Са спашукальнікам і з саіскальнікам, ці Правапіс прыставак.

Урокі для чытачоў “НГ” вядзе загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прафесар, доктар філалагічных навук Віктар ІЎЧАНКАЎ.

У новай рэдакцыі “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” замест раздзелаў 9—13 “Правіл” (1959) уведзена глава пятая “Правапіс некаторых марфем”. У названых раздзелах ішла гаворка пра напісанне галосных у суфіксах назоўнікаў, прыметнікаў і дзеепрыметнікаў, дзеясловаў, у канчатках назоўнікаў, прыметнікаў і займеннікаў, лічэбнікаў, асабовых дзеясловаў. Нават гэты пералік паказвае, наколькі няпростым быў шлях да адказу на пытанне, як напісаць тое ці іншае слова. Напрыклад, абаперціся ці абперціся, даследаванне ці даследванне. Правапіс прыставак і суфіксаў, канчаткаў у “Правілах” (1959) быў размеркаваны па часцінах мовы: для таго, каб даведацца, як трэба пісаць слова, трэба было вызначыць прыналежнасць яго да канкрэтнай часціны мовы.
У новай рэдакцыі напісанне прыставак і суфіксаў падаецца асобнымі параграфамі незалежна ад таго, да якой часціны мовы адносіцца слова. У “Правілах” (2008) не гаворыцца пра напісанне канчаткаў. І гэта невыпадкова.
Канчаткі ўяўляюць сабой граматычны сродак спалучэння слоў. Родная мова, як усе славянскія, акрамя балгарскай, адносіцца да флектыўных, у якіх словаспалучальнасць забяспечваецца перш за ўсё флексіяй (канчаткам). У аглютынатыўных мовах дамінуе так званае “прыклейванне” розных суфіксаў і прэфіксаў, прычым кожны з іх мае адно значэнне, важную ролю адыгрываюць артыклі, прыназоўнікі. Такім чынам, канчатак — гэта сродак слова-змянення, што адносіць яго да граматыкі. Правапіс канчаткаў рэгламентуецца граматыкамі. Праца над новай акадэмічнай граматыкай ужо інтэнсіўна вя-дзецца, і неўзабаве яна з’явіцца. У ёй будуць вызначаны канкрэтныя выпадкі напісання канчаткаў, удакладнены ранейшыя фармулёўкі. Напрыклад, у залежнасці ад значэння слова дуб у родным склоне можа мець канчатак -а ці
-у: падышоў да дуба (канкрэтнае дрэва) і ўзяў дубу на калодзеж (будаўнічы матэрыял). Лексіка-граматычны разрад (канкрэтны, зборны, асабовы, рэчыўны і інш.) прынцыпова ўплывае на напісанне канчаткаў назоўніка: напрыклад, у месным склоне на вучню, аб аратару, але: на кані, на пні, на трактары. Асабовыя назоўнікі (якія ўказваюць на асобу) у такім выпадку маюць канчатак -у, -ю. Як відаць з ілюстрацый, выкарыстанне канчаткаў — з’ява граматычная.
Найбольшыя цяжкасці выклікае напісанне назоўнікаў другога скланення ў родным склоне. Трэба заўважыць, што канчатак выконвае, так бы мовіць, сэнсаадрознівальную функцыю: да пад’езда (дома) і няма пад’езду (да дома). У нашай мове назіраецца тэндэнцыя да паступовага пашырэння ў такіх выпадках канчатка -у. У рускай мове пераважае канчатак
-а. У ёй засталіся некаторыя формы, якія ўжо цяжка распазнаюцца, напрыклад: чашка чаю (частка ад цэлага) і цена чая (цэлае). Ва ўкраінскай мове дамінуе форма на -у. Як бачым, родная мова прынцыпова адрозніваецца ад сваіх суседак і ў гэтым пытанні.
Раней не давалася дакладнага правіла напісання прыназоўнікаў аб, над, пад, перад пры спалучэнні з формамі асабовага займенніка я, якія пачынаюцца збегам зычных. У новай рэдакцыі зафіксавана, што яны пішуцца з дадатковым а: аба мне, нада мной, перада мной. Прыназоўнік з замяняецца ў падобных выпадках на са: са мной; але: з мяне. Прыназоўнік у набывае форму ва ў спалучэннях са словамі з пачатковым у: ва ўніверсітэце, ва ўрачыстасцях, ва ўрочышчы, ва ўкраінскай, ва ўнісон, ва Уроцлаве, але: у вучылішчы, у амбары, у вогнішчы.
Варыянт са прыназоўніка з згодна з вымаўленнем пішацца перад збегам зычных, калі першы з іх — шыпячы або свісцячы: са школы, са шкіперам, са сваякамі, са смеху, са зброяй, са старых часоў, са сваімі сябрамі, са звонам, са здымка, велічынёй са шраціну, са знічкай; але: з братам, з праўдай, з пляча, з грукатам, з цвіком, адно з двух. Апошнім часам гэтая рэкамендацыя не вытрымлівалася. Так, у некаторых дапаможніках можна знайсці: прыйшоў за школы, размаўляў за мною, з школы, з зруба. Апошнія дзве формы прымаліся і граматыкай Браніслава Тарашкевіча. Сучасная фармулёўка адпавядае традыцыі вымаўлення, пакладзенай яшчэ ў далёкую даўніну, калі існавалі рэдукаваныя. Гэтай жа старадаўняй уласцівасці падлягае і наступнае правіла: да прыставак аб-, ад-, над-, пад-, раз- (рас-), с- (з-), уз- (ус-) пры спалучэнні з марфемамі, якія пачынаюцца збегам зычных, далучаецца дадатковае а: абарваць (абрываць), абагнаць (абганяць), адаспаць (адсыпацца), адапхнуць (адпіхваць), сабраць (збяру), сарваць (зрываць), надагнуць (надгінаць), падаспець, сатлелы, абамлець. Дапускаецца напісанне ўстаўнога а для раздзялення двух губных гукаў: абабягаць, абаперціся.
У новай рэдакцыі надаецца ўвага напісанню прыставак са-, су-, пра якія ў “Правілах” (1959) увогуле не гаварылася. Справа ў тым, што гэтыя шматзначныя прыстаўкі сталі актыўна пранікаць у маўленчую практыку. Паводле Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы (1977—1984), прыстаўка су- абазначае: сумеснасць, саўдзел (суапякун, сумоўца); сукупнасць, зборнасць (сузор’е, суквецце); суадноснасць пэўнай якасці паміж прадметамі (сугучны, супамерны); збліжэнне, супадзенне ў прасторы або часе (суладны, сучасны); указанне на ўнутранае адзінства чаго-небудзь (суцэльны); сумеснасць, суправаджэнне або ўстанаўленне суадносін паміж чым-небудзь (сумясціць, суаднесці). Прыстаўка са- таксама можа мець значэнне сумеснасці (саўдзельнік, сааўтар), таму напісанне абодвух прэфіксаў павінна было грунтавацца не толькі на семантычным прынцыпе.
Такім чынам, прыстаўка су- пішацца:
у назоўніках, дзе су- выдзяляецца толькі гістарычна: сусед, сувой, сувязь, супын, супынак, сутаргі, сумятня, супастат, супоня, суткі, сутокі, суцяга, сумёт, сустаў;
у новых утварэннях, калі ёсць слова і без су-: суграмадзянін, супалімер, сукрэдытор, сукіраўнік, супастаўшчык, сучлен, суапякун, супрацоўнік, суродзіч, сунаймальнік, суспадчыннік, суадказчык, сузабудоўшчык, сувыканаўца і інш.;
у словах, якія без су- не ўжываюцца: суквецце, сузор’е, суладдзе, сугучча, суглінак, супесак, сукравіца, сузіральнік, сумежжа, сухмарак.
Прыстаўка су- пішацца:
у дзеясловах: суадносіць, супадпарадкоўваць, сумяшчаць, суіснаваць, сустракаць, сутыкацца, супярэчыць, супастаўляць, супадаць;
у прыметніках: сумежны, сукупны, суладны, сугучны, сучасны, сувымяральны, супольны, сумесны, суцэльны;
у прыслоўях: с?упраць (супр?оць).
Прыстаўка су- захоўваецца ў лексемах, словаўтваральна звязаных са словамі, што маюць прыстаўку су-: сутачны (суткі), суцяжнічаць (суцяга), сурэдактарстваваць (сурэдактар), суапякунства (суапякун), сузіранне (сузіраць), сумяшчальнік (сумя-шчаць), сустрэчны (сустрэча), супярэчлівасць (супярэчлівы), сумежнасць (сумежны), супольнасць (супольны), сумесна (сумесны), насуперак (супраць) і інш.
Прыстаўка са- пішацца:
у некаторых назоўніках, дзе прыстаўка выдзяляецца толькі гістарычна: сасуд, савет, сабор, саюз, саслоўе;
у запазычаннях і кальках (пераважна з рускай мовы): саіскальнік, сакурснік, садружнасць, сатрапезнік, сачыненне, састаў, саслужывец і інш. Варта спыніцца на слове саіскальнік, якое пранікла ў родную мову з рускай. Напісанне яго падавалася слоўнікамі па-рознаму: і з прыстаўкай са-, і з прыстаўкай су-. У новай рэдакцыі правіл перавага аддаецца першай, аднак русізм усё часцей замяняецца словам спашукальнік.
Прыстаўка са- захоўваецца:
у лексемах, словаўтваральна звязаных са словамі з прыстаўкай са-: саўдзел (саўдзельнік), са-слоўны (саслоўе), састыкоўванне (састыкаваць), састаўляць (састаў), сашчэпка (сашчапіць) і інш.;
у дзеясловах, калі са- з’яўляецца варыянтам с- (перад збегам зычных): садраць (здзяру), сагнаць (зганю), саскочыць, сажмурыць, сапсець, сасмажыць, саслабець, сасватаць, састроіць, сашмаргнуць, сашпіліць, саштурхнуць, сасмягнуць, сагнуць, саграшыць, са-шчыкнуць, сашчапіць і інш.;
у прыметніку сапраўдны і вытворных ад яго.
Напісанне прыставак су- і са- ў іншых выпадках вызначаецца па слоўніку.

ЗВАРОТНАЯ СУВЯЗЬ

Прывітанне, як правільна вымаўляць імя і прозвішча Оноре де Бальзак? Дзякуй. kamress
— Звярніце ўвагу, што вы няправільна напісалі імя французскага пісьменніка. Арфаграфічна карэктна пісаць: Анарэ дэ Бальзак. Націск падае на апошнія склады абодвух слоў.

Добры дзень! Нядаўна прачытала: “Пад павеццю стаяла кавадла...” і нічога не зразумела. Пра што ідзе гаворка?  З удзячнасцю за рубрыку Марыя Філістовіч, г. Мінск
— Слова павець мае некалькі значэнняў:
1. Пляцоўка пад страхой на слупах, прызначаная для захоўвання чаго-небудзь ад дажджу, непагоды;
2. Памяшканне, дзе звычайна складаюць дровы;
3. Гаспадарчая пабудова для прасушвання і захоўвання сена з двухсхільным дахам. Трэба меркаваць, што ў сказе гэтае слова выкарыстана ў першым значэнні.
Кавадла — жалезная падстаўка для коўкі металу. Не трэба блытаць з паронімам кувалда, які мае значэнне вялікі ручны молат для коўкі металу, выкарыстоўваецца для мантажу і дэмантажу канструкцый.

Свае пытанні прафесару Іўчанкаву вы можаце пакінуць на нашым сайце www.ng.by або даслаць па электроннай пошце на e-mail irina@ng.by
ці на паштовы адрас рэдакцыі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter