Сіроцкая кузня

ПАХОДЖАННЕ назвы гэтага населенага пункта патлумачыць вельмі проста: яна мае непасрэдную сувязь з рамяством, якое калісьці было шырока распаўсюджана на Беларусі. Сёння ж у вёсцы, дзе пражывае каля ста чалавек, кавалёў ужо не засталося. Апошні — Васіль Шапавал — пайшоў з жыцця ў мінулым годзе.

У пружанскіх Кавалях маглі і блыху падкаваць, а цяпер пра гэта рэдка ўзгадваюць. На жаль...

ПАХОДЖАННЕ назвы гэтага населенага пункта патлумачыць вельмі проста: яна мае непасрэдную сувязь з рамяством, якое калісьці было шырока распаўсюджана на Беларусі. Сёння ж у вёсцы, дзе пражывае каля ста чалавек, кавалёў ужо не засталося. Апошні — Васіль Шапавал — пайшоў з жыцця ў мінулым годзе.

– ГЭТАЯ няпростая прафесія ў нас некалі была вельмі запатрабавана, — успамінае былы кіраўнік мясцовага саўгаса Аляксандр Зінчанка. — Была свая кузня, дзе выраблялі неабходныя для гаспадаркі прылады, аднак з развіццём механізацыі патрэба ў ёй адпала. Кузню зачынілі, але адметнае імя вёскі засталося.

Цікава, што гаспадарка, якую Аляксандр Мікалаевіч узначальваў на працягу пятнаццаці гадоў, заўсёды называлася «Кавалі», як бы падкрэсліваючы важнасць няпростай мужчынскай прафесіі, унікальных здольнасцей людзей, якія ёй валодалі.

Цікавая і гісторыя Кавалёў. Вёска знаходзіцца побач з населеным пунктам Юндзілы, які, паводле ўспамінаў старажылаў, узнік раней за яе. Тут размяшчаўся фальварак косаўскіх князёў Юндзіловічаў. З часам ён разросся, стаў вялікім паселішчам, дзе развіваліся розныя рамёствы. На ўскрайку ж знаходзілася непраходнае балота, сяліцца за якім доўгі час ніхто не адважваўся. Першым гэта зрабіў каваль Мініч, які атабарыўся на хутары і стаў вельмі вядомым майстрам у ваколіцы. За ім з Юндзілаў пачалі пераязджаць і іншыя майстры. Так сярод балот узнікла мноства хутароў, якія славіліся сваімі кавалямі і праіснавалі паасобку ажно да сярэдзіны 60-х гадоў мінулага стагоддзя. У гэты час тут стварылі саўгас, правялі меліярацыйныя работы, на месцы былых балот праклалі дарогі, пабудавалі дамы. Гаспадарка была адной з самых моцных на Пружаншчыне, мела многа тэхнікі, коней. Прафесія каваля лічылася вельмі прэстыжнай.

— Вядомы выраз «блыху падкаваць» з поўным правам можна было аднесці да іх. Аляксандр Нячай, Васіль Шапавал і іншыя маглі дасканала выканаць любое даручэнне. На жаль, у жывых не засталося нікога з іх, а маладыя старажытным рамяством не цікавяцца  — успамінае Аляксандр Зінчанка.

Кавалі выраблялі многія прылады, дэталі, неабходныя для гаспадаркі. Метал раскалялі.

Будынак на мехдвары былога саўгаса, дзе размяшчалася кузня, захаваўся да сённяшняга часу, але ўжо доўга не выкарыстоўваецца па прызначэнню. Няма і самой гаспадаркі ў тым выглядзе, якой яна была тады. У 1995 годзе Аляксандр Зінчанка быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі. Многія сацыяльна-бытавыя пытанні, што хвалявалі сялян, ён дапамог вырашыць, будучы народным выбраннікам. Саўгас жа захаваць не ўдалося. З часам ён быў рэфармаваны і ўвайшоў пад крыло сучаснага ААТ «Ружаны-Агра» — адной з буйнейшых гаспадарак Пружанскага раёна.

Па словах памочніка начальніка вытворчага ўчастка Васіля Куця, уваход у састаў вялікага сельгаспрадпрыемства дапамог вырашыць пытанні з забеспячэннем сучаснай тэхнікай, пераводам многіх аб’ектаў на найноўшыя тэхналогіі. З другога боку, гэта прымусіла многіх работнікаў або выйсці на заслужаны адпачынак, калі ім дазваляў узрост, або шукаць працу за пятнаццаць кіламетраў — у гарадскім пасёлку Ружаны.

Такая праблема паўстала не толькі перад працаўнікамі гаспадаркі. Былую загадчыцу клуба вёскі Кавалі Святлану Шыла мы адшукалі… на аўтазапраўцы. Трыццаць гадоў яна адпрацавала ў сферы культуры, сабрала багаты матэрыял пра гісторыю населенага пункта, у якім жыве, а пасля закрыцця ў Кавалях школы вырашыла перадаць яго малодшым калегам.

— У прынцыпе, іншага выйсця ў мяне не было, — гаворыць Святлана Віктараўна. — Калі зачынілі школу,  ў яе будынку  размясцілі клуб, бібліятэку, фельчарска - акушэрскі пункт. Адна з настаўніц там і засталася працаваць. А я ўжо ў перадпенсійным узросце, уладкавалася на аўтазапраўку, дзе і зарплата вышэйшая, і перспектывы нейкія ёсць. Людзі пагаворваюць, што з часам і клуб можа знікнуць. Тады нашы Кавалі стануць увогуле неперспектыўнымі.

КАБ такога не здарылася, трэба развіваць вытворчасць, будаваць жыллё, папулярызаваць мясцовыя традыцыі, пераканана стараста вёскі Лілія Нячай. Вырашаючы праблемы, з якімі звяртаюцца людзі, Лілія Дзмітрыеўна сама дабіраецца на работу ў Ружаны. Працуе яна прадаўцом у адной з гандлёвых кропак гарадскога пасёлка. Муж Аляксандр ужо каля трыццаці гадоў — механізатар на вытворчым участку «Кавалі» ААТ «Ружаны-Агра». У вольны ад работы час ён дапамагае жонцы выконваць грамадскія даручэнні. Спраў заўсёды многа. Камусьці трэба дапамагчы нарыхтаваць дроў да зімы, камусьці  арганізаваць догляд старых сацыяльным работнікам. У вясновы перыяд, які зараз пачынаецца, становяцца актуальнымі пытанні рамонту дарог, падрыхтоўкі да пасадкі агародаў. Без дапамогі мясцовай гаспадаркі і Ружанскага пасялковага Савета не абысціся. Лілія Нячай стараецца, каб без увагі і падтрымкі не застаўся ніхто.

Вясной трэба будзе займацца і добраўпарадкаваннем вёскі. Падрамантаваць агароджу, разбіць клумбы і высадзіць кветкі каля клуба, магазіна, у іншых месцах. У вёсцы, дзе няма школы, сельвыканкама, гэта можна зрабіць толькі намаганнямі жыхароў. Гаспадарка, па магчымасці, дапаможа, але ініцыятыву людзі павінны праяўляць самі.

Прысядзібных участкаў, з густам упрыгожаных двароў, ладных дамкоў у Кавалях даволі многа. Хоць насельніцтва вёскі і складаюць у большасці пажылыя жыхары, кожны стараецца рупіцца пра дабрабыт сваёй гаспадаркі. Ёсць сядзібы ўзорнага парадку. Адна з іх належыць былому работніку саўгаса Сямёну Наўгародскаму. Дом і тэрыторыя, што прылягае да яго, нагадваюць астравок прыгажосці. Радуюць вока малыя архітэктурныя формы, акуратны, з густам зроблены плот, а кветнікі ўжо чакаюць вясны, каб з яе надыходам зацвісці рознымі колерамі.

Такіх утульных, прыгожых сялянскіх гаспадарак у Кавалях нямала. Некаторыя жыхары яшчэ трымаюць кароў, індыкоў, качак і іншую жыўнасць. З кожным годам іх становіцца ўсё менш, але з пачаткам касавіцы звон кос пастаянна чуцен у наваколлі. Гэта значыць, што вёска па-ранейшаму жыве сваімі клопатамі.

МНОГІЯ выхадцы з гэтых мясцін жывуць цяпер далёка ад Пружаншчыны. Лёс раскідаў іх па ўсёй краіне. Дырэктар Баранавіцкага малочнага камбіната Віктар Ракуць расказвае, што за штодзённымі справамі яму не часта выпадае пабываць у старонцы, адкуль ідуць яго карані.

— Многае тут змянілася, — кажа Віктар Іосіфавіч, — аднак калі наведваешся ў родныя мясціны, адчуваеш вельмі трапяткое пачуцце. Хай вёска і не такая, як калісьці, і няма ў жывых яе ўмелых кавалёў, але яна працягвае жыць, і гэта галоўнае.

Апошнім часам ружанскаму краю пачалі надаваць больш увагі. Развіваецца сельгаспрадпрыемства з аднайменнай назвай, прыхарошваецца сам пасёлак. Ружанскі палац, які знаходзіцца тут, часткова рэстаўрыраваны. Яго ўтульныя залы, унікальныя экспанаты ўжо вабяць турыстаў. Усе, хто ні прыязджае сюды, застаюцца ў захапленні ад хараства помніка беларускай гісторыі і культуры.

Пэўна, такія невялічкія вёсачкі, як Кавалі, таксама маглі б займець свае адметныя рысы. Чаму б, напрыклад, не паспрабаваць аднавіць тут кавальскае рамяство, папулярызаваць гэтую справу? Глядзіш, і турыстаў населены пункт будзе прыцягваць, і Кавалі зноў будуць цалкам адпавядаць сваёй гістарычнай назве. Канешне, такая ініцыятыва патрабуе грошай, але не менш важна, каб былі энтузіясты, якія  б ёй захапіліся. Пакуль такіх няма.

ПА СЛОВАХ намесніка старшыні Пружанскага райвыканкама Мікалая Кудраўца, у раёне многае робіцца па развіцці не толькі буйных населеных пунктаў, якія па добраўпарадкаванасці з’яўляюцца аднымі з лепшых на Брэстчыне, але і невялікіх вёсачак — такіх, як Кавалі. Школу тут вымушаны былі зачыніць, паколькі ў ёй навучалася каля двух дзясяткаў хлопчыкаў і дзяўчынак. Цяпер аўтобусам іх дастаўляюць у іншую навучальную ўстанову, дзе ўмовы значна лепшыя.

Аляксандр КУРЭЦ, «СГ»

НА ЗДЫМКАХ: помнік Леніну ў вёсцы берагуць; былы стараста в. Кавалі Сямён НАЎГАРОДСКІ рыхтаваць касу да працы пачынае загадзя; памочнік начальніка ўчастка «Кавалі» Васіль КУЦЯ ў старой кузні, якая ўжо аджыла свой век.

Фота Сяргея ЛАЗЮКА, «СГ»

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter