Сімволіка печы ў народнай традыцыі

У старажытныя часы пасярэдзіне хаты знаходзіўся ачаг, які сімвалізаваў бесперапыннасць жыцця дамачадцаў. Яго ахоўнікамі былі жанчыны. З прыходам хрысціянства і ўзнікненнем неабходнасці малітоўнага распачынання і заканчэння дня ў хаце з’явіўся чырвоны кут. З гэтага часу ўтварылася моцная сілавая дыяганаль: чырвоны кут — печ. Чырвоны кут ў сваім кампазіцыйным рашэнні меў два гарызонты. Ніжні з’яўляўся ўвасабленнем традыцыйнай народнай культуры: там на працягу года захоўваўся сноп-гаспадар, туды на Каляды ставілі куццю, там, схіліўшы галовы, маліліся і дарослыя, і старыя. У верхнім гарызонце была сканцэнтравана сфера духоўна-хрысціянскага жыцця: бажніца з выявамі Дзевы Марыі, Ісуса Хрыста, Мікалая Цудатворца і інш. Менавіта туды, за бажніцу, клалі валасы дзіцяці пасля першага пострыгу, туды маці хавала зямлю, загорнутую у чырвоную хусціну, — адбітак сыновай нагі, калі той ішоў у войска і г.д.

* Тую ж самую двухсастаўную мадэль уяўляла сабой і печ (хаця на самай справе ў структурных адносінах печ мела тры гарызонты: падпечак, вусце і комін). Вусце печы, там дзе варылася ежа, сімвалізавала жыццё. Своеасаблівым сімвалам жыцця, чароўнай жар-птушкай, былі жывыя палаючыя вугалькі: “Поўны засечак красных яечак”, “Поўна карыта золатам наліта”. Іх загортвалі на ноч у спецыяльнае заглыбленне, а раніцай з малітвай віталі і распальвалі новы агонь.  Існавала павер’е: калі за ноч агонь патухаў, то гэта было нядобрым знакам. Агонь у печы тушылі толькі ў выключных сітуацыях: калі ў хаце нехта паміраў або падчас эпідэміі ці мору хатняй жывёлы.
* Каб захаваць дабрабыт сям’і, дбайныя гаспадыні не пазычалі “агню” пасля заходу сонца. Калі трэба было “ажыўляць” новую хату, вугалькі прыносілі з печы старой хаты. Пры першым рытуальным купанні нованароджанага ў ваду клалі дзевяць вугельчыкаў — як надзейны сродак ад сурокаў.
* Печ заўсёды трымалі заслоненай. Асабліва гэта “залатое правіла” выконвалі тады, калі нехта збіраўся ў далёкую дарогу ці жанчыны пачыналі прасці, ткаць і т.д.
* Уважліва сачылі за тым, каб ніхто не садзіўся на печ, пакуль у ёй выпякаўся хлеб. Калі з печы вымалі хлеб, то на яго месца абавязкова клалі адно-два палены, каб “дабрабыт у хаце не пераводзіўся”.
* А яшчэ ў дзень святкавання святой Аўдакеі — у той дзень, калі пачыналі гукаць вясну, з лесу прыносілі сухое галлё і палілі ў печы. Лічылася, што тады вясна будзе хуткай і цёплай.
* Ніжні (падпечак) і верхні (комін)  гарызонты печы былі звязаны са светам (дакладней, цемрай) продкаў. У падпечак вылівалі ваду, якой мылі нябожчыка. Комін лічылі своеасаблівым каналам сувязі з “тым” светам, светам продкаў. Калі чалавек паміраў, то ў печы адчынялі юшку, каб душа (д-ушка, тая самая  юшка) лягчэй пакінула цела і ўзнеслася па коміну на Нябёсы. У дзень ушанавання продкаў  юшку абавязкова адчынялі на ноч, каб душам продкаў было лёгка прыляцець і праведаць сваіх родных. Калі ж пачыналася навальніца, юшку зачынялі, каб засцерагчы хату і дамачадцаў ад нячыстай сілы і перуновых стрэл — маланак.
* Гэты кароткі экскурс у гісторыю традыцыйнай культуры і тлумачэнне сімволікі зон сялянскага жытла даюць магчымасць зразумець сэнс аднаго з самых першых рытуальных дзеянняў гаспадыні ў дзень гукання вясны: навошта першую “галушку” адразу ж кідалі назад у печ. Так, гэта было не што іншае, як абавязковая ахвяра продкам.
Пасля гэтага печыва з павагай складвалі ў кошык, накрывалі ручніком і ставілі на покуці, дзе яно захоўвалася да абеда, пакуль не распачнецца агульнавясковае выкананне абраду.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter