Каталікі ў Беларусі і многіх краінах свету 25 снежня адзначаць урачыстасць Божага Нараджэння

Са святам!

Вось і надыходзіць цікавы і таямнічы час зімовых святаў. Каталікі ў Беларусі і многіх краінах свету 25 снежня адзначаць урачыстасць Божага Нараджэння. Яны будуць святкаваць прыход вечнага Бога на зямлю, Яго ўваход у гісторыю чалавецтва.

Па легендзе, у Рымскай імперыі існаваў звычай, згодна з якім жонка легіянера, калі яе муж ішоў на вайну, насіла вопратку фіялетавага колеру. Гэта быў для ўсіх людзей знак таго, што яна чакае вяртання салдата і хоча захаваць яму вернасць. Аднак пакуль легіянер не вярнуўся, жанчына ніколі не мела ўпэўненасці, што ізноў убачыць яго жывым.

Хрысціяне таксама знаходзяцца ў стане чакання, якое расцягваецца на ўсё іх жыццё. Мы чакаем другога прыходу Хрыста. З Божым Сынам сустрэнецца кожны. Для некаторых гэтая сустрэча будзе радаснай — для тых, хто верна чакаў Хрыста. Гэтая радасць будзе працягвацца вечнасць, паколькі той, хто захаваў адданасць вучэнню Хрыста, будзе знаходзіцца ў стане вечнага шчасця ў Божым Валадарстве.

Часамі прапаведнікі, калі тлумачаць таямніцу нараджэння Хрыста, кажуць пра тры з’яўленні Божага Сына: Езус нарадзіўся ў Бэтлееме, потым прыйдзе другі раз у канцы часоў, нашае ж жыццё мае быць такім, каб Хрыстос нарадзіўся ў нашым сэрцы і там застаўся. Можа, у гэтым сэрцы ёсць месца для мноства спраў, пустых заняткаў, святочнай мітусні, але няма спакою і радасці, няма месца для Хрыста.

Апошні прыход Хрыста з’яўляецца для нас нібы святлом свечкі, якая гарыць у цемры. Як мы не ведаем дакладна, якая адлегласць паміж намі і полымем свечкі, так і не ведаем дакладна, калі Бог пакліча нас да сябе. Таму варта быць заўсёды гатовымі...

Ксёндз Кірыл Бардонаў

Фота Максіма Вечара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter