Дырэктар, аграномы і ўся механізатарская раць верхнядзвінскай гаспадаркі «Коханавічы» жывуць клопатамі пра вясеннюю сяўбу

Са свайго мазаля і капейкі

АЛЬБЕРТ МАХМУДАЎ (на здымку) — ураджэнец Дагестана. Але так атрымалася, што лёс яшчэ з юнацкіх гадоў звязаў з Беларуссю, якую лічыць сваёй другой радзімай. Прыехаў вучыцца ў Віцебскі ветырынарны інстытут і па яго заканчэнні быў накіраваны на працу галоўным ветурачом у адну з гаспадарак Гомельскай вобласці. Пасля чарнобыльскай аварыі зноўку трапіў на Віцебшчыну, у 2000 годзе прызначаны дырэктарам саўгаса “Коханавічы” Верхнядзвінскага раёна. Махмудаву ўдалося вывесці стратную гаспадарку з далучанымі да яе слабымі сельгаскааператывамі “Зара” і “Камінтэрн” на прыбытковую работу. Зараз тут амаль 9 тысяч гектараў сельгасугоддзяў, адлегласць ад адной мяжы да другой 45 кіламетраў, што стварае дадатковыя цяжкасці як для кіравання,  так  і  для  перагону  тэхнікі.  Давялося  шмат укласці сродкаў у рамонт жывёлагадоўчых памяшканняў, майстэрняў і іншых вытворчых памяшканняў.

Альберт МАХМУДАЎ

З года ў год растуць эканамічныя паказчыкі. Летась надаілі ад каровы 5004 кілаграмы малака. Атрымалі выручкі ад жывёлагадоўлі і раслінаводства 5 мільёнаў 250 тысяч рублёў. Рэнтабельнасць вытворчасці склала 8,9 працэнта. Сярэднямесячная зарплата механізатараў у мінулым годзе дасягнула 663 рублёў, у асобных — звыш тысячы.

ЗРАЗУМЕЛА, у КУВСГП “Коханавічы” перш-наперш звяртаюся да дырэктара, на якога і высыпаў з паўтузіна пытанняў.

— Альберт Загірбекавіч, апошнія два гады надзвычай цяжкія? І ўсё ж выстаялі, даяце запланаваную прадукцыю.

— За амаль сорак гадоў працы ў сельскай гаспадарцы з такім давялося сутыкнуцца ўпершыню. Палеткі кукурузы стаялі ў вадзе, і мы 90 гектараў, а гэта пятая частка пасеваў, так і не змаглі ўбраць. Увогуле, недабралі амаль 8 тысяч тон кукурузнага сіласу. Значна меншым быў ураджай збажыны. І ўсё ж зерневага фуражу здолелі назапасіць 100 працэнтаў, з травянымі дапамагло тое, што мы заўсёды закладвалі іх на паўтара года. Каб не дапусціць зніжэння прадукцыі, закупляем жом ад буракоў з цукровага завода з Мінскай вобласці. Дае вынікі ўвядзенне летась малочна-даільнага блока на 380 кароў. Тут надойваюць да 5 тон малака, і толькі сортам “экстра”. У блоку знаходзіцца трэць дойнага статка гаспадаркі, а малака тут атрымліваем палову ад агульнай вытворчасці. Дарэчы, блок пабудаваны гаспадарчым спосабам і сэканомлена, такім чынам, 600 тысяч рублёў.

— Большасць аб’ектаў у гаспадарцы якраз і ўзводзяцца гаспадарчым спосабам?

— Так, у нас свая будаўнічая брыгада. Акрамя таго, запрашаем старонніх спецыялістаў, якія добра сябе зарэкамендавалі. З іх дапамогай два гады таму ўзвялі тэнтавы арачнік на паўтысячы цялят. Гэта – адна з лепшых канструкцый. Цяляты адчуваюць сябе тут цудоўна, не хварэюць, набіраюць вагу. Зрабілі мы гэты арачнік усяго за два месяцы, і абышоўся ён у 10 разоў танней, чым калі б гэтым займалася будаўнічая арганізацыя. Адно — гаспадарчы спосаб, а другое – уласныя будаўнічыя матэрыялы, акрамя цэменту. Нават цэглу не куплялі. Узялі са старых жывёлагадоўчых памяшканняў. Сёлета плануем рэканструяваць ферму для ўтрымання дадаткова 300 кароў. А ў бліжэйшых планах – будаўніцтва малочна-таварнага комплексу на 1000 галоў жывёлы, што абавязкова павінна адбіцца на росце прадукцыі.

— Але ж гэта, у сваю чаргу, патрабуе лепшай кармавой базы...

— Над гэтым працуем. Закупілі пяць тон насення канюшыны, столькі ж цімафееўкі, а таксама пайзы, рэдзькі алейнай, райграсу, проса. Галоўная задача – правесці ў тэрмін веснавыя работы, бо аб’ём іх будзе куды большы, чым у папярэднія гады. Пад азімыя зерневыя з-за непагадзі здолелі заняць толькі 600 гектараў, або ў два з паловай разы менш, чым планавалася.

Больш давядзецца сеяць яравых. Пад іх паднята восенню 500 гектараў зябліва. Заканчваецца рамонт тэхнікі. Шэсць энерганасычаных трактароў, на якія будзе зроблена галоўная стаўка, практычна гатовы. Як і ў папярэднія гады, за штурвал К-701 сядзе былы старшыня сельскага Савета Мікалай Забагонскі, які на заслужаным адпачынку, але ў адказныя кампаніі па-ранейшаму дапамагае гаспадарцы. Выведуць у поле свае МТЗ-3022 і “Кіраўцы” Васіль Мароз, Яўген Сушчэвіч, Фёдар Кураш, Іван Кукса, Юрый Навумаў.

— Альберт Загірбекавіч, у гаспадарцы шырока практыкуецца заахвочванне за плённую працу натуральнай прадукцыяй. Гэта будзе на сёлетніх веснавых палявых работах?

— Абавязкова. За кожны гектар ворыва будзе выдадзена 2 кілаграмы зерня на звычайным трактары і адзін кілаграм – на энерганасычаным. Увогуле ж, гэта сістэма ў нас безадказна дзейнічае даўно, з часу майго тут дырэктарства: на сяўбе, нарыхтоўцы кармоў, уборцы ўраджаю. Некаторыя механізатары такім чынам дадаткова да зарплаты атрымліваюць да 2,5 тоны зерня. Падобнае заахвочванне ў жывёлагадоўлі. Надаіла аператар звыш 5 тысяч кілаграмаў малака ад каровы або атрымала прывагі жывёлы звыш 600 грамаў – атрымай бясплатна паўтоны зерня. А гэта, у сваю чаргу, – істотная падтрымка асабістай падсобнай гаспадаркі нашых працаўнікоў, якія гадуюць і кароў, і свіней. Лішкі прадукцыі прадаюць дзяржаве і маюць за гэта дадатковы даход у сямейны бюджэт.

МАЙСТЭРНІ ў “Коханавічах” якраз насупраць канторы гаспадаркі, і Альберту Махмудаву са свайго кабінета, які знаходзіцца на другім паверсе, добра відаць, што там робіцца. Аднак ён і без таго заглядвае да механізатараў па некалькі разоў на дзень. Яно і зразумела: блізка вясна, і трэба заканчваць рамонт тэхнікі.

У велізарных майстэрнях Віктар Казлоў завіхаецца ля магутнага “Амкадора”. Выглядае агрэгат даволі дыхтоўна, быццам нядаўна з заводскага канвеера. А яму ўжо 15 год, і яго, у прынцыпе, даўно пара спісаць. З апошнім не пагаджаецца Віктар:

— Ён у мяне яшчэ папрацуе. І на пагрузцы арганікі, і на трамбоўцы зялёнай масы. А не падводзіць таму, што сваечасова праводжу тэхагляды. Грошы на гэта дырэктар не шкадуе, бо сур’ёзныя рамонты абышліся б у некалькі разоў даражэй.

Механізатары Аляксей СІВОХА і Фёдар КУРАШ заканчваюць рамонт пасяўнога агрэгата.

Механізатары Аляксей Сівоха і Фёдар Кураш прывялі ў парадак свае трактары і цяпер дапамагаюць у рамонце пасяўнога агрэгата Івану Жуку.

Загадчык майстэрні Пётр Балаш зазначыў, што з 5 пасяўных агрэгатаў 4 ужо гатовыя. Адладжаны таксама культыватары, дыскатар, дыскі і іншы прычапны інвентар. Шчыруе спецыяльнае звяно рамонтнікаў у складзе зваршчыка Валерыя Пераверзева, слесараў Леаніда Дашчонка і Пятра Кішковіча. Спрыяе хуткаму і якаснаму рамонту прагрэсіўная аплата: не за праведзены ў майстэрні час, а за канкрэтную працу. Напрыклад, на рамонт таго ж пасяўнога агрэгата адводзіцца не больш за два тыдні.

Увогуле, з рамонтам прычапной тэхнікі справа ідзе да фінішу, і цяпер асноўная работа скіравана на падрыхтоўку яе да тэхагляду, які вызначаны графікам на 15 сакавіка. Нельга не звярнуць увагу і на той факт, што ў майстэрні, нягледзячы на значны мароз на вуліцы, даволі цёпла. Гэта дзякуючы ўстаноўцы магутнага катла, на якім да таго ж падаграваецца і вада.

Загадчык майстэрні Пётр БАЛАШ.

ПАД канец лютага ціснулі неслабыя маразы. Аднак у механізатара Васіля Мароза куртка расшпіленая:

— Маё ж прозвішча Мароз, — жартуе. —Так што вулічны “цёзка” мне не страшны!

Не палохаецца Васіль ніякай работы на трактары і камбайне, ставячы рэкорд за рэкордам. Летась на МТЗ-3022 узараў васьмікорпусным плугам 800 гектараў пад сяўбу, яшчэ 700 гектараў падрыхтаваў чызелем і паспеў да таго ж на кормаўбарачным камбайне сабраць 7 тысяч тон зялёнай масы.

— Мая навука ад бацькі, Паўла Антонавіча, — дзеліцца сакрэтамі Мароз. – Дзіцём яшчэ, як было мне год пяць, браў ён мяне з сабой катацца на трактары. А ўжо ў чатырнаццаць быў у бацькі памочнікам на церабленні лёну. Тады, не ў прыклад сённяшняму часу, з маленства дзяцей прывучалі да сялянскай працы, да тэхнікі.

Васіль у тэхніцы – ці не акадэмік. Адразу пасля службы ў арміі ён два гады ў верхнядзвінскай “Сельгастэхніцы” рамантаваў маторы Д-240 да трактароў МТЗ-80 і МТЗ-82. Цяпер гэту адказную работу яму даручаюць у роднай гаспадарцы. Пазалетась аднавіў ажно чатыры штукі, летась – два. І якасць гарантавана, і выгада эканамічная. Колькі б грошай давялося лішніх аддаць на перавозкі на маторарамонтны завод, на чужых майстроў.

Свой трактар МТЗ-3022 у Васіля ходзіць ужо 8 сезонаў пакуль што без усялякіх праблем.

Лепшы механізатар Васіль МАРОЗ.

Жонка Васіля, Марына Мароз, — намеснік галоўнага бухгалтара. У сям’і двое дарослых сыноў. Малодшы Дзяніс працуе ў Дэпартаменце аховы, а старэйшы Максім займеў спецыяльнасць інжынера-тэхнолага, жыве ў Віцебску і нярэдка кансультуе па тэлефоне бацьку па рамонце складанай тэхнікі.

— Ён у мяне вырас у кабіне трактара, і часта бывала, спаў там, для чаго ляжала ў кабіне падушка, — згадвае Васіль пра старэйшага сына.

Дырэкцыя гаспадаркі выдзеліла Марозам катэдж. Яны трымаюць усялякую жыўнасць. У тым ліку дзвюх кароў. Гатовае сена можна ўзяць і ў гаспадарцы, але Васіль адмаўляецца. Нарыхтоўвае сам, сыны дапамагаюць. Маўляў, сваё ёсць сваё: і каровам смачней, і малака болей будзе. 2,5 тоны зерня атрымаў механізатар летась у якасці дадатковай прэміяльнай аплаты.

Днямі Васіль Мароз прыгнаў з Віцебска новы дыскатар. Хлебароб, як і ўсе ў калектыве, жыве клопатамі пра ўраджай сёлятняга года.

saulich@bk.ru

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter