«Сімвал Перамогі»

Сёння «Беларусь 1» пакажа 5-ю серыю праекта «Сімвал Перамогі»

Стваральнікі дзевяцісерыйнага дакументальнага фільма вярнуліся ў мінулае, каб зразумець сучаснае

Сёння на тэлеэкран «Беларусь 1» выходзіць пятая серыя маштабнага дакументальнага праекта Агенцтва тэленавін «Сімвал Перамогі». Нагадаем, прэм’ерны цыкл складаецца з дзевяці фільмаў, якія створаны ў жанры журналісцкага даследавання, пра лёсы помнікаў Вялікай Айчыннай вайны ў савецкі перыяд і пасля развалу СССР.

Дзевяць серый — гэта дзевяць гісторый Вялікай Перамогі кожнай асобна ўзятай краіны.

— Мы вярнуліся ў мінулае, каб зразумець сучаснае. Чаму помнікі і мемарыялы героям Вялікай Айчыннай сыходзяць з краін былога сацлагера? Чаму гісторыю пераварочваюць з ног на галаву? Што адбываецца з нашчадкамі тых людзей, якіх аб’яднала Вялікая Перамога 1945-га? Мы вырашылі паказаць сітуацыі ў дзевяці розных краінах. Без афіцыйных каментарыяў, а проста з дапамогай рэальных герояў: паслухаць успаміны тых, хто ваяваў, ветэранаў і высветліць меркаванні пра вайну моладзі, што яна ведае пра яе ці не ведае наогул. У фільме гісторыі сучаснага пакалення будуць пераплятацца з рэальнымі лёсамі відавочцаў Вялікай Айчыннай. Мы імкнуліся, каб гэтыя дзевяць серый былі цікавыя не толькі пажылым людзям, але і менавіта маладым, — расказаў «Р» адзін з аўтараў сцэнарыя фільма, спецыяльны карэспандэнт АТН Руслан Туркоў.

Журналісты АТН пабывалі ў Расіі, Украіне, Польшчы, Балгарыі, Германіі, краінах Прыбалтыкі. Ім удалося адшукаць прататыпаў самых вядомых помнікаў у свеце. У прыватнасці, чалавека, які пазіраваў скульптару Вучэцічу і стаў прататыпам манумента «Воін-вызваліцель» у берлінскім Трэптаў-парку. Гэта жыхар Тамбова Іван Адарчанка. А ў Барнауле знайшлі Аляксея Скурлатава — правобраз помніка «Алёша» ў Балгарыі.

Дзякуючы журналісцкім даследаванням гледачы даведаліся, куды на самай справе хацелі перавезці з цэнтра Таліна «Бронзавага салдата», чаму загасілі Вечны агонь на галоўным мемарыяле савецкім воінам у Літве, пабывалі на Мамаевым кургане, унутры статуі «Радзіма-маці»...

Пятая па ліку серыя цыкла перанясе гледачоў у Латвію, сённяшнюю і колішнюю, часоў Вялікай Айчыннай.

Нагадаем, праект «Сімвал Перамогі» выходзіць па буднях на тэлеканале «Беларусь 1» у вячэрнім эфіры пасля выпуску «Панарамы».

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter