Маладзечанскія эксперты-крыміналісты стварылі ў горадзе невычайны музей

Сабралі ўсе доказы

Напярэдадні пяцігоддзя Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз у Маладзечне завершана работа па стварэнні пакоя гісторыі судова-экспертнай службы. Для наведвальнікаў яго плануюць адкрыць 8 мая. Экспазіцыю карэспандэнту «Рэспублікі» прадставіў стваральнік — начальнік Маладзечанскага міжраённага аддзела дзяржкамітэта судовых экспертыз Юрый Будо.

Большасць кампазіцый і стэндаў ён рабіў сам. Шмат экспанатаў — з яго асабістай калекцыі, якую збіраў доўгія гады. Адразу бачна: захоплены гісторыяй чалавек. 

Юрый БУДО: большасць кампазіцый і стэндаў зрабіў сам
Фота аўтара

Разам з Юрыем Будо падымаемся на другі паверх Маладзечанскага міжраённага аддзела ДКСЭ, дзе і размясціўся незвычайны музей. Разглядаць экспазіцыі можна ў любым парадку. Адна ў другую плаўна перацякаюць. Два невялікія акенцы лесвічнага пралёта затульваюць вітражы з плёнак, на якіх сфатаграфаваны эксперты мінулых гадоў падчас працы.

Падняліся. Першая экспазіцыя — даніна павагі эксперту-крыміналісту  Маладзечанскага РАУС Івану Карэцкаму, які загінуў 30 снежня 1998 года пры выкананні службовых абавязкаў. Стылізавана экспазіцыя пад вясковы зімовы пейзаж, памятная дошка — прама ў прастрэленых кулямі дзвярах адрыны, узятых нiбы з месца забойства эксперта.

Наступны пакой — два на два метры. Прысвечаны ён бацькам крыміналістыкі, у тым ліку Альфонсу Бертыльёну, заснавальніку крымінальнай  рэгістрацыі,  і  Фрэнсісу Гальтану, які ўвёў у крыміналістыцы паняцце «дактыласкапія».

На сцяне другой экспазiцыi — цэнтральная плошча Маладзечна сярэдзіны мінулага стагоддзя на фоташпалеры:  з аўтобуса выходзяць людзі. Сапраўдны ліхтар асвятляе экспазіцыю, да яго прыстаўлены веласiпед ваенных часоў. Побач фігура крыміналіста ў форме. Насупраць яго чатыры інсталяцыі аб гібелі вядомых асоб: Пятра Машэрава, Сяргея Ясеніна, Юрыя Гагарына і, як ні дзіўна, саліста культавай рок-групы «Нірвана» Курта Кабэйна, які застрэліўся ў 1994 годзе. Версій і чутак дагэтуль шмат. Але экспертам ужо даўно ўсё зразумела. Па кожным выпадку былі праведзены судова-медыцынскія і крыміналістычныя экспертызы. Так, наконт гібелі Юрыя Гагарына было ўстаноўлена: на момант падзення самалёта падчас вучэбна-трэніровачнага палёту ён ужо не кіраваў машынай, знаходзіўся без прытомнасці з-за каласальных перагрузак, а другі пілот, Герой Савецкага Саюза Уладзімір Сярогін спрабаваў адвесці машыну ад зямлі. Яму не хапіла для завяршэння манеўру некалькi iмгненняў.

— Пётр Машэраў загінуў у аўтамабільнай аварыі, — працягвае згадваць падзеі мінулых гадоў Юрый Будо. — «Чайка» магла сысці правей у поле і размінуцца з сустрэчным гружаным ГаЗам. Аднак не атрымалася,  пераважна таму, што ў Пятра Міронавіча не было картэжу з разгоннай машынай, каб тая адводзіла перашкоды, а за рулём быў пажылы кіроўца, звязаны з Машэравым сяброўскімі вузамі.

Тры гады спатрэбілася на стварэнне незвычайнага музея

Ідзём далей і трапляем у пакой судова-медыцынскага эксперта часоў хрушчоўскай адлігі. Інструментарый, драўляная тумба, рукамыйнік, стол для анатамiравання, які змайстраваў сам Юрый Будо. Таксама ў гэтым пакоі выстаўлена сапраўднае чалавечае сэрца з колата-рэзанай ранай у колбе са спецыяльным саставам. Побач — чэрап з сечанай ранай і косці пасля траўмы ў выніку наезду.

І, нарэшце, асноўная экспазіцыя прысвечана бацькам-заснавальнікам ужо нашай судовай экспертызы. У ёй выстаўлена экзатычная халодная зброя, фотатэхніка, боепрыпасы, набор крыміналіста, партатыўны чамаданчык для дактыласкапіi і ўнікальны дакумент – медыцынскі агляд серыйнага маньяка з Віцебска Генадзя Міхасевіча.

Юрый Будо на развітанне паабяцаў, што экспазіцыі будуць папаўняцца, плошчы незвычайнага музея дазваляюць гэта зрабіць.

ikras@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter