Са светлым настроем

Такія кадры, як Ала Рамашка, для райспажыўтаварыства - сапраўды залаты фонд

На Дошцы гонару-2013 Стаўбцоўскага раёна змешчана фатаграфія прадаўца Алы Рамашка. Не проста прадаўца, а кіраўніка калектыву аднаго з самых адметных магазінаў нашага горада — універсама № 34. Магазін гэты адным з першых стаў працаваць па метадзе поўнага самаабслугоўвання і з таго часу з‘яўляецца лідарам па тавараабароце ў раёне. Месячная выручка даходзіць да мільярда, а ў летнія месяцы і перасягае гэты рубеж.

Магазін з’яўляецца аб’ектам прыдарожнага сэрвісу. Ён размешчаны на аўтамагістралі Брэст—Масква і абслугоўвае шмат праезджых. Прадаўцы робяць усё, каб вадзіцелям захацелася спыніцца ля іх універсама, каб праезджыя купілі прадукты і тавары першай неабходнасці ў нас у Стоўбцах. У гэтым магазіне і сапраўды прыемна зрабіць пакупкі. Прадаўцы ніколі не бываюць раздражнёныя, умеюць пажартаваць, прыняць гасцінна кожнага. Сваіх пакупнікоў, хто жыве ў гэтым мікрараёне і хто прызвычаіўся рабіць тут пакупкі па дарозе з работы дамоў, яны ведаюць у твар. Так што «вылічыць» сярод наведвальнікаў праезджых ім не складае цяжкасці. Да іх асаблівая ўвага, прыветлівасць, каб і ў наступны раз не праехалі міма. Ды і асартымент тавару варты таго, каб зайсці менавіта сюды. З многімі айчыннымі заводамі і фабрыкамі магазін працуе напрамую, завоз прадукцыі ажыццяўляецца па графіку. Ёсць магчымасць зрабіць заказы на тыя тавары, якія карыстаюцца найбольшым попытам. У магазіне вельмі зручны рэжым работы — з раніцы да позняга вечара і без абедзеннага перапынку. Канешне ж, прадаўцы працуюць з пастаянным напружаннем, ды і аб’ём тавараабароту сведчыць аб тым, які рэжым работы ў краме. Прадаўцоў Вольгу Сінякевіч, Кацярыну Курыла, Алу Белановіч, Кацярыну Высоцкую, Анастасію Тулейка, Алену Трацяк, прыбіральшчыцу Зінаіду Барташэвіч, грузчыка Алега Уласіка «выратоўвае» тое, што ў калектыве сяброўскія, беражлівыя адносіны адзін да аднаго, узаемаразуменне, падтрымка, узаемапавага і вялікая адказнасць за калектыўную працу.

Пара сказаць і пра загадчыцу, якая задае тон у калектыве на такую зладжаную працу і з удзячнасцю гаворыць пра кожнага члена калектыву. З гандлем у Алы Рамашка звязаны 28 гадоў жыцця. Выпускніца Заямнаўскай СШ не думала некалі, што лёсам яе стане гэта сфера дзейнасці. Яна паступала ў педагагічны інстытут, аднак не прайшла па конкурсе і падала дакументы ў Нарачанскае гандлёвае вучылішча. Мара яе юнацтва ажыццявілася ў дзвюх яе дочках, якія атрымліваюць педагагічныя спецыяльнасці: Святлана — педагога-праграміста ў радыётэхнічным каледжы, Кацярына — настаўніцы англійскай мовы і працоўнага навучання ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце.

Па светлым настроі Алы Васільеўны, яе мірным уладкаванні душы можна сказаць, што ёй падабаецца тое, чым яна займаецца, чаму прысвяціла сваё працоўнае жыццё. А для райспажыўтаварыства такія кадры сапраўды залаты фонд.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter