катаклізмы. Дзякуючы падтрымцы асацыяцыі «Белсадгадавальнік» нам удалося набыць супрацьградавую ўстаноўку. Гэта дазволіць уберагчы сад ад непагадзі. Зараз сабраны ўраджай закладваем на захоўванне да вясны і спадзяёмся паспяхова рэалізаваць яго. Асноўную частку прадукцыі пастаўляем на ўнутраны рынак. Рэалізуем яблыкі і ў Расію, на Кіпр.

— А польскія фермеры вам канкурэнты?

— Беларускаму рынку штогод трэба 200 тысяч тон яблыкаў. Пакуль нашы садаводы на такія аб’ёмы не выйшлі. Таму і запаўняюць рынак замежныя фірмы. Для спажыўца няма розніцы, дзе вырас яблык. Галоўны крытэрый — якасць. Асноўны наш рэцэнзент — пакупнік. Трапіць у гандлёвую сетку, дзе выдатны тавар, даволі складана. Неабходна, каб прадукцыя адпавядала многім параметрам. Гэта і прымушае шукаць новыя шляхі, развівацца. 

Мяне як фермера хвалюе праблема кадраў. Наш раён у асноўным сельскі, але не стае механізатараў, паляводаў. Убіраць ураджай мне дапагаюць жыхары райцэнтра, густанаселеных Столінскага і Ганцавіцкага раёнаў. Прыезджых забяспечваем жыллём. У перспектыве плануем арганізаваць гарачае харчаванне. У дні масавай уборкі ў садзе занята каля 40 чалавек. У іх добрыя заробкі — да паўсотні рублёў штодзённа.

— Валерый Уладзіміравіч, хто вы па адукацыі?

— Інжынер па сельгасмашынах. Вырас у сялянскай сям’і. Бацька Уладзімір Сяргеевіч быў ветурачом у калгасе, а маці Вера Антонаўна — свінаркай. Іх ужо няма, як і маёй адзінай сястры Наталлі. Бацькі нас з малых гадоў прызвычайвалі да сялянскай працы. Дапамагаў маці даглядаць калгасных свіней. З дзедам касіў, нарыхтоўваў дровы. Наша вёска Крынкі ў сямі кіламетрах ад Карэліч. Штодня пешшу адмерваў кіламетры да школы, што ў райцэнтры.

Пасля атрымання атэстата сталасці вырашыў паступаць вучыцца на інжынера, але з першага разу не выйшла. Год працаваў укладчыкам сыравіны на Карэліцкім ільнозаводзе. У вольны час рыхтаваўся да экзаменаў. І фартуна павярнулася да мяне. Стаў студэнтам інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі. Запомнілася вытворчая практыка ў прысталічным калгасе імя Войкава. Нам, студэнтам, даверылі на камбайнах убіраць збажыну. Пасля заканчэння вучобы працаваў у Карэліцкім раёне. Потым пераехаў у ляхавіцкі калгас імя Ламаносава, пра які грымела слава. Узначаліў цэх механізацыі, а потым і інжынерную службу. На цэнтральнай сядзібе — у вёсцы Нача — узводзілі дамы. На фермах і ў механізацыі працавала шмат моладзі. У гады перабудовы мяне як маладога спецыяліста накіравалі на вучобу ў Маскоўскую вышэйшую школу кіравання. Вярнуўся ў гаспадарку, і мяне абралі сакратаром партыйнай арганізацыі. Пасля працаваў галоўным інжынерам на заводзе жалезабетонных вырабаў.

— А як прыйшлі да садоўніцтва?

— Мае родныя Крынкі патанаюць у садах. Старыя дрэвы акружаюць апусцелую бацькоўскую хату. З дзяцінства памятаю, як за ноч быццам хтосьці малаком абліваў кожную яблыньку. Уся наша вёска, у якой была сотня двароў, як маладая пад вянцом, красавалася квітнеючымі садамі. Такое не забываецца! Праца на зямлі заўжды мяне вабіла. Двойчы звяртаўся ў райвыканкам, каб выдзелілі надзел. І прыйшоў момант, калі тагачасны старшыня райвыканкама Аркадзь Сакун паведаміў, што прынята рашэнне аб выдзяленні мне 100 гектараў зямлі для закладкі саду. Звярнуўся ў Інстытут пладаводства за кансультацыяй: з чаго пачынаць справу? Жонка Людміла Міхайлаўна адгаворвала: яна скончыла гандлёвы факультэт сталічнага інстытута народнай гаспадаркі. Але ў мяне ёсць слова «трэба». І яна прыняла мой выбар. Цяпер радуецца, што ў мяне хобі і праца сталі адной справай.

Першапачаткова пасадзілі сад на 10 гектарах. Потым кожны год пашыраліся. Каб мець сродкі на развіццё, на незанятых плошчах вырошчвалі пшаніцу, цукровыя буракі, бульбу і гародніну. Атрыманыя грошы ўкладвалі ў садоўніцтва. Самастойна вывучаў навінкі тэхналогіі і сартоў яблынь. Першыя саджанцы памянялі на перспектыўныя сарты. Набывалі дрэўцы на Пружанскай абласной доследнай станцыі, у гродзенскіх садаводчых гаспадарках, за мяжой. Побач з яблынямі беларускай селекцыі («алеся», «антэй», «слава пераможцам», «беларускае салодкае», «зара алатау») растуць пладовыя дрэвы замежных сартоў: «глостар», «рэд дзелішэс», «чэмпіён», «ліголь», «гала», «айдарад», «голдэн дзелішэс», «рэд джонапрынц».

Спатрэбіўся вопыт працы на заводзе жалезабетонных вырабаў. Для ўсталявання шпалер неабходны былі бетонныя слупы. Наладзілі іх выпуск. Спецыяльны дрот набывалі ў Расіі. А калі сад стаў эфектыўна пладаносіць, пайшлі паступленні ад рэалізацыі прадукцыі, слупы сталі вазіць з Польшчы. У нас іх не выпускаюць. Складана было ўсталёўваць шпалеру. Першы ўраджай садавіны атрымалі ў 2010 годзе.

— Што найбольш хвалюе вас як гаспадара саду?

— Катаклізмы прыроды. Калі 10 гадоў таму ў Еўропе град быў на 18-м месцы па шкоднасці для садоў, то цяпер ён амаль на першым. Клімат мяняецца ва ўсім свеце.

Актуальнай стала праблема падрыхтоўкі садаводаў. Часта даводзіцца выступаць перад навучэнцамі і педагогамі Ляхавіцкага дзяржагракаледжа, дзе рыхтуюць спецыялістаў сярэдняга звяна для садаводчай галіны. Здзіўляе, што там вучаць па метадычках мінулага стагоддзя. У апошнія гады няма конкурсу сярод абітурыентаў. Залічваюць на вучобу ўсіх. І не толькі ў гэтым каледжы, а наогул дэвальвавалася сістэма падрыхтоўкі кадраў. Нядаўна сустракаўся са студэнтамі Беларускай дзяржсельгасакадэміі, будучымі плодагарод-нінаводамі. Пасля гу- таркі з імі закралася думка: большасць з іх, прайшоўшы практыку ў гаспадарках, шкадуюць, што выбралі гэту спецыяльнасць. Калі хочам мець прафесійных спецыялістаў, трэба на вучобу адбіраць лепшых.

— Валерый Уладзіміравіч, якія ў вас зараз стасункі з вучонымі-садаводамі?

— У нашым садзе часта бываюць спецыялісты РУП «Інстытут пладаводства». Летась праводзіўся рэспубліканскі семінар па садоўніцтве. А годам раней такі семінар арганізоўвала асацыяцыя «Белсадгадавальнік», якая садзейнічае папулярызацыі сучасных тэхналогій у пладаводстве, што ўсё больш паспяхова асвойваюцца ў нашай краіне, дзеліцца перадавым вопытам. Нашымі справамі цікавяцца спецыялісты Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. Наша вытворчая база адна з лепшых у рэспубліцы. Вопытам шчыра дзелімся з калегамі-фермерамі.

— А ці ёсць каму працягваць вашу справу?

— У мяне намеснікам сын Уладзімір. Спадзяюся, што і для яго садоўніцтва стане не толькі прафесійным заняткам, а і хобі. Нездарма кажуць: садаводамі не нараджаюцца, імі становяцца. Гэта вялікае шчасце, калі праца — у радасць.

Ляхавіцкі раён

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter