Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Каштоўныя кнігі Францыска Скарыны сталі больш даступныя для цікаўных і навукоўцаў дзякуючы мэтанакіраванай працы аднадумцаў, дзяржаўна-прыватнаму партнёрству

Сабралі спадчыну па свеце

У ліку лаўрэатаў прэміі “За духоўнае адраджэнне”, якія ўшанаваны ў Беларусі, таксама і калектыў Нацыянальнай бібліятэкі. Высокую ўзнагароду ён атрымаў за факсімільнае ўзнаўленне і папулярызацыю кніжнай спадчыны Францыска Скарыны. Шмат папрацаваў у гэтым кірунку і намеснік дырэктара бібліятэкі па навуковай працы і выдавецкай дзейнасці, старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, кандыдат культуралогіі Алесь Суша. З ім — наша гутарка.

Фота: Эла Дзвінская

— У юбілейны для беларускага кнігадрукавання год завяршыўся выхад 21 тома факсімільна ўзноўленых кніг Францыска Скарыны. Нагадайце, Алесь Аляксандравіч, калі ласка: якія ўстановы на Беларусі атрымалі кнігі? У бібліятэкі якіх краін яны паступілі?

— Раённыя, абласныя бібліятэкі, установы культуры атрымалі кнігі бясплатна. Да таго ж яны раз’ехаліся па буйнейшых музеях краіны, трапілі ў акадэміі, інстытуты, ёсць у навуковых установах, якія носяць імя Скарыны. Выданне трапіла ў замежныя зборы нацыянальных бібліятэк іншых краін, у беларускія інфацэнтры за мяжой. У нас адладжаны прыязныя стасункі з многімі нацыянальнымі бібліятэкамі свету, і выданне паспрыяла таму, каб актуалізаваць тыя кантакты. Праходзілі сімпозіюмы, сустрэчы, прэзентацыі з перадачай кніг. У далёкіх краінах скарысталіся мы і дапамогай беларускіх дыпслужбаў. Наладжваліся стасункі, якія падштурхнуць культурную супрацу Беларусі з іншымі краінамі. Такія перадачы адбыліся ў 60 краінах! Кнігі Скарыны можна цяпер пагартаць, пачытаць ва ўсіх краінах Еўропы. Прэзентацыі “Кніжнай спадчыны” прайшлі ў Маскве, Кіеве, Рызе, Таліне, Празе, Марціне (Нацыянальная бібліятэка Славакіі), Бярліне, Мадрыдзе. Святочныя імпрэзы з нагоды 500-годдзя беларускага кнігадрукавання прайшлі ў прадстаўніцтве ААН у Швейцарыі, супольна былі праведзены акцыі з удзелам прадстаўнікоў беларускай дыяспары. Так што кнігі Скарыны ёсць у большасці еўрапейскіх краін, з якімі мы маем дыпламатычныя стасункі.

— Яшчэ ў 2012-м вы з калегамі распачалі працу па даследаванні, апісанні, алічбоўцы ўсіх асобнікаў кніг першадрукара, якія знаходзяцца ў Расіі, Украіне, Германіі, Вялікабрытаніі, ЗША . Нацыянальная біблі­ятэка ініцыявала навукова-даследчую працу “Кніжная спадчына Францыска Ска­рыны”. Аўтарам ідэі фак­сімільнага ўзнаўлення выс­тупіў дырэктар бібліятэкі Раман Матульскі. Ці былі сумненні кшталту: а ці знойдуцца мецэнаты, каб фінансава падтрымаць такое выданне?

Алесь СУША.
Фота: Эла Дзвінская
— Вы маеце рацыю: думку пра тое, што набліжаецца 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, і трэба б добра да яго падрыхтавацца, мы агучылі, калі адзначалі 90-годдзе бібліятэкі, у 2012-м. Тады праводзілі наш першы Міжнародны кангрэс, прымеркаваны да юбілею. А між тым бібліятэка ўжо гадоў 10 займаецца праектамі па факсімільным узнаўленні спадчыны. Мы такім чынам перавыдалі самыя старажытныя рукапісы — “Полацкае Евангелле”, “Слуцкае Евангелле”, “ Баркалабаўскі летапіс”.

Перавыдалі яшчэ шэраг прац: Максіма Багдановіча, Янку Купалу. І літаратурныя зборнікі рознага зместу. Шукалі розныя варыянты, як можна пашыраць кніжную спадчыну. Сем гадоў таму склалі праграму інвестыцыйных праектаў, прычым улічылі самыя розныя магчымасці, на розны густ. Кніжная спадчына Скарыны падавалася нам як вельмі значны, але рызыкоўны праект. Аднак, маючы досвед, вырашылі рызыкнуць: напісалі канцэпцыю, абмеркавалі яе ў калектыве, пакрысе пачалі збіраць кола зацікаўленых. Мы бачылі дзяржаўную падтрымку: у 2011-м пачала дзейнічаць Дзяржпраграма “Культура Беларусі”, а ў ёй было і заданне па стварэнні лічбавай бібліятэкі Францыска Скарыны. Фінансаванне прадугледжвалася невялікае, але ж падтрымка была важнейшым стымулам, каб далей дзейнічаць.

А ў 2013-м заключылі пагадненне з банкам “БелВЭБ”, які стаў нашым спонсарам і партнёрам праекта. Звычайна фінансавыя ўстановы шукаюць камерцыйную ці іншую выгоду, а тут бачна была персанальная зацікаўленасць работнікаў банка: яны цікавіліся тэкстамі, чыталі, аналізавалі выданні Скарыны, іх паслядоўнасць. На перыяд старту праекта ўжо “гуляў” сусветны эканамічны крызіс, праходзілі банкаўскія рэформы. Але ход наш правільны, ён паўплываў на пазітыўны імідж банка ў краіне. Нам прыемна было працаваць з прафесіяналамі.

— У вас было дабраславенне Мітрапаліта Філарэта на гэтую дзейнасць?

— Так, было. Праект жа мае дачыненне не проста да кніжнай спадчыны: да Бібліі. Гэта ўзнаўленне Святога Пісання. Калегі, партнёры і Царква маглі нам дапамагчы ў навуковым асэнсаванні пытанняў Бібліі.

— Адкрыццём “Кніж­най спадчыны Францыска Скарыны” сталі яго цалкам надрукаваныя поўныя прадмовы, праз якія ён бачны як духоўны пісьменнік. Гэта падаецца вельмі каштоўным. Ці адчулі Вы моцны імпульс веры першадрукара як хрысціянскага багаслова?

— Натуральна, перавыданне такіх кніг не магло абысціся без аналізу аўтарскіх тэкстаў, створаных самім Скарынам. Ён пісаў прадмовы і пасляслоўі, у якіх не толькі тлумачыў сэнс той ці іншай біблейскай кнігі, але й ролю іх у жыцці кожнага хрысціяніна. Уражвае глыбокая рэлігійнасць аўтара. Скарына як тэолаг, на мой погляд, яшчэ недастаткова праналізаваны. За савецкім часам таго ж не рабілі: кнігі яго даследваліся ў кантэксце мастацтвазнаўства, літаратуразнаўства, мовазнаўства. У сэнсе багаслоўскага разумення яго тэкстаў зроблена няшмат. Апублікаванне гэтых тэкстаў (іх можна пабачыць у факсіміле ды прачытаць у перакладзе на рускую, беларускую і англійскую мовы) аказалася абсалютна арыгінальным. Прадмовы Скарыны ў перакладзе на сучасную беларускую мову раней не выходзілі. Алесь Бразгуноў папрацаваў выдатна як перакладчык, захаваўшы стылістыку, дакладна перадаўшы мову аўтара. Вельмі добра, што слова Скарыны будзе цяпер даступным і зразумелым для шырокай аўдыторыі.

— Што можаце сказаць пра мастацкае афармленне выдання?

— Вельмі плённай была наша супраца з дызайн-студыяй “Калекшн”, якую ўзначальвае Канстанцін Вашчанка, сын вядомага мастака Гаўрылы Вашчанкі. Як мастак выдання Канстанцін прыдумаў асноўныя мастацкія элементы. Нам вельмі пашанцавала папрацаваць разам. (Летась прадстаўнікі аўтарскага калектыву рэдакцыі газеты “Голас Радзімы” разам з Канстанцінам атрымлівалі на ўрачыстасці ў Палацы Рэспублікі спецыяльныя прэміі Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва. Сябар Беларускага саюза мастакоў Канстанцін Вашчанка быў узнагароджаны “за мастацкае афармленне мнагатомнага факсімільнага выдання “Кніжная спадчына Францыска Скарыны”, якое вызначае высокі прафесіяналізм выканання, дакладная перадача вобраза эпохі Францыска Скарыны і адпаведнасць гістарычнай значнасці першадрукара”. — Рэд.)

— Скажыце, спадар Алесь: ці не з’яўляецца ўся гэтая вялікая праца падрыхтоўкай да кананізацыі Францыска Скарыны? Цяпер усе кнігі, выдадзеныя першадрукаром, узноўлены...

— Думаю, што не, і не наша гэта задача: бібліятэка зберагае кніжную спадчыну вялікага палачаніна, робіць яе больш даступнай для людзей. А пытаннямі кананізацыі займаецца, як вядома, Царква і рэлігійная супольнасць. Мяркую, парафіі, брацтвы ці прыходы могуць станавіцца такімі ініцыятарамі.

— У два мінулыя гады выйшлі тры вашыя кнігі для дзяцей школьнага ўзросту, якія маюць розгалас. Вам, падаецца мне, удалося гарманічна паказаць асобу Скарыны, што называецца, у розных іпастасях: як навукоўца, медыка, першадрукара, асобу рэнесанснай эпохі. Ці складана вам было вышукваць матэрыялы пра розныя грані яго асобы?

— Для мяне ўсё было проста, бо я па адукацыі культуролаг. А ў культуралогіі як навуцы якраз такія падыходы, што ідзе агляд розных сфер культуры. Калі, напрыклад, я вывучаю кніжную спадчыну, то вывучаю яе і ў мастацтвазнаўчым плане, і з пункту гледжання мовазнаўцаў, літаратуразнаў­цаў, філасофаў, тэолагаў... Тое ж можна сказаць пра асобу Скарыны: яна была шматгранная. Для мяне ён вельмі цікавы як перакладчык, мовазнавец, паэт, філосаф. Такі падыход, на мой погляд, якраз і дазваляе нам лепш усвядоміць усё багацце спадчыны Францыска Скарыны, веліч яго асобы.

Гутарыла Эла Дзвінская

Голас Радзімы № 4 (3556), чацвер, 25 студзеня, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter